Час для экскурсій

Общество

Нягледзячы на тое, што на вуліцы лета і ў дзяцей канікулы, выхаванцы Івянецкага дома-інтэрната для дзяцей з асаблівасцямі фізічнага развіцця працягваюць вучыцца. Але адбываецца гэта не ў класах на ўроках, а на экскурсіях і падарожжах па родным краі.

Дзе мы толькі за гэты час не пабывалі! Яшчэ ў першы дзень лета па запрашэнні старшыні райвыканкама цэлы дзень знаёміліся з Валожынам і яго славутасцямі. Потым неаднаразова бывалі ў Мінску, наведвалі Вілейскі раён, Салігорск, падарожнічалі па нашым раёне. Ну і, канешне ж, больш за ўсё разам са сваімі выхавацелямі мы вандруем па Івянцы і наваколлі.

Напярэдадні Дня Незалежнасці ўскладалі кветкі на магілы ветэранаў вайны, наведалі помнікі загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай. Схадзілі мы ў пажарную аварыйна-выратавальную часць і на аўтазаправачную станцыю, на спартыўную пляцоўку сярэдняй школы, у будаўнічы магазін “5 майстроў”, дом міласэрднасці Свята-Ефрасіннеўскай царквы, знаёміліся з гісторыяй старажытнага Івянца прама на яго вуліцах. Цікава было зноў акунуцца ў хараство мясцовай прыроды, надвор’е спрыяла гэтаму. А ў адну з нашых экскурсій мы нават збіралі ліпавы цвет, які потым будзем выкарыстоўваць для прыгатавання лячэбнага чаю.

Упэўнены, яшчэ не аднойчы гэтым летам мы даведаемся на экскурсіях шмат новага.

Андрэй КЛОК,

вучань 10 класа

Івянецкага дома-інтэрната для дзяцей з асаблівасцямі фізічнага развіцця