Хто ў лесе гаспадар?

Кругозор Общество

Лічылася, што ў нашых лясах мядзведзяў няма. Доўгі час так і было. Аднак ужо гадоў з пяць дзе-нідзе паляўнічыя пачалі натыкацца на сляды гэтага звера. Менавіта толькі на сляды, таму вырашылі, што самі мядзведзі “прахадныя”, а асталяваліся яны ў нейкім іншым раёне. Толькі сёлета мішкі засвяціліся “па поўнай”, так сказаць – пахуліганілі на лясных абшарах. Да таго ж у розных месцах, так што асобіна гэтага ляснога велікана яўна не адна.

У аднаго з жыхароў Вішнева мелася некалькі вулляў на хутары Дубоўка (гэта ўжо Іўеўскі раён). Калі ён наведаўся на свой пчальнік 20 ліпеня, то недалічыўся аднаго вулля. Праз тыдзень знік з месца яшчэ адзін… Такім чынам, гаспадар страціў тры вуллі.

Калі ж прапажу знайшоў, то пераканаўся, што пагаспадарыў там не чалавек, а лясны ласун, якім з усіх звяроў лічыцца буры мядзведзь. Духмяны пах гэтага прадукту звер чуе на адлегласці да 2,5 кіламетра. Таму нос, як компас, вядзе яго за здабычай. Менавіта мішка перанёс пчаліныя домікі на 5-7 метраў, перакуліў, паламаў рамкі і з’еў увесь нарыхтаваны працаўніцамі-пчоламі мёд. Як адзначыў пчаляр, звер загубіў тры сям’і. Шкада і саміх пчол, і паламаныя вуллі.

Дарэчы, той самы ці іншы звер пагаспадарыў таксама і на лясгасаўскім пчальніку, які знаходзіцца на Кліме – не так ужо і далёка ад хутара, дзе размешчана прыватная гаспадарка. Урочышча “Клім” – месца не самае спакойнае для пражывання, менавіта там у сезон праводзяцца загонныя паляванні. Магчыма, звер прыйшоў-такі на пах мёду, а пражывае насамрэч у іншым месцы…

Днямі на тэрыторыі Вішнеўскага лясніцтва работнікі лясгаса паставілі фотапасткі. Цікава, ці засвеціцца на іх лясны злачынца?!

Наталля ШТЭЙНЕР

P.S. Як паведаміў рэдакцыі паляўніцтвазнавец лясгаса Павел Садоўскі, камеры сапраўды зафіксавалі калматага “злодзея”. І не аднаго. Па меншай меры, два мядзведзі блукаюць цяпер па лясных прасторах Малой пушчы ў раёне вёскі Пруднікі, а таксама ў масіве за Клімам (тэрыторыя Вішнеўскага лясніцтва). Для мішкаў наступіў сезон жыроўкі: яны актыўна назапашваюць тлушч для будучай зімоўкі, а таму не пакідаюць без увагі месцы, дзе іх насы казыча салодкі водар прысмакаў.

Павел Уладзіміравіч парэкамендаваў жыхарам навакольных населеных пунктаў захоўваць пэўныя меры бяспекі. Да прыкладу, не варта ісці ў лес аднаму, асабліва ў глухія, дзікія, густазарослыя месцы. Трэба заўсёды трымаць пры сабе зараджаны мабільны апарат, каб у выпадку небяспекі можна было патэлефанаваць. Калі вы ў лесе пачулі шоргат, пошчак сухога галля ці іншыя гукі, не правярайце крыніцу іх паходжання, лепш адыдзіце далей. Хаця здаровы дзікі звер не павінен напасці на чалавека, усё ж варта быць абачлівымі і асцярожнымі. Як кажуць, беражонага і Бог беражэ.