Зборы – згодна з планам

Общество

Падрыхтоўка да школы… Гэты працэс хвалюе кожнага, хто мае дзяцей адпаведнага ўзросту.  Канешне, цяперашнім сем’ям не даводзіцца сустракацца з дэфіцытам тых ці іншых тавараў і ў выніку ажыццяўляць пакупку без выбару. Аднак шырокі асартымент  часта толькі дабаўляе хвалявання і занепакоенасці. Ды і цэны на кожную дробязь у наш час, так бы мовіць, кусаюцца. Як жа выйсці са складанага працэсу  з мінімальнымі грашовымі і эмацыянальнымі стратамі? Такое пытанне мы штогод асвячаем на старонках нашай газеты. На гэты раз з уласным падыходам да збораў дзяцей у школу нас пазнаёміць сям’я БАЦЯН з Валожына.

Настаўнік фізікі і інфарматыкі СШ № 2 Вераніка Іванаўна, інжынер інспекцыі нагляду і прафілактыкі РАНС Аляксандр Сяргеевіч, васьмікласнік Іван і другакласніца Ганна жывуць у прыватным доме па вуліцы Светлай. У дружнай сям’і пануе імі самімі ўстаноўлены закон: радасці і турботы павінны дзяліцца на ўсіх. Таму і клопаты перад першым школьным днём – агульныя.   

Дакладныя і скрупулёзныя дарослыя прывучылі да такой жа акуратнасці ва ўсіх справах, у тым ліку і ў планаванні, сваіх нашчадкаў. Яшчэ ў самым пачатку канікул пачынаецца павольная, але няўхільная работа над чымсьці накшталт каштарысу расходаў. Хоць Вераніка Іванаўна і прызнаецца, што з дзяцінства любіць як мага хутчэй вырашаць любую праблему, каб затым у спакойнай атмасферы працягваць камфортнае існаванне, усё ж прыродная ашчаднасць і гаспадарлівасць не дазваляюць маладой жанчыне дзейнічаць імпульсіўна.  Перш чым будзе складзены адзіны спіс пакупак, Іван і Ганна працуюць над уласнымі запытамі. Разам з матуляй яны аналізуюць мінулагодні гардэроб, высвятляюць стан канцтавараў. Вераніка Іванаўна, якой падуладны і ніткі з іголкамі, і швейная машына, здольна даць другое жыццё старой рэчы і давесці да належнага выгляду новую. Таму далёка не ўсе прадметы адзення набываюцца кожны год, а абновы сядзяць на юнаку і дзяўчынцы ідэальна. Тата ж заўсёды гатовы даць параду, не шкадучы сіл разам з жонкай і дзецьмі шукаць патрэбную рэч у час паездак па магазінах, ну і, вядома ж, фінансаваць школьны шопінг.

У гэтай сям’і турботы, звязаныя з падрыхтоўкай да школы,  – ужо ўчарашні дзень. Апошнія тыдні лета актыўныя, дружныя дарослыя і дзеці вырашылі прысвяціць хатнім справам, адпачынку на прыродзе і экскурсійным паездкам.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

 фота аўтара