Матдапамогу да школы па дзяржпраграме ўжо атрымалі больш за 73 тыс. шматдзетных сем’яў

Общество

Матэрыяльную дапамогу да школы ўжо атрымалі больш за 73 тыс. шматдзетных сем’яў. Аб гэтым паведаміла сёння на прэс-канферэнцыі «Адна краіна — адна сям’я. Асноўныя напрамкі дзяржаўнай сямейнай палітыкі ў Рэспубліцы Беларусь» начальнік упраўлення народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Марына Арцёменка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У Беларусі поўным ходам ідзе падрыхтоўка да новага навучальнага года. Задзейнічаны самыя розныя віды падтрымкі сем’яў з дзецьмі, якім неабходна дапамагчы сабраць дзіця ў школу.

«Кожная шматдзетная сям’я атрымае матэрыяльную дапамогу да школы па дзяржпраграме «Здароўе народа». Памер яе складае да 30 працэнтаў бюджэту пражытачнага мінімуму, але канкрэтны памер устанаўліваецца рэгіёнамі з улікам іх фінансавых магчымасцей. Па стане на 16 жніўня такую дапамогу ўжо атрымалі 73 тыс. шматдзетных сем’яў для 145 тыс. дзяцей на суму больш за Br10 млн», — расказала Марына Арцёменка.

Гэта значыць, ужо каля 70 працэнтаў шматдзетных сем’яў Беларусі атрымалі такую дапамогу.

Вядома, дапамога аказваецца і з іншых крыніц. Гэта і адрасная сацыяльная дапамога, і сродкі прафсаюзаў, саміх арганізацый-наймальнікаў бацькоў. «З розных крыніц дапамога на падрыхтоўку дзяцей да навучальнага года ўжо аказана на суму больш за Br15 млн», — дадала Марына Арцёменка.