Інваліднасць – не перашкода для падарожжаў

Кругозор Общество

Нядаўна ў рамках фестывалю “Запалі сваю зорку” валожынскае прадстаўніцтва Беларускай асацыяцыі дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам арганізавала для членаў арганізацыі азнаямленча-навучальную паездку ў Мінск. Падчас візіту група з 35 чалавек, у тым ліку і маладыя людзі з інваліднасцю на калясках, паўдзельнічала ў экскурсіі па сталіцы, здзейсніла паездку на цеплаходзе па Камсамольскім возеры.

У большасці сваёй экскурсанты падарожнічалі па вуліцах і праспектах Мінска ўпершыню, таму ўважліва слухалі экскурсавода, які прывёў мноства цікавых гістарычных фактаў, паказаў адметныя будынкі і помнікі, што адлюстроўваюць мінулае горада ад першага ўспаміну да сучаснасці. Станоўчыя эмоцыі зашкальвалі і ў час воднага ваяжу, і пры наведванні кафэ. Патрэбна адзначыць, што арганізатары паездкі ў першую чаргу клапаціліся пра камфорт сваіх падапечных, таму кожнаму нюансу, пачынаючы ад выбару аўтобуса, заканчваючы распрацоўкай маршруту, надавалася вялікая ўвага.

Наступным пунктам вялікай праграмы значылася наведванне Балдзяржцырка. Білеты на гастрольнае прадстаўленне Маскоўскага цырка Нікуліна на Цвятным бульвары для ўсёй групы набыў пастаянны спонсар дабрачыннай арганізацыі, валожынскі прадпрымальнік Уладзімір Гладчанка (ён жа аплаціў і папярэднюю паездку ў заапарк і дэльфінарый).

Як паведаміла старшыня раённай арганізацыі БелАДДІіМІ Ларыса Шчарбачэвіч, фестываль “Запалі сваю зорку” працягваецца. Наперадзе шмат цікавых інклюзіўных мерапрыемстваў.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ