«Патрэбны рух наперад, перамены, але законныя» — Лукашэнка аб актуальнасці рэферэндуму і новай Канстытуцыі

Важное Главное

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць недапушчальным замарозіць сітуацыю ў краіне, каб не было застою. Кіраўнік дзяржавы падтрымлівае неабходнасць руху наперад і перамен, але выключна ў рамках закону. Аб гэтым ён заявіў сёння на цырымоніі ўручэння дзяржаўных узнагарод прадстаўнікам шэрага сілавых структур, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

«Хачу звярнуць вашу ўвагу на адну акалічнасць (гэта з вашага асяроддзя — міліцэйскага, Узброеных Сіл) — некаторыя нашы ваеннаслужачыя (яны так не гавораць, але я скажу больш жорстка) не разумеюць: ну навошта Прэзідэнту гэты рэферэндум, ну навошта гэта Канстытуцыя (абнаўленне Канстытуцыі. — Заўвага БЕЛТА), ды не трэба гэтага рабіць. Хлопцы, не! Мы не можам так зрабіць. Па-першае, мы паабяцалі. Па-другое, вы ж помніце іх (апанентаў. — Заўвага БЕЛТА) лозунг: «Перамены, перамены, перамены». І мы сказалі: так, патрэбны перемены», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

«І яны сапраўды патрэбны. Мы не можам замарозіць у краіне сітуацыю і абстаноўку, інакш паўторацца брэжнеўскія часы. Маладыя людзі гэтага не помняць, але мы ж, старэйшыя, добра помнім гэты перыяд застою. Таму патрэбны рух наперад, патрэбны гэтыя перамены. І тады мы сказалі: так, патрэбны, але гэтыя перамены павінны быць законнымі. Інакш кажучы калі ісці да перамен, трэба пачынаць з Канстытуцыі», — падкрэсліў беларускі лідар.

Прэзідэнт адзначыў, што нават і не гэта галоўнае. «Мы і так на месцы не стаялі. Мы з вамі стварылі першую суверэнную, незалежную дзяржаву. Што яшчэ трэба? Мы застанемся ў гісторыі. Галоўнае — што будзе пасля нас, хто прыйдзе пасля нас, хто будзе Прэзідэнтам, якая сістэма кіравання будзе. І не дай бог гэта паўторыцца (спроба расхістаць дзяржаву і ўладу. — Заўвага БЕЛТА), новае пакаленне ўтрымае краіну ці не? Актуальнае пытанне», — заўважыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што і ён не святы, але за чвэрць стагоддзя тым не менш не было дапушчана грубых сістэмных памылак. «Не зрабілі мы іх. Так, былі памылкі, недахопы. Мы першапраходцамі былі, нам не было дзе навучыцца нечаму. Таму не выключана, што былі памылкі. Але сістэмных памылак мы не дапусцілі. Мы не ламалі, не крышылі. Ніякай дыктатуры ў нас у краіне няма, я ўжо гаварыў, — сказаў Прэзідэнт. — У мяне няма ядзернай зброі, у мяне няма кіберхакераў і іншага, каб я націснуў недзе кропку і ўвесь свет перавярнуўся. Якая тут дыктатура?!».

Разам з тым беларускі лідар прызнаў, што ў Беларусі выбудавана вельмі жорсткая кіруемая дзяржава. «Калі б мы гэтага не зрабілі, мы б не стварылі гэту дзяржаву. Вы людзі ваенныя, мяне разумееце», — падкрэсліў ён.

У сувязі са сказаным кіраўнік дзяржавы абазначыў шэраг пытанняў аб тым, што будзе пасля таго, як у Беларусі выберуць новага Прэзідэнта: «Вы гарантуеце, што прыйдзе чалавек, які будзе спакойна рухаць краіну наперад? Хто гарантуе ў гэтай сітуацыі? Калі з Захаду нас ціснуць, хочуць парваць, падзяліць: гэта — у Польшчу, гэта — туды, гэта — сюды, а тое і цалкам, як яны кажуць, далучыць Беларусь да Польшчы. Нас падаграваюць з Украіны. Вы бачыце, што адбываецца. Не дай бог натаўцы пераступілі б граніцу адтуль, Расія ўбаку не застанецца».

«Таму што тут бяспека Расіі, тут сутыкненне з асноўным праціўнікам — натаўскім. Як бачыце, мы ў такім акружэнні, што нам трэба вярцецца і заўсёды ўмець адчуваць гэта ўсё на кончыках пальцаў для таго, каб недзе не спатыкнуцца. Каб захаваць сваю дзяржаўнасць», — заявіў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка ў гэтым кантэксце прыгадаў і аб падзеях у Афганістане, на якія цяпер пераключыў увагу ўвесь свет: «Афганістан з’явіўся. Усе цяпер звярнулі ўвагу на Афганістан. Але не думайце, што яны нас забудуць. Зразумела, новая міжнародная канфігурацыя. Таму трэба быць вельмі акуратнымі і асцярожнымі і не паводзіць сябе як слон у пасуднай краме»

«Іншым разам даводзіцца ісці па вельмі тонкім лёдзе. Таму нам трэба выбудаваць далей рух такім чынам, каб новая ўлада не загубіла дзяржаву як мінімум», — рэзюмаваў беларускі лідар.