У радах герояў хлебнай нівы – папаўненне

Аграрный сектор и промышленность

1000 тон перавезенага ўраджаю ў механізатара-вадзіцеля КСУП «Гародзькаўскае» Дзяніса МАКЕЯ.

Па стане на 19 жніўня ў гаспадарках раёна ўбрана 15435 гектараў, ці 71% плошчаў зерневых культур. Намалочана 43364 тоны збожжа. Сярэдняя ўраджайнасць складае 28,1 цэнтнера з гектара.

Пералік прозвішчаў перадавікоў сёлетняй уборачнай кампаніі працягвае пашырацца. На мінулым тыдні прадстаўнікі райвыканкама і раённага камітэта работнікаў аграпрамысловага комплексу ўзнагародзілі Падзякамі кіраўніка Валожыншчыны і падарункамі механізатара-вадзіцеля КСУП «Гародзькаўскае» Дзяніса Макея, камбайнерскі экіпаж КСУП «Валожынскае» ў складзе Івана Сабалеўскага і Сяргея Інфаровіча за намалочаныя (перавезеныя) 1000 тон ураджаю. На бягучым тыдні ўзнагароды плённай працай заслужылі пяршайскія камбайнеры Дзмітрый Гуд і Яўген Ражок, экіпаж Аляксандра Харужыка і Аляксандра Арлаўца, камбайнер Мікалай Жызнеўскі з КСУП «Валожынскае», а таксама вадзіцелі гэтай жа гаспадаркі Аляксандр Абрамчык і Павел Шамрук.

У ліку перадавікоў – камбайнеры з КСУП «Валожынскае» Іван САБАЛЕЎСКІ і Сяргей ІНФАРОВІЧ (у цэнтры). Павіншавалі іх старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Вікенцій АДАМОВІЧ і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ірына ЖДАНЮК.

Варта адзначыць, што некалькі дзён таму раён наведаў старшыня Мінскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Міхаіл Бода. Ён наведаў пяршайскія жытнёвыя палеткі і за высокія паказчыкі на жніве ўзнагародзіў камбайнераў Аляксандра Ліпеня і Уладзіміра Быкоўскага.

Сяргей САДОЎСКІ

Фота прадастаўлена

райкамам прафсаюза работнікаў АПК