Драўляная палітра

Культура

У Валожынскім краязнаўчым музеі да канца снежня дэманструецца выстава драўляных вырабаў з уласных фондаў музея і Івянецкага музея традыцыйнай культуры.
У Беларусі, размешчанай у лясной паласе Еўропы, мастацкая апрацоўка дрэва сярод іншых відаў рамёстваў здаўна займала вядучае месца. З гэтага даступнага, універсальнага, дастаткова моцнага, лёгкага ў апрацоўцы матэрыялу ўзводзілі жыллё і гаспадарчыя пабудовы, майстравалі мэблю і транспартныя сродкі, прылады працы і посуд. Шырокім быў і дыяпазон тэхнічных прыёмаў.
Вырабы з дрэва аздаблялі разьбой, роспісам, выпальваннем. Але не кожны прадмет лічыўся мастацкім творам. Напрыклад, лава можа ўяўляць дошку, прыбітую да двух негабляваных чурбаноў. А можа быць упрыгожана разьбой альбо інкрустацыяй – украпленнямі з косткі, металу ці іншага дрэва. Тое ж самае можна сказаць і пра збаны, лыжкі, міскі, вёдры і іншыя прадметы. Майстар павінен ведаць уласцівасці матэрыялу, з якім ён працуе, дасканала валодаць неабходнымі інструментамі.
Асаблівасці мастацкай апрацоўкі дрэва выявіліся ў формах і дэкоры разнастайных прадметаў побыту: прылад працы, нескладанага сялянскага посуду, гаспадарчых прылад, транспартных сродкаў і г. д. Многія простыя сялянскія рэчы, здавалася б, чыста ўтылітарнага прызначэння толькі ў рабоце раскрываюць сваю прыгажосць. Гэта можна назіраць на прыкладзе разнастайных даўбаных чарпакоў, якія шырока прадстаўлены на нашай выставе. Непаўторная пластыка беларускіх чаўноў, якія звычайна выдзёўбвалі з тоўстай асіны, затым запарвалі, расхілялі бакі, з-за чаго нос і карма загіналіся ўверх. Ствараўся прыгожы плаўны імклівы сілуэт.
У сялянскім побыце ў многіх выпадках незаменныя былі драўляныя чарпакі-карцы. Імі веялі зерне, вычэрпвалі з лодкі ваду, мералі прадукты, з іх елі, пілі. Асабліва цікавыя карцы з выяўленчымі зааморфнымі формамі. Ручкі іх выразаны ў выглядзе конскай ці птушынай галавы, пеўневага грэбеня, птушынага хваста. Такая ж старажытная скульптурная выразнасць вызначае і многія іншыя драўляныя рэчы народнага побыту: бочкі, ступы, начоўкі, старыя формы мэблі, многія прылады працы.
Прыкметнай разнастайнасцю адрозніваліся дзіцячыя калыскі, шафкі, крэслы, бытавы інвентар. Усё гэта ў шырокім асартыменце прадстаўлена на выставе “Драўляная палітра”.
Большасць насельніцтва нашага раёна займалася земляробствам. Дзеля гэтага патрэбны былі розныя прылады працы. Гэта саха, барана, матыка, а таксама сярпы, вілы, граблі, цапы.
Асобнае месца на выставе адведзена работам вядомага на Валожыншчыне народнага майстра-рэзчыка Апалінарыя Фларыянавіча Пупко (1893-1984 г.г.) з гарадскога пасёлка Івянец. У сваёй творчасці ён прадоўжыў лепшыя традыцыі беларускай народнай драўлянай скульптуры. Аўтар работ камернага характару на фальклорны, літаратурны, гістарычны, казачны сюжэты: “Мучанік”, “Сірацінка”, “Бабуля і ўнучка”, “Калгасны хлапец”, “Рыбы”, “Каза-дзераза”. Эпічныя, манументальныя творы: пано “Мір”, “Маці”, “Летапісец” і інш. Усе вобразы яго работ сагрэтыя гумарам і добрай усмешкай. У некаторых работах аўтар выкарыстоўвае гратэск і гіпербалу – традыцыйныя прыёмы народнага мастацтва.
Хто жадае больш падрабязна азнаёміцца з вырабамі з дрэва, запрашаем да нас на выставу, якая працуе з 10.00 да 18.00 усе дні, акрамя нядзелі.

Галіна СЕНЧАНКА, навуковы супрацоўнік раённага музея.



Добавить комментарий