Рэгіянальныя навіны ад Наталлі ШТЭЙНЕР

Региональные новости

Тэл.: 67079, Velcom 3933728 nshtejner@mail.ru

34 маладыя спецыялісты папоўнілі сёлета сістэму адукацыі нашага раёна. 17 з іх скончылі вышэйшыя навучальныя ўстановы і столькі ж – сярэднія спецыяльныя.

23 маладыя педагогі прыехалі ў наш раён па размеркаванні, а 11 – адпрацоўваць мэтавыя накіраванні. Першым рабочым месцам для 12 навічкоў сталі ўстановы адукацыі Валожына і Івянца, для 18-і – аграгарадкоў, яшчэ 4 чалавекі будуць працаваць на вёсцы – у Яршэвіцкім і Пугачоўскім ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа. Два маладыя педагогі, выпускніцы Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка і Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта Хрысціна Сузінь (беларуская мова і літаратура) і Карына Тарасевіч (практычная псіхалогія) пасля заканчэння ВНУ атрымалі дыпломы з адзнакай. Сярод маладых спецыялістаў 16 – ураджэнцы нашага раёна.

Маладое папаўненне прыбыло таксама ў спартыўную сям’ю раёна: у ДЮСШ і ФАЦ.

Усе тры спецыялісты атрымалі вышэйшую адукацыю, адпрацаваць павінны пяць гадоў – паколькі вучыліся па мэтавых накіраваннях. Фёдар Міхеткін будзе працаваць трэнерам-выкладчыкам ДЮСШ па дзюдо, Аляксей Бітэль – трэнерам па баскетболе. Для Арцемія Цаюна першым рабочым месцам стаў фізкультурна-аздараўленчы цэнтр Валожынскага раёна, дзе трэнер па футболе будзе трэніраваць юных аматараў скуранога мяча.

Спецыялісты РУП “Валожынскі жылкамунгас” працягваюць работы па замене свяцільняў вонкавага асвятлення ў Валожыне і Івянцы.

На бягучы год запланавана замяніць 605 свяцільняў. 300 штук ужо ўстаноўлены. На мінулым тыдні завезена другая партыя – 160 свяцільняў. Работы будуць весціся ў раёне вуліц 8 Сакавіка і да Пясочнай, а таксама за рынкам – на вуліцах Старога Уласа, Букштыновіча, Маладзёжнай і іншых. Работнікі зацікаўлены правесці работы ў сціслыя тэрміны, да 1 верасня, каб вучням, якія займаюцца ў другую змену, было камфортна дабірацца ў школу.

15 жніўня ў аграгарадку Мажэйкава Лідскага раёна праходзіў Адкрыты рэгіянальны фестываль песеннага фальклору памяці Земавіта Фядэцкага “Цёплыя вечары ды халодныя ранкі”. У якасці гасцей на фестываль былі запрошаны нашы землякі – заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь фальклорны ансамбль “Гасцінец”.

На працягу 40-хвіліннай канцэртнай праграмы ракаўскія артысты пазнаёмілі ўдзельнікаў фестывалю і мясцовых жыхароў з песнямі, танцамі, інструментальнай музыкай нашага рэгіёну, а таксама аўтэнтычнымі касцюмамі. Сустрэча атрымалася вельмі цёплай. Выязны канцэрт артысты сумясцілі з экскурсіяй у вёску Мураванка ўжо Шчучынскага раёна, дзе знаходзіцца невялікая царква-крэпасць ХVI стагоддзя дзіўнай архітэктуры.

Члены пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі райвыканкама ў мінулую суботу здзейснілі “вандроўку” па адметных мясцінах нашага раёна. І, сказаць сумленна, многія адкрылі для сябе шмат новага.

Экскурсійны маршрут пачаўся з Сакаўшчыны, дзе мясцовыя культработнікі пазнаёмілі з самабытнай творчасцю – ткацтвам на ніту, а потым далі майстар-клас па вырабе абярэгаў. Шмат аб’ектаў наведалі валожынцы ў аграгарадку Вішнева: пабывалі ў пакоі, прысвечаным Шымону Перасу, і наведалі парафіяльны музей ксяндза У. Чарняўскага. Таксама пабывалі ў касцёле і царкве, наталілі смагу вадой з мясцовай цудадзейнай крынічкі. Былі і ў Дзясятніках на нямецкіх могілках часоў Першай сусветнай вайны. Завяршылася вандроўка ў Дубіне, дзе гасцей гасцінна сустракалі “Дубінскія фанабэры” са сваім народным гумарам, прыпеўкамі і пачастункамі. Супрацоўнік Валожынскага краязнаўчага музея Н. У. Бобрык на працягу ўсяго маршруту расказвала пра наш раён і яго гістарычныя мясціны і помнікі. Дарэчы, гэта была першая вандроўка падчас каранавіруснай эпідэміі. А ў мінулыя гады іх здаралася і па 3 на тыдні.

14 жніўня пры ўдзеле старшыні раённай арганізацыі інвалідаў В. А. Субача на тэрыторыі Івянецкага дзіцячага дома-інтэрната для дзяцей з асаблівасцямі фізічнага развіцця адбылася сустрэча выхаванцаў з прадстаўнікамі аграсядзібы “Сельскі дом” з вёскі Падневічы.

Здаровая моладзь хутка знайшла агульную мову з выхаванцамі, госці пазнаёміліся з самой установай, яе добраўпарадкаванай тэрыторыяй. Была падрыхтавана невялікая канцэртная праграма.

У Валожынскай дзіцячай бібліятэкі шмат сяброў, якія шчодра дзеляцца з установай кнігамі з уласных бібліятэк.

Толькі за летнія месяцы фонды бібліятэкі папоўнілі кнігі, якія падарылі жыхары райцэнтра Марыя Фёдараўна Сакаловіч, Марына Рыгораўна Целяжэвіч, Таццяна Пятроўна Кезік, Дар’я Сяргееўна Абрамчук, Таццяна Уладзіміраўна Пачыкоўская, Марыя Уладзіміраўна Краўцова, Зоя Уладзіміраўна Саўчыц, юная чытачка Софія Рудовіч і выпускніца гімназіі Лера Петыш. Вялікія мяккія цацкі перадалі сем’і Санюковіч і Шаранговіч.