Старшыня райвыканкама Яўген Круковіч: «Наша сіла – у адзінстве. Разам па плячы любыя горы»

2021 - Год народнага адзінства Главное Общество Официально

Жнівень адзначыўся шэрагам важных сустрэч Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі. На адной з іх – з актывам мясцовай вертыкалі, дзе абмяркоўваліся пытанні грамадска-палітычнага становішча ў краіне, – пабываў старшыня раённага выканаўчага камітэта. У гэтым інтэрв’ю мы папрасілі Яўгена Міхайлавіча падзяліцца ўражаннямі ад мерапрыемства і расказаць пра галоўныя тэмы, узнятыя ў размове кіраўніком дзяржавы.

– Яўген Міхайлавіч, на чым акцэнтаваў увагу Прэзідэнт? Якія задачы сёння стаяць перад старшынямі райвыканкамаў?

– «Нам трэба выстаяць. Толькі так зможам перадаць будучым пакаленням нашу Беларусь – сацыяльную, высокатэхналагічную, экалагічную краіну з развітымі прамысловасцю, энергетыкай і сельскай гаспадаркай, моцнымі рэгіёнамі», – сказаў у пачатку размовы Прэзідэнт. У рамках сустрэчы былі абмеркаваны пытанні антысанкцыйнай палітыкі, сітуацыі ўздоўж беларускіх межаў, інфармацыйнай вайны і экстрэмізму, гарантавання грамадзянам бяспекі і правапарадку, захавання каштоўнасцяў беларускага народа і многае іншае. Увогуле ж, арганізаванае для кіраўнікоў выканкамаў мерапрыемства можна назваць своеасаблівай карэкціроўкай дзеянняў у сучасных рэаліях. Нам важна выпрацаваць далейшую канкрэтную стратэгію развіцця рэгіёнаў. А яна грунтуецца, у першую чаргу, на стабільнай і эфектыўнай рабоце арганізацый і прадпрыемстваў. Пандэмія ў мінулым годзе істотна пахіснула ўсе сферы жыццядзейнасці рэгіёна. Тым не менш, яна ж навучыла нас засяроджвацца на галоўных задачах і канцэнтраваць сілы, каб дасягнуць належнага выніку. Мы і працоўныя месцы захавалі, і рэнтабельнасць эканомікі не страцілі. Яшчэ раз дзякую ўсім жыхарам Валожыншчыны за тое, што мы разам пераадолелі цяжкасці і працягваем рабіць добры зачын на будучыню.

– Супраць Беларусі развязана сапраўдная гібрыдная вайна. Вочы грамадзян замылены фейкамі і плёткамі, Захад наравіць “падкінуць”  санкцый…

– Галоўная мэта ўсіх гэтых санкцый і фейкаў – пакінуць людзей без пенсій, заробкаў, дапамог, медыцынскага абслугоўвання, выклікаць незадаволенасць беларусаў і, як след, ускалыхнуць новую хвалю стачак і пратэстаў. Паддадзімся на правакацыі – страцім дзяржаву і сябе як нацыю. Рытарычнае пытанне: можам мы сабе такое дазволіць?..

З іншага боку, Аляксандр Рыгоравіч мудра заўважыў: на сваім вопыце мы даўно ўжо пераканаліся, што любыя абмежаванні – гэта дадатковы шанц для раскрыцця ўнутраных рэзерваў. Як адзначыў Прэзідэнт, цяпер самы час паглыблена заняцца імпартазамяшчэннем. Гэта важнейшае пытанне для эканомікі краіны.

Да таго ж урадам выпрацаваны і прыняты да рэалізацыі комплекс антысанкцыйных мер. Не засталіся ў баку і простыя  людзі, іх галасы пачуты ў Еўропе. Упэўнены, ўсё гэта ў комплексе дасць свой эфект.

– У час сустрэчы прагучала думка, што хтосьці вельмі хоча, каб беларусы назаўжды страцілі сваю ідэнтычнасць і завяршылі шлях як нацыя. Падобнае Беларусь ужо праходзіла ў гады Вялікай Айчыннай, як бачым, гісторыя зрабіла новы віток і паўтараецца. На Ваш погляд, як лепш процістаяць гэтаму?

– Валожыншчына багатая на гістарычныя падзеі, на знакамітых землякоў. Лічу, што немагчыма знішчыць памяць пакаленняў беларусаў, якія берагуць і захоўваюць спадчыну Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Фердынанда Рушчыца, Канстанцыі Буйло, Хведара Чэрні, Пятра Біталя, Уладзіслава Чарняўскага і многіх іншых людзей, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё не толькі беларускай, але і сусветнай культуры.

Сапраўды, сёння мы бачым спробы перапісаць гісторыю Вялікай Айчыннай вайны. Нам важна захаваць праўду пра зверствы фашызму і подзвіг герояў. Важна, каб фашысцкія сімволіка і ідэалогія ніколі не адрадзілася на нашай зямлі. Многае ў гэтым залежыць ад выхавання ў сям’і. Памятаеце, як дзядулі і бабулі расказвалі нам пра жахі вайны? Раскажыце гэта сваім дзецям і ўнукам. Прывядзіце іх да помнікаў і абеліскаў. Адвязіце ў спаленае Кражына… А яшчэ раскажыце пра сілу духу савецкага народа, які перамог у найцяжэйшых умовах і з вялізнымі стратамі. Пра шахцёра-перадавіка Аляксея Стаханава і першага касманаўта Юрыя Гагарына.Не забудзьце ўспомніць і пра яго паслядоўніка-беларуса з Чэрвеньшчыны, Героя Расійскай Федэрацыі Алега Навіцкага… Вось гэты гонар і сілу духу мы павінны перадаваць з пакалення ў пакаленне. Нам ёсць і будзе чым і кім ганарыцца!

–Гаварыў Прэзідэнт і пра тое, кім насамрэч з’яўляюцца “барацьбіты з рэжымам”. Чым запомніўся жнівень мінулага года асабіста Вам?

– Беларускі лідар спыніўся на дзейнасці асобных камерцыйных арганізацый, якія выступалі за перамены за кошт дзяржавы. Кіраўнікі гэтых прадпрыемстваў самі актыўна ўдзельнічалі ў незаконных мітынгах і маршах, выпускалі пратэстную сімволіку, плацілі за выхады людзей на вуліцы, заклікалі да супрацьпраўных дзеянняў. Мірам падчас “мірных” акцый і не пахла! Людзьмі кіравалі раптоўна навязаныя дэструктыўнымі тэлеграм-каналамі пратэстныя ідэі на фоне агульнай псіхалагічнай падаўленасці. Ад такога эмацыйнага фону да агрэсіі – адзін крок. І многія яго рабілі, а потым на шырокую публіку яшчэ і абураліся, што за парушэнне закону давялося адказваць. Да гонару, валожынцы, за нязначным выключэннем, праявілі сябе людзьмі разважлівымі, мудрымі, здольнымі правільна аналізаваць сітуацыю і вызначаць прыярытэты. Нягледзячы на актыўнае ўнушэнне звонку, у нас не спыніла дзейнасць ні адно прадпрыемства, ні адна арганізацыя ці ўстанова. Я рад, што дух нацыянальнага адзінства аказаўся для нашых жыхароў бліжэйшы, чым шчодра прапагандуемыя ворагамі Беларусі ідэі тэрору і пагромаў.

– Адзін з агучаных падчас сустрэчы вектараў развіцця – стваральная праца. Што чакае валожынцаў у бліжэйшай будучыні?

— Сёння мы ўзводзім жылыя дамы ў горадзе і населеных пунктах, рупліва ўбіраем ураджай, добраўпарадкуем вуліцы і дваровыя тэрыторыі. Мы вядзём рэканструкцыю хірургічнага корпусу раённай бальніцы, правялі чарговы этап упарадкавання спартыўнага стадыёну ў мікрараёне Сельгастэхніка райцэнтра і ўстанавілі там антывандальныя трэнажоры. Мы ўстанаўліваем дзіцячыя гульнявыя пляцоўкі і прыводзім у парадак месцы масавага адпачынку… Дзякуючы сумесным намаганням мы ствараем і развіваем наш край. Канешне, у кожным рэгіёне, у тым ліку і ў нашым раёне, маюць месца пэўныя праблемныя пытанні, якія суправаджаюцца скаргамі. Як падкрэсліў Прэзідэнт, для кожнага чыноўніка павінна быць прыярытэтным своечасовае і адэкватнае рэагаванне на звароты грамадзян і іх папярэджанне. Толькі ў гэтым выпадку людзі адчуюць, што знаходзяцца пад абаронай дзяржавы.

Сёлета 17 верасня мы ўпершыню будзем адзначаць новае дзяржаўнае свята – Дзень народнага адзінства. Як яго адзначаць на Валожыншчыне?

— Пастараемся зрабіць так, каб гэта свята запомнілася як сапраўдны дзень яднання ўсіх жыхароў і гасцей нашага раёна незалежна ад узросту і прафесіі. Дата 17 верасня выбрана не выпадкова, яна прымеркавана да вызваленчага паходу Чырвонай арміі ў Заходнюю Беларусь у 1939 годзе і сімвалізуе непахіснасць тэрытарыяльнай і этнічнай кансалідацыі беларускай нацыі. Наша агульная задача – умацоўваць заснаванае на маральных каштоўнасцях, узаемнай павазе, шанаванні традыцый і гісторыі адзінства. Бо беларускі народ, нягледзячы на сур’ёзныя знешнія выклікі і пагрозы, адзіны ў выбары стратэгічнага курсу на развіццё моцнай, суверэннай і квітнеючай краіны.

Гутарыў Сяргей САДОЎСКІ