Рэгіянальныя навіны ад Наталлі ШТЭЙНЕР

Региональные новости

 

Тэл.: 67079, Velcom 3933728 nshtejner@mail.ru

У рамках мерапрыемстваў, прысвечаных Году народнага адзінства, 14-15 жніўня на мемарыяльным комплексе “Курган Славы” Камітэт па сельскай гаспадарцы і харчаванні Мінскага аблвыканкама арганізаваў культурна-масавае мерапрыемства. У выхадныя дні там можна было ўбачыць выставу сельскагаспадарчай тэхнікі, племянной жывёлы. Была арганізавана выстава-продаж і дэгустацыя прадукцыі сельгас- і перапрацоўчых прадпрыемстваў, канцэрт мастацкай самадзейнасці.

 Валожыншчыну прадстаўляла дэлегацыя ў складзе 25 чалавек, куды ўвайшлі прадстаўнікі ўсіх сельгаспрадпрыемстваў, прафсаюзныя лідары і актывісты, работнікі культуры. З іх дапамогай быў абсталяваны багаты “Валожынскі падворак” са стравамі нацыянальнай кухні, якія высока ацанілі госці свята. Фермерская гаспадарка “Дзіўны сад” выдзеліла яблыкі, грушы і слівы, якімі частавалі наведвальнікаў падворка, а работнікі Суднікаўскага сельскага Дома культуры – беларускімі прысмакамі. У канцэртнай праграме браў удзел народны ансамбль народнай песні “Сваякі”. Асобна сваёй прадукцыяй гандляваў Валожынскі льнокамбінат.

Субота, 14 жніўня, была даволі насычанай на мерапрыемствы рознага зместу. Адно з іх – адкрыццё новай выставы маладога мастака-баталіста, ураджэнца Валожына Уладзіміра Сайко ў раённай бібліятэцы, дзе на другім паверсе працуе яго галерэя.

Мастака цікавяць гістарычныя падзеі, якія ён разглядае праз прызму роднай Валожыншчыны. Але сваёй майстэрняй лічыць усю Беларусь. Адна з апошніх работ увекавечана на 75-і квадратных метрах на будынку бібліятэкі. А работы мастака знаходзяцца ў калекцыях аматараў жывапісу ў 25 краінах свету. Сюжэт пра выставу і дзейнасць У. Сайко 15 жніўня прайшоў на канале АНТ. Сам мастак занатаваны падчас работы на плошчы Свабоды.

Новая ганлёвая кропка прапісалася ў невялікім будынку былога магазіна “Эдэльвейс” (ля гарадской лазні). На мінулым тыдні тут адкрылася фірменная крама ААТ “Гарадзейскі цукровы камбінат”.

Акрамя ўласнай прадукцыі, там гандлююць мяснымі вырабамі Сноўскага агракамбіната. З іх прадукцыяй валожынцы раней былі знаёмы толькі па чутках. З часам абяцаюць разнастаіць асартымент малочнымі і іншымі прадуктамі.

Гэтым летам дастаткова экскурсантаў наведваюць угоддзі Рэспубліканскага ландшафтнага заказніка “Налібоцкі”. Асаблівай папулярнасцю карыстаецца новы веласіпедны маршрут.

Групу да 15 чалавек аснашчаюць веласіпедамі і… паехалі 18 кіламетраў па лясных сцежках. Кальцавы маршрут пачынаецца ад глушцовага гадавальніка і заканчваецца там. Экскурсанты за гэты час могуць пабачыць тарпанаў, пазнаёміцца з раслінным светам пушчы, яе прыгожымі мясцінамі і атрымаць асалоду ад чыстага паветра. Маршрут надзвычай запатрабаваны ў мінчан. Таксама шмат аматарў водных экскурсій на байдарках. Дарэчы, з пачатку года экалагічны турызм прынёс даход у 27 тысяч рублёў пры гадавым плане 30 тысяч.

Новая экспазіцыя з’явілася ў парафіяльным музеі “Гісторыі Вішнеўскага касцёла і жыццядзейнасці ксяндза У. Чарняўскага”.

 На сцяне размешчаны партрэты ксяндзоў, якія вялі і вядуць службу на беларускай мове. Ксёндз Артур Ляшнеўскі падараваў сутану (адзенне), а таксама рэлігійную літаратуру, Імшал на беларускай мове, выдадзены ў 1995 годзе.

Лета было шчодрым на ўраджай новых кніг членаў народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” РЦК.

 Убачыў свет другі па ліку зборнік дырэктара Пугачоўскага СДК Наталлі Жызнеўскай “Адно каханне на дваіх”, дзе, акрамя вершаў, прадстаўлена і проза аўтара. Першы ўласны зборнік вершаў “Нататкі з бацькоўскай хаткі” трымае ў руках адна з маладых аўтараў Юлія Арцюкевіч (Садовая), выпускніца СШ № 2 райцэнтра. Раней яе вершы былі змешчаны ў калектыўных зборніках “Маладыя галасы Валожыншчыны”, “Помнім і жывём” і “Ад каранёў да кроны”.