Міклашэвіч: парадак фарміравання УНС абмяркуюць на пасяджэнні Канстытуцыйнай камісіі з удзелам Прэзідэнта

VI Усебеларускі народны сход Важное Главное

Парадак фарміравання Усебеларускага народнага сходу абмяркуюць на пасяджэнні Канстытуцыйнай камісіі з удзелам Прэзідэнта. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам старшыня Канстытуцыйнага суда, старшыня Канстытуцыйнай камісіі Пётр Міклашэвіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

«Ужо адбылося шэсць Усебеларускіх народных сходаў. На УНС было шырокае прадстаўніцтва як дэпутацкага корпуса, так і грамадска-палітычных сіл. Закон рэгламентуе права вылучэння і ад партый, і ад грамадскіх арганізацый. Усебеларускі народны сход выступаў у якасці дарадчага органа, цяпер ён ўжо будзе мець пэўныя канстытуцыйна-ўладныя паўнамоцтвы. І адпаведна тут парадак фарміравання неабходна вельмі ўзважана і ўважліва прадумаць, — сказаў Пётр Міклашэвіч. — Таму сёння ішла шырокая дыскусія — пакінуць ранейшы парадак фарміравання Усебеларускага народнага сходу, таксама прапаноўваліся іншыя варыянты. Канчатковы варыянт яшчэ не вызначаны. Якраз розныя пункты гледжання будуць выказаны на пасяджэнні Канстытуцыйнай камісіі з удзелам кіраўніка дзяржавы».

Старшыня КС дадаў: «З аднаго боку, гэты орган павінен быць з шырокім прадстаўніцтвам народа. Сама назва аб гэтым сведчыць — Усебеларускі народны сход. З іншага боку, павінен быць дасканалы адбор дэлегатаў УНС, паколькі ім давядзецца вырашаць канстытуцыйна значныя пытанні развіцця нашай краіны, развіцця грамадства і дзяржавы».