Рэгіянальныя навіны ад Наталлі ШТЭЙНЕР

Региональные новости

Тэл.: 67079, Velcom 3933728 nshtejner@mail.ru

Намеснікам старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама прызначаны Дзмітрый Казіміравіч КАРАЧУН.

Д. Карачун нарадзіўся 5 кастрычніка 1981 года. Сваю працоўную дзейнасць пасля заканчэння ВНУ ў 2004 годзе пачынаў настаўнікам біялогіі ў Яршэвіцкай сярэдняй школе. Апошняе месца работы – намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце СШ № 1 райцэнтра. З гэтай пасады і быў пераведзены на новую.

Сем’ям, дзе выхоўваюцца трое і больш дзяцей, прадугледжана адначасовая матэрыяльная дапамога да пачатку новага навучальнага года на кожнага школьніка незалежна ад даходаў бацькоў. Яе памеры вызначае мясцовая ўлада. У краіне такую дапамогу атрымаюць амаль 100 тысяч сем’яў. Максімальны памер – 82 рублі.

У нашым раёне такіх сем’яў больш за 500 і дапамогу ў памеры 65 рублёў атрымаюць прыкладна на 1150 школьнікаў. Рэальныя лічбы будуць удакладнены пазней. Большасць сем’яў ужо атрымалі выдзеленыя грошы.

30 маладых лейтэнантаў папоўнілі армейскую сям’ю воінскай часці № 30695.

Большасць з іх выпускнікі Беларускай ваеннай акадэміі, розных вядучых вышэйшых навучальных устаноў краіны, дзе ёсць спецыяльныя ваенныя факультэты, а таксама Чарапавецкага вышэйшага ваеннага інжынернага вучылішча радыёэлектронікі і ваеннай касмічнай акадэміі імя Мажайскага. Расійскія ўстановы скончылі 6 маладых спецыялістаў з 30-і. Дарэчы, упершыню за апошнія гады сярод навічкоў няма ніводнага нашага земляка.

Рашэннем Мінскага аблвыканкама ўстаноўлены тэрміны збору, нарыхтоўкі і закупкі дзікарослых ягад.

З 12 жніўня дазваляецца збіраць брусніцы, а з 8 верасня – журавіны.

Нямногія ведаюць, што Валожынскі хлебазавод не належыць ужо райспажыўтаварыству. Не так даўно ў яго новы гаспадар – гандлёвае ўнітарнае прадпрыемства “Аблкаапгандаль”. Між тым, прадпрыемства працягвае выпускаць самыя смачныя батоны і знакаміты чорны хлеб, які ў народзе завуць “кірпічык”. Практычна захаваўся асартымент і ў кандытарскім цэху. Праўда, дабавілася і новая прадукцыя.

 У кандытарскім цэху, дзе працуюць 4 чалавекі, запусцілі новую лінію. А ўжо ў ліпені асвоілі новыя віды пячэння. Аматары выпечкі паспелі пакаштаваць “Пячэнне цукарнае. Смак дзяцінства. Мядовае”, пячэнні “Уплятайка”, “Шампіньёны”, “Забава”, “Апетытнае”, “Да чаю” і “Юнацтва”. Большасць новых відаў прадукцыі мае тэрмін годнасці 5 месяцаў, некаторыя – 2 месяцы.

Кацельня ў аграгарадку Гародзькі, якая ацяпляе мясцовыя ўстановы адукацыі, з новага ацяпляльнага сезона пераведзена на іншы від паліва.

Работы пачаліся яшчэ ў канцы мінулага ацяпляльнага перыяду. У кацельні ўстаноўлены два пілетныя катлы магутнасцю 400 кВт кожны. Да гэтага яна працавала на дровах. Цяпер падача паліва аўтаматызавана. Абслугоўваць абсталяванне будзе адзін чалавек, раней працавалі 4 качагары.

6-7 жніўня прайшоў ХІ Міжнародны фестываль фальклору “Мотальскія прысмакі”, у якім прымаў удзел ансамбль польскай песні “Івянчанка” Івянецкага гарпасялковага аддзела грамадскага аб’яднання “Саюз палякаў на Беларусі”.

“Івянчанка” была ў складзе творчай дэлегацыі апарату ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей. Без перабольшвання, нашы галасістыя прыгажуні-пявунні былі самымі каларытнымі ў дэлегацыі, іх выступленні на працягу двух дзён на самых розных пляцоўках Моталя праходзілі “на ўра”. Іванаўскі райвыканкам узнагародзіў ансамбль Дыпломам за захаванне традыцыйнай культуры, фальклору і за ўдзел у фестывалі.

Клубныя ўстановы раёна падчас уборачнай кампаніі радуюць удзельнікаў жніва невялікімі змястоўнымі канцэртамі, ствараюць героям уборкі добры настрой.

Любая пляцоўка – поле, зерняток, сталовая – становіцца імправізаванай сцэнай. Па даных на 11 жніўня, у гаспадарках адбыліся ўжо 26 выязных канцэртаў.

Пісьменніца Данута Бічэль-Загнетава падарыла музею гісторыі касцёла і жыццядзейнасці ксяндза Уладыслава Чарняўскага ў Вішневе свае новыя кнігі.

На зборніку “Гускі вяртаюцца” аўтарка зрабіла надпіс. Таксама яна падзялілася ўспамінамі пра самога святара і падарожжа ў Вішнева.