У ЧЭХАЎШЧЫНСКАЙ ДАПАМОЖНАЙ ШКОЛЕ-ІНТЭРНАЦЕ САБРАЛІСЯ НЯДАЎНА БЫЛЫЯ ВЫПУСКНІКІ, КАБ АДСВЯТКАВАЦЬ ЯЕ ЮБІЛЕЙ

Официально

Так называюць Чэхаўшчынскую дапаможную школу-інтэрнат былыя выпускнікі, якія сабраліся нядаўна ў сваёй роднай навучальнай установе, каб адсвяткаваць яе 50-гадовы юбілей. Менавіта ў 1961 годзе школа атрымала статус інтэрнацкай установы, а з 1972 – дапаможнай школы-інтэрната для дзяцей-інвалідаў. Гэта радаснае і адначасова пранізліва-слёзнае, кранаючае да глыбіні душы мерапрыемства наўрад ці пакінула каго-небудзь раўнадушным.

Як спяваецца ў вядомай бардаўскай песні, дом – гэта не сцены і акно, і не крэслы за сталом, дом – гэта шчасце, утульнасць, цяпло чалавечых адносін… Такім домам на працягу многіх гадоў і была для сваіх выхаванцаў Чэхаўшчынская школа. Не проста будынкам, дзе можна жыць і вучыцца, а маленькім астраўком пяшчоты і любові для скалечаных жыццём дзіцячых душ. І гэту атмасферу цяпла і ўтульнасці, шчырасці і дабрыні пранеслі яны праз гады. Як зазначыла адна з былых выпускніц, якая зараз жыве ў Літве, – Лідзія Мікалаеўна Аўдзевіч, “усё лепшае, што ёсць у нас зараз, было закладзена тады, у час вучобы ў школе: любоў да кніг, да парадку і чысціні, акуратнасць, уменне спяваць і танцаваць, моцныя карані сяброўства. Сябраваць можна з любога ўзросту, а вось душэўная блізкасць закладваецца менавіта ў дзяцінстве. Таму хоць лёс і раскідаў усіх па розных куточках, сэрца ўсё роўна рвецца сюды, і няма ніякіх межаў і перашкод”.

Сама ўрачыстасць адбылася ў дзень праваслаўнага свята Пакровы, Дзень маці. І амаль кожны з прысутных заўважыў у гэтым пэўную сімвалічнасць. Тых, хто быў пакрыўджаны лёсам, усё жыццё апякае, засцерагае сваім покрывам Божая маці-заступніца.

Горача павіншаваў калектыў школы-інтэрната старшыня райвыканкама У. А. Наумовіч. Ганаровую грамату за шматгадовую плённую працу ён уручыў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры Т. І. Івашцы, гісторыі і геаграфіі В. У. Марзаку, настаўніку-дэфектолагу Т. А. Віршыч. А ў якасці падарунка перадаў школе тэлевізар. Ганаровай граматай аддзела адукацыі райвыканкама былі ўзнагароджаны настаўніца матэматыкі М. І. Вайткевіч, загадчык бібліятэкі Л. Ф. Ціхановіч, выхавацелі Г. М. Астаповіч і А. Ф. Рубацкая, повар Р. Ф. Андросенка, работнікі тэхперсаналу Л. Я. Радына, Л. І. Анікеенка, Ф. С. Карэтнікаў.

Старшыня раённага Фонду Міру Т. Ф. Ціганіна падарыла ў кабінет псіхалагічнай разгрузкі прыгожы дыван. Не з пустымі рукамі завіталі на юбілей прадстаўнікі абласнога ўпраўлення МНС і Дэпартамента па гуманітарнай дзейнасці пры Кіраўніцтве спраў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, яны падарылі ўстанове тэлевізар і дамашні кінатэатр. Павіншавалі работнікаў і выхаванцаў шматлікія спонсары і шэфы – СВК “Пяршаі-2003”, Беларускае аб’яднанне казацкіх войск. Выхаванцы ж у сваю чаргу гасцінна паднеслі ўсім смачныя духмяныя караваі.

Шмат успамінаў, цёплых слоў у адрас сённяшняй адміністрацыі школы прагучала з вуснаў гасцей – сына Н. А. Вярцінскай Уладзіміра Мікалаевіча, колішняй выкладчыцы М. А. Шакун, выпускніцы 1966-67 года Т. А. Віршыч, якая сама да гэтага часу працуе ў школе настаўнікам-дэфектолагам. “Дзе нарадзілася, там і прыгадзілася, – кажа яна пра сябе. – 8 гадоў тут вучылася і ўжо 36 працую”. І, канешне, самым запамінальным момантам сустрэчы сталі канцэрт-прывітанне настаўнікаў і вучняў, які падрыхтавалі рэжысёр Г. М. Астаповіч і музычны кіраўнік М. Р. Пратасевіч, а таксама забаўляльная праграма ў Пяршайскім СДК.

Арганізатары мерапрыемства спадзяюцца, што падобныя сустрэчы стануць традыцыйнымі. Установы такога роду ўнікальныя, яны – як адна вялікая дружная сям’я, а ў сям’і, дзе б не знаходзіліся родныя і блізкія людзі, заўсёды спяшаюцца дадому.

Святлана СУХАДОЛЕЦ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий