ПАДТРЫМАЛІ ПРАВААХОЎНІКІ

Общество

Да рэспубліканскай акцыі “Збяром партфель разам” далучыўся калектыў Валожынскага раённага аддзела ўнутраных спраў. Праваахоўнікі на добраахвотнай аснове сабралі сродкі і набылі мноства карысных рэчаў для шматдзетнай сям’і Каспяровіч з Подберазі. Уручыў падарункі намеснік начальніка РАУС Аляксандр Акушка.

Старэйшай дзяўчынцы, 7-гадовай школьніцы Караліне, дастаўся партфель з рознымі канцылярскімі прыладамі, 5-гадовай Русаліне і 3-гадовай Сабрыне – наборы для малявання і рукадзелля, а маленькаму 2-гадоваму Саміру – камплект размалёвак з алоўкамі і фламастарамі.

Нядаўна сям’ю напаткала вялікае гора – пайшоў з жыцця муж і бацька. Відавочна, што маладой маці, якая знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску, было б цяжка самастойна купіць усё пералічанае. Таму жанчына выказала падзяку і супрацоўнікам міліцыі, і калектыву тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, па падказцы якога падарункі ад РАУС накіраваліся менавіта ў Подберазь. Алена Алегаўна з хваляваннем расказала, што ў сацыяльнай установе пра праблемы яе сям’і не забываюць – пастаянна аказваюць дапамогу. Клопат жа пра дзяцей з боку людзей у форме крануў яе да слёз.

Як адзначыў Аляксандр Вітальевіч (дарэчы, бацька траіх дзяцей), міліцыі, як нікому, добра вядома кожная болевая кропка на тэрыторыі раёна, аднак, на жаль, далёка не ўсе грамадзяне імкнуцца атрымаць падтрымку, правільна ёй распарадзіцца, годна ацаніць. Што тычыцца маладой маці з Подберазі, то яна, нягледзячы на цяжкасці, у першую чаргу думае пра сваіх дзяцей, клапоціцца аб іх. А такім людзям дапамагаць па-сапраўднаму прыемна.

 А. В. Акушка таксама паведаміў: на наступным тыдні акцыя “Збяром партфель разам” будзе мець працяг у шматдзетных сем’ях саміх праахоўнікаў.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара