Да 1 верасня гатовы

Общество

Праязджаючы па вуліцы Шчарбіны, немагчыма не звярнуць увагу на велічны і яркі будынак СШ № 2 г. Валожына. Калі ж хто пажадае зазірнуць на прышкольны ўчастак ці ў любое з памяшканняў, абавязкова ацэніць напружаную работу па падрыхтоўцы да новага навучальнага года, якая вялася тут на працягу летніх месяцаў.

Па словах дырэктара школы Аляксандра Мікалаевіча Уланчыка, сёння калектыў поўнасцю гатовы да таго, каб 1 верасня сустрэць сваіх выхаванцаў і прыступіць да заняткаў.  У кабінетах уласнымі сіламі работнікаў праведзены касметычныя рамонты, заменены некаторыя элементы мэблі, наведзены парадак, падрыхтавана нагляднасць. На трэцім паверсе завершаны капітальны рамонт санвузлоў, на які зрасходавана 44680 рублёў. Самае ж асоўнае, паўз чаго не пройдзеш, не заўважыўшы станоўчых змен, – школьны ганак. Поўная яго рэканструкцыя абышлася раённаму бюджэту ў 23800 рублёў. Ступені, колькасць якіх павялічылася, зараз значна больш фізіялагічныя і адпавядаюць усім патрабаванням. Тое ж самае можна сказаць і адносна пандуса – асноўнага элемента безбар’ернага асяроддзя.        

Цяжка не ацаніць намаганні калектыву ўстановы адукацыі ў кірунку добраўпарадкавання. З густам аформлены школьны двор  хутка збярэ настаўнікаў і іх гадаванцаў на першую школьную лінейку. Педагогі спадзяюцца, што пасля працяглага адпачынку хлопчыкі і дзяўчынкі паспелі засумаваць па дружалюбнай атмасферы роднай школы і ўроках.

Старонку падрыхтавала Валянціна КРАЎНЕВІЧ