Зварот да мінуўшчыны. Прыгожа і пазнавальна

Без рубрики

Прадстаўнікі Валожыншчыны ў вобразах Тышкевічаў.

У фестывалі гістарычных рэканструкцый, што прайшоў у Нясвіжы, прынялі ўдзел прадстаўнікі творчых калектываў Мінскай вобласці, у тым ліку і Валожыншчыны. Арганізатары – галоўнае ўпраўленне культуры Мінаблвыканкама, Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Нясвіжскага райвыканкама і гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж” – прысвяцілі маштабнае мерапрыемства самым значным падзеям XVIIXVIII стагоддзяў, а таксама ўдзялілі ўвагу эпосе сярэднявечча, пазнаёмілі гасцей свята з гістарычнымі асобамі, закранулі падзеі, звязаныя з ваеннай кампаніяй 1812 года. У выніку фестываль стаў адной з самых яркіх жнівеньскіх падзей на Міншчыне.

Горад майстроў.

 

Сувеніры ад умельцаў.

 

Майстар-клас па стварэнні пояса.
Івянецкая кераміка.

Мінулая субота падарыла раённаму цэнтру, што ва ўсім свеце ведаюць як вотчыну магнатаў Радзівілаў, сустрэчу з прадстаўнікамі шляхты з розных куткоў Беларусі. Гістарычных персанажаў досыць пераканаўча ўвасобілі самадзейныя артысты з раёнаў. Напрыклад, тры пары з розных пакаленняў уладальнікаў зямлі валожынскай – графскай сям’і Тышкевічаў прадставілі Валожынцы Юлія і Андрэй Язерскія, івянчане  Кацярына  Бібік і Станіслаў Бурачэўскі, ракаўчане Ганна Крук і Дамінік Пятроўскі. Разам з іншымі статыстамі яны стваралі належную атмасферу падчас розных эпізодаў маштабнага дзеяння, а таксама прынялі ўдзел у імправізаваным балі, дзе пад акампанемент жывой музыкі танцавалі старадаўнія танцы – паланез, бранль, астэндэз, падэграс і іншыя.

У горадзе майстроў свае лепшыя работы разам з іншымі народнымі ўмельцамі прадставілі і валожынскія творцы – Дар’я Дробыш і Хрысціна Лямбовіч (выстава паясоў, майстар-клас па пляценні паясоў “на назе” і на дошчачцы), Святлана Ярашэвіч (саломапляценне), каваль Канстанцін Пятроўскі, ганчары Алег Капуста і Уладзімір Сасноўскі.

У цэлым жа святочнай атмасферай быў запоўнены кожны куток старажытнага горада. Асноўныя падзеі разгарнуліся ў Англійскім парку і на тэрыторыі палацава-паркавага комплексу “Нясвіжскі замак”.  У агульную канву цудоўна ўпляліся і наступныя моманты – ваенна-гістарычная рэканструкцыя “Нясвіжская фартэцыя”, выстава-прэзентацыя “Хлеб – жыцця аснова”, прадстаўленне цырка-шапіто SIRIUS, шоу “Вогненнае кола”. У канцэртнай праграме, пад якую былі аддадзены чатыры пляцоўкі, разам з прафесійнымі і аматарскімі калектывамі са сталіцы і Мінскай вобласці паспелі выступіць артысты з Ракава – заслужаны фальклорны калектыў “Гасцінец”. У гістарычным цэнтры горада размясцілася арт-алея “Сувязь часоў” і зона актыўнасці “Магія цырка”. Святочную атмасферу падтрымала і прырода. Яна падарыла арганізатарам, удзельнікам і шматлікім гасцям фестывалю шыкоўнае надвор’е.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ