У НОВЫМ ЦЭНТРЫ…

Спорт

Філіял фізкультурна-аздараўленчага цэнтра “Надзея” пад назвай “Здароўе” плануецца адкрыць на першым паверсе сацыяльнага дома № 47а, што знаходзіцца па вуліцы Чапаева ў мікрараёне Сельгастэхніка.

У адпаведнасці з рашэннем райвыканкама для гэтага было выдзелена памяшканне. У адным з пакояў размешчана інфрачырвоная саўна, сухая пара якой вельмі карысная для прафілактыкі прастудных захворванняў як у дарослых, так і ў дзяцей. Ёсць прапанова выкарыстаць другі пакой як манікюрны і педыкюрны кабінет. Але пакуль гэта пытанне толькі абмяркоўваецца, шукаюць спецыяліста па манікюру і педыкюру.

Пра тое, што ўжо зроблена ў філіяле, і пра планы на будучае расказала дырэктар ФАЦ “Надзея” Аксана Аляксандраўна Гладчанка:

– Хацелася б прапанаваць валожынцам такія паслугі, якіх дагэтуль не было, каб і кліенты пайшлі адразу, і карысць хутка адчулі. Напэўна, таму так доўга спрачаемся, абмяркоўваем. Поўнасцю завершаны рамонт у санвузле, раздзявалцы і кабінетах. Абліцовачнымі работамі, устаноўкай электрычнага бойлера і сучаснай душавой кабінкі займалася РБУ. На ўсё гэта затрачана каля 12 мільёнаў рублёў. Сцены фарбавалі самі работнікі цэнтра. Ужо набыта і ўстаноўлена інфрачырвоная саўна коштам каля 50 мільёнаў рублёў. Зараз плануем даабсталяваць пакой адпачынку, мэблю, на якую выдаткавана 5 мільёнаў 200 тысяч рублёў, заказалі ў ПВГУП “Мэбля ЛЕЎ”. Наступным крокам стане набыццё тэлевізара. Магчыма, у філіяле “Здароўе” адкрыецца і фітабар, дзе наведвальнікам будуць прапанаваны фітачаі з найбольш карысных збораў траў.

Святлана СУХАДОЛЕЦ.

 



Добавить комментарий