Пра выкананне ў першым паўгоддзі плана мерапрыемстваў па рэалізацыі патрабаванняў Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 1 «Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны»

Важное Главное Общество

Так гучала адна з тэм, разгледжаных на чарговым Адзіным дні інфармавання насельніцтва. Як паведамлялася ў дакладзе, за першае паўгоддзе 2021 года ў працоўных калектывах раёна праведзены 3 Адзіныя дні інфармавання па пытаннях рэалізацыі Дырэктывы № 1. У арганізацыях створаны камісіі па агульным тэхнічным аглядзе вытворчых будынкаў і збудаванняў, якія два разы на год праводзяць планавыя тэхнічныя агляды будынкаў, а пры неабходнасці (пасля стыхійных бедстваў, аварый і пры выяўленні недапушчальных дэфармацый падмурка) няпланавыя (пазачарговыя) тэхнічныя агляды. Назначаны адказныя асобы, якія ажыццяўляюць сістэматычнае назіранне за вытворчымі будынкамі (памяшканнямі) у працэсе іх эксплуатацыі.

Завершана работа па першым пускавым комплексе праектна-каштарыснай дакументацыі «Аўтаматызаваная сістэма цэнтралізаванага апавяшчэння Валожынскага раёна Мінскай вобласці».

У адпаведнасці з зацверджанымі планамі ў 2021 годзе падлягалі абследаванню дымавыя і вентыляцыйныя каналы 35 дамоў, 544 кватэр шматкватэрных і блакіраваных жылых дамоў, аснашчаных газавым абсталяваннем. Усе аб’екты абследаваны, адрамантаваны 8 дымавых і вентыляцыйных каналаў.

Падчас вясновай праверкі тэхнічнага стану крыніц супрацьпажарнага водазабеспячэння ў гарадах і сельскіх населеных пунктах вобласці правераны 202 пажарныя гідранты. Усе спраўныя.

У сакавіку 2021 года праведзены работы па навядзенні парадку на зямлі пры падрыхтоўцы да пажаранебяспечнага перыяду.

За студзень-чэрвень бягучага года адбыўся адзін няшчасны выпадак са смяротным зыходам у філіяле КУП «Мінскаблдарбуд»-«ДРБУ № 167» з дарожным рабочым. Сітуацыя знаходзіцца ў стадыі расследавання. Папярэдняя прычына – натуральная смерць.

Зафіксаваны і адзін няшчасны выпадак з цяжкім зыходам у КУП «Сівіца». Ён разгледжаны на пасяджэнні райвыканкама 06.07.2021 г. № 1446 з удзелам службовых асоб, якія дапусцілі парушэнні заканадаўства аб ахове працы.

У рамках прыцягнення арганізацый да ўдзелу ў кампаніі па ўжыванні прынцыпаў канцэпцыі «нулявы траўматызм», прыярытэтам якой з’яўляецца павышэнне бяспекі, паляпшэнне гігіены і ўмоў працы, з 29 сакавіка па 28 красавіка 2021 г. быў праведзены месячнік бяспекі ў сельскай гаспадарцы. Праведзены таксама і тыдзень бяспекі ў будаўніцтве.

Цэнтральная раённая бальніца штомесяц дае інфармацыю ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама аб праходжанні абавязковых перыядычных медыцынскіх аглядаў. За студзень-чэрвень 2021 года ва УАЗ «Валожынская ЦРБ» папярэдні медыцынскі агляд прайшлі 916 чалавек, перыядычны – 1189 чалавек (93%). Пры перыядычным аглядзе выяўлена 987 захворванняў, якія не перашкаджаюць працы і 24 захворванні, якія ёй перашкаджаюць. Упершыню выяўлены 33 захворванні.

За першае паўгоддзе 2021 года фактаў непраходжання праверкі ведаў па ахове працы кіраўнікоў арганізацый без ведамаснай падпарадкаванасці не зафіксавана. Не зафіксавана і няшчасных выпадкаў на вытворчасці ў стане алкагольнага ап’янення.

Штомесяц пастаянна дзеючая рэйдавая група праводзіць абследаванне суб’ектаў гаспадарання, накіраванае на выяўленне і спыненне фактаў знаходжання супрацоўнікаў на рабочых месцах у стане алкагольнага ап’янення. За першае паўгоддзе было выяўлена 18 такіх фактаў.

Таксама за 6 месяцаў 2021 года праведзены 15 сумесных рэйдаў спецыялістаў райвыканкама, ДАІ РАУС і РАНС па праверцы ў вячэрні і начны час вартавой аховы сельскагаспадарчых і будаўнічых аб’ектаў, устаноў адукацыі па выкананні працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны.

З рабочымі, занятымі на работах з павышанай небяспекай, паўторныя інструктажы па ахове працы і пажарнай бяспецы праводзяцца пастаянна, не радзей за адзін раз у тры месяцы.

У сельгасарганізацыях Валожыншчыны налічваецца каля 670 адзінак трактароў, прычэпаў, самаходных машын. Маніторынг паказаў, што за першае паўгоддзе прайшлі тэхнічны агляд 148 адзінак – 22% ад усёй зарэгістраванай тэхнікі. Нізкі працэнт абумоўлены тым, што тэхніка знаходзіцца ў няспраўным стане.

Штомесяц праводзіцца праверка пасведчанняў вадзіцеляў механічных транспартных сродкаў і самаходных машын. У сувязі з адсутнасцю адпаведнай катэгорыі ў пасведчанні трактарыста-машыніста ад кіравання транспартнымі сродкамі адхілены 4 механізатары, у сувязі з адсутнасцю медыцынскай даведкі аб выніках медыцынскага агляду – 5.

На тэрыторыі раёна размешчаны два выратавальныя пасты ТВВОД – пастаянна дзеючы (круглагадовы) на Сакаўшчынскім вадасховішчы і сезонны (з мая па верасень) на Валожынскім гарадскім вадасховішчы ў вёсцы Гардынава. Выратавальныя пасты ў поўным аб’ёме забяспечаны плавальнымі сродкамі, абсталяваннем і рыштункам згодна з патрабаваннямі. Патрэбы ў стварэнні дадатковых пастоў няма.

Праведзены 3 мерапрыемствы сумеснай акцыі БРСМ, РАНС і ТВВОД “Летні патруль”, 10 сумесных рэйдавых мерапрыемстваў па месцах масавага адпачынку і стыхійнага купання грамадзян. Па іх выніках вынесены 23 папярэджанні за парушэнне правіл аховы жыцця, накіравана адна інфармацыя на ліквідацыю парушэнняў правіл аховы жыцця людзей у РУП «Валожынскі жылкамунгас». Праведзены 37 індывідуальных прафілактычных гутарак на пляжах і ў месцах масавага адпачынку.

За студзень-чэрвень 2021 года мабільнай групай былі абследаваны 35 арганізацый. Выяўлены 482 парушэнні заканадаўства аб працы і аб ахове працы, пажарнай і транспартнай бяспекі, вытворчай санітарыі, правіл эксплуатацыі машын і абсталявання.

Кантроль за ліквідацыямі выяўленых парушэнняў ажыццяўляецца па выніках чарговага наведвання арганізацыі і выніках прадстаўленай інфармацыі.

Усяго па раёне за першае паўгоддзе ад знешніх прычын загінулі 24 чалавекі, з іх 15 – працаздольнага ўзросту. Ад траўмаў памерлі 7 чалавек, ад  выпадковых атручванняў – 5. 9 чалавек учынілі суіцыды,  ад агульнага пераахаладжэння загінулі 3, 1 – утапіўся. У выніку пажараў за першае паўгоддзе загінулі 3 чалавекі.