Мінюст нагадаў, як уберагчыся ад нядобрасумленных рыэлтараў

Общество

Канец лета — самы хадавы час на рынку здымнага жылля. Нараўне з добрасумленнымі агенцтвамі працуюць і тыя, у якіх метады аказання паслуг далёкія ад законных. Менавіта з-за іх дзеянняў фарміруецца негатыўнае меркаванне аб рабоце рыэлтарскіх арганізацый у цэлым. У сувязі з гэтым Міністэрства юстыцыі тлумачыць спажыўцам правілы, якія дадуць магчымасць уберагчыся ад нядобрасумленных рыэлтараў, паведамляе БЕЛТА.

Па-першае, у рэкламе аб’екта нерухомай маёмасці, які прапануецца рыэлтарскай арганізацыяй, абавязкова павінны быць пазначаны найменне гэтай арганізацыі, уліковы нумар плацельшчыка, нумар і дата выдачы ліцэнзіі, нумар і дата заключэння дагавора на аказанне рыэлтарскіх паслуг у адносінах да рэкламуемага аб’екта. Калі ж рэклама аб’екта размешчана ад імя фізічнай асобы, у тым ліку ўласніка, а ў выніку спажывец размаўляе з пасрэднікам — гэту рэкламу лепш абмінуць, якім бы прывабным ні быў аб’ект.

Па-другое, тыя асобы, якія зацікавіліся рэкламуемым ад імя рыэлтарскай арганізацыі аб’ектам, не абавязаны заключаць дагавор з гэтай арганізацыяй і аплачваць яе паслугі. Прапануючы рэкламуемы аб’ект нерухомай маёмасці патэнцыяльным наймальнікам, рыэлтарская арганізацыя дзейнічае ў рамках ужо заключанага дагавора з уласнікам гэтага аб’екта, выконваючы перад ім свае абавязацельствы. Растлумачэнні агентаў аб тым, што «рэкламуемая кватэра сапраўды прапануецца ў наём, але каб яе паглядзець, трэба заключыць дагавор і аплаціць паслугі агенцтва» неправамерныя.

Па-трэцяе, калі спажывец не гатовы сам займацца пошукам прыдатнага жылля, а мае патрэбу ў паслугах пасрэдніка, яму неабходна звярнуцца з рыэлтарскую арганізацыю і заключыць дагавор на аказанне адпаведных паслуг. Ён заключаецца ў пісьмовай форме і складаецца не менш як у двух экзэмплярах, адзін з якіх абавязкова выдаецца спажыўцу. У дагаворы трэба дакладна прапісаць тыя паслугі, за аказаннем якіх спажывец звярнуўся. Напрыклад, калі для пошуку прыдатнага жылля спажывец вырашыў заключыць дагавор на аказанне паслугі па прадастаўленні інфармацыі аб прапануемых у наём аб’ектах нерухомай маёмасці, то ў такім дагаворы трэба прадугледзець, аб якіх менавіта аб’ектах спажывец хоча атрымаць інфармацыю: кватэра або пакой, месцазнаходжанне, кошт арэнднай платы і г.д. Па такім дагаворы рыэлтарская арганізацыя павінна прадставіць спажыўцу інфармацыю аб здачы ў наём менавіта тых аб’ектаў, якія адпавядаюць указанаму ў дагаворы апісанню. У Мінюсце падкрэслілі, што па дагаворы на аказанне паслугі па прадстаўленні інфармацыі аб прапануемых у наём аб’ектах спажывец аплачвае толькі атрыманне гэтай інфармацыі. Гэта значыць аплата праводзіцца да таго, як ён знайшоў сабе прыдатную кватэру.

Тыя спажыўцы, якія маюць патрэбу ў дапамозе ў пошуку жылля, але асцерагаюцца, што прадстаўленая ім інфармацыя будзе недакладнай, могуць скарыстацца такой рыэлтарскай паслугай, як падбор варыянта здзелкі з аб’ектам. У гэтым выпадку арганізацыя прымае на сябе абавязацельства не прадаставіць інфармацыю, а менавіта падабраць для спажыўца аб’ект, які адпавядае яго пажаданням. Аплачваецца гэта паслуга па факце падбору жылля. Яе кошт не адрозніваецца ад кошту паслугі па прадастаўленні інфармацыі аб прапануемых у наём аб’ектах нерухомай маёмасці і складае 5 базавых велічынь.

Па-чацвёртае, пасля заключэння дагавора са спажыўцом ад імя рыэлтарскай арганізацыі павінен працаваць толькі рыэлтар і агент па аперацыях з нерухомай маёмасцю. Дыспетчар, менеджар, іншыя спецыялісты такога права пазбаўлены. Дакументам, што засведчвае права рыэлтара або агента на аказанне рыэлтарскіх паслуг, з’яўляецца ідэнтыфікацыйная пластыкавая картка, якая павінна прад’яўляцца па патрабаванні спажыўца. Яна змяшчае прозвішча, імя, імя па бацьку, пасаду спецыяліста і яго фатаграфію, найменне рыэлтарскай арганізацыі, у штаце якой знаходзіцца спецыяліст, рэквізіты ліцэнзіі гэтай арганізацыі, серыю і нумар карткі. Аказанне паслуг без такой карткі забаронена.

Нарэшце, па-пятае, у абавязковым парадку трэба патрабаваць выдачу дакумента, які пацвярджае ўнясенне платы за паслугі. У тым выпадку, калі паслугі не аказаны, аплачаныя пры заключэнні дагавора грашовыя сродкі павінны быць вернуты.

Павышэнне прававой дасведчанасці спажыўца ўскладніць доступ да аказання рыэлтарскіх паслуг асобам, якія працуюць нядобрасумленна, упэўнены ў Мінюсце.