ТЭЛЕФОН МІЛІЦЫІ – 102

Региональные новости

ВОСЬ ТАБЕ І СХОВАНКА!

Юнак-мінчанін падчас адпачынку на дачы, што ў вёсцы Сарокі, вырашыў наведаць сяброўку, якая свой адпачынак праводзіла ў дзіцячым лагеры “Палачанка”. На сустрэчу падлетак паехаў на веласіпедзе. Не даязджаючы да лагера, схаваў двухколавага сябра пад елкай. Аднак праз нейкі час там яго не знайшоў. У выніку расказаў пра страту маці, а тая звярнулася за дапамогай па тэлефоне 102.

ЧЫЙ ВЕЛАСІПЕД? МОЙ ВЕЛАСІПЕД!

Жыхар Мінска веласіпед пакінуў бліз вёскі Покуці. Ненадоўга адлучыўшыся ад месца імправізаванай стаянкі транспартнага сродку, ён пазбавіўся сваёй маёмасці. Як высветлілася, не прайшоў паўз быццам бы нічыйнай, але вельмі карыснай рэчы жыхар вёскі Суднікі. Мужчына не аднойчы прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці. Зараз, нягледзячы на тое, што веласіпед вярнуўся да гаспадара, таму, хто на яго спакусіўся, давядзецца за брыдкі ўчынак адказаць перад законам.

ТУРЫСТ, ДАГАНЯЙ!

Яшчэ адзін жыхар сталіцы, бывалы падарожнік, пакінуў на некалькі хвілін без нагляду аб’ёмны рукзак, напоўнены безліччу турыстычных прылад – пачынаючы ад палаткі і заканчваючы паходным посудам. Усе аксесуары зніклі разам з аўтамабілем, што праехаў па дарозе (12-ы кіламетр аўтадарогі Ракаў-Івянец). Аператыўная група, якая выехала на месца здарэння, зафіксавала след пратэктара, вядзецца пошук.

ВАБІЦЬ БЛАКІТНЫ ЭКРАН

Нячысты на руку жыхар вёскі Русакі вырашыў прадметам крадзяжу зрабіць суседскі тэлевізар. Каб завалодаць чужой маёмасцю, пранік у дом праз акно. Цяпер аматар блакітнага экрана дае паказанні адносна свайго спрыту.

МІРНА ЖЫЦЬ СУМНА

Камендант інтэрната, што на вуліцы Міру ў райцэнтры, выклікала супрацоўнікаў міліцыі, каб тыя ўціхамірылі аднаго з жыльцоў, які ўчыніў скандал сваёй сужыцельцы. Па сцвярджэнні пацярпелай, мужчына не толькі сварыўся, ужываючы нецэнзурную лексіку, але і кідаўся ў бойку, выганяў жанчыну з дому. Высвелілася: ваяўнічы чалавек мае ІІ групу інваліднасці. Таму прыйсці ў сябе яму дазволена дома, а не ў ізалятары часовага ўтрымання. І ўсё ж апраўдваць свае паводзіны яму давядзецца ў судзе.

ПАСКАНДАЛІЎ І ЎЦЁК

Сварка з удзелам сужыцеляў адбылася і на вуліцы Партызанскай. Тут галоўны герой яшчэ да прыезду міліцыі знік з месца падзей. Яго страх перад сустрэчай з людзьмі ў форме, відавочна, можна зразумець – мае дзеючую адміністрацыйную адказнасць.  Аднак колькі б ён не адцягваў нежаданую сустрэчу, яна рана ці позна адбудзецца. І даць адказ на пытанні праваахоўнікаў скандалісту давядзецца.

ДЗЕ П’ЯНКА, ТАМ СКАНДАЛ

Гучна высветліла адносіны і сям’я з вёскі Пярэжары. Тут дзяўчына выклікала міліцыю з просьбай дапамагчы разабрацца з маці і яе сужыцелем. Як і ў большасці падобных канфліктаў,  гэты таксама справакавала п’янка. У выніку адзін з удзельнікаў – сужыцель, які вельмі агрэсіўна сустрэў праваахоўнікаў, трапіў у ізалятар часовага ўтрымання.

СЯКЕРА БЫЛА ЛІШНЯЙ

І яшчэ адзін канфлікт, толькі на гэты раз між аднавяскоўцамі, зафіксаваны ў вёсцы Чабаі. Тут пасварыліся мужчыны 1946 і 1947 гадоў нараджэння. Чым так угнявілі адзін аднаго пажылыя людзі, невядома, але ж узаемнымі абразамі справа не абышлася. У разгар сваркі найбольш актыўны яе ўдзельнік у прыступе агрэсіі стаў размахваць сякерай. Зараз адносна падзей, якія, на шчасце, скончыліся без ахвяр, вядзецца разбіральніцтва.

Матэрыял па міліцэйскіх

зводках падрыхтавала

Валянціна КРАЎНЕВІЧ