Быць лепшым – гонар

Общество Ступені поспеху

У раёне падведзены вынікі першага этапу конкурсу “Лепшы вадзіцель школьнага аўтобуса”, што праводзіцца пад патранажам Упраўлення дзяржаўтаінспекцыі ўпраўлення ўнутраных спраў Мінаблвыканкама, Галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама, дзяржаўнай установы “Мінскі абласны цэнтр па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый”, Мінскай абласной арганізацыі  Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і культуры.

Мерапрыемства задумана з мэтай стымулявання і павышэння ўзроўню прафесіяналізму вадзіцеляў, чыя работа звязана з перавозкай дзяцей. Як паведаміла кіраўнік раённага цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый Іна Сакалоўская, у раёне ў падвозе школьнікаў задзейнічаны 19 адзінак тэхнікі, на якой да ўстаноў адукацыі дастаўляюцца 1108 вучняў. Распрацаваны 147 маршрутаў агульнай працягласцю ў 3091 кіламетр.

Прафесійны конкурс, які праводзіўся ўпершыню, уключаў тэарэтычную частку (адказы на пытанні па білетах) і практычную (на адным і тым жа аўтобусе кожны ўдзельнік павінен быў прадэманстраваць уменне выконваць розныя элементы кіравання, спецыфічныя для школьнага аўтобуса).

Пераможцам раённага этапу названы Дзмітрый Пасека. Менавіта ён набраў найбольшую колькасць балаў і з рук старшага дзяржаўнага інспектара аддзялення ДАІ Валожынскага РАУС Вадзіма Пасекі атрымаў грамату. Дзмітрый Аляксандравіч працуе на школьным аўтобусе першы год. Аднак 20-гадовы вадзіцельскі стаж, здаровая амбіцыйнасць, жаданне перамагаць дазволілі яму абысці больш вопытных калег. У тройку лепшых увайшлі таксама Леанід Дзянісік і Павел Івашка. Зараз пераможца пры падтрымцы зацікаўленых арганізацый рыхтуецца паказаць свой прафесіяналізм на ўзроўні вобласці. Лепшага на Міншчыне вадзіцеля школьнага аўтобуса вызначаць 25 жніўня ў Лагойску.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ