Догляд вырашае ўсё

Кругозор Общество

Праект “Прафілактыка падзенняў пажылых людзей” тычыцца важнай сацыяльнай праблемы, што хвалюе і саміх паважаных грамадзян, і тых, хто ажыццяўляе за імі догляд.

Згодна з прыблізнай статыстыкай, са 100% упаўшых і атрымаўшых траўмы людзей у гадах аднаўляюць сваё здароўе і здольнасць да актыўнага руху каля 25%, 50% застаюцца інвалідамі, а астатнія 25% паміраюць. Сітуацыю абяцае змяніць комплекс мер, што скіраваны супраць шматлікіх фактараў рызыкі падзенняў у адносінах да заяўленай катэгорыі. Праект рэалізуецца пры падтрымцы фондаў “Памяць, адказнасць, будучыня” ў супрацоўніцтве з Міжнародным грамадскім аб’яднаннем у рамках праграмы “Месца сустрэчы – дыялог”.

ТЦСАН супрацоўнічае з фондам не першы год. Сумесная дзейнасць  стала рэальнай дапамогай былым  вязням Вялікай Айчыннай вайны і іншым пажылым людзям. У мэтавай групе праекта – 40 чалавек, у адносінах да якіх праводзіцца работа па недапушчэнні падзенняў праз стварэнне бяспечнага асяроддзя. Таксама валанцёры і сваякі, якія прайшлі спецыяльную падрыхтоўку працуюць над дасведчанасцю ўзроставых падапечных адносна таго, як патрэбна паводзіць сябе, каб не дапусціць трагічных наступстваў падзення.

З красавіка па ліпень на базе ТЦСАН праводзіліся навучальныя семінары з удзелам лепшых спецыялістаў па дадзенай тэме. Валанцёры праекта і супрацоўнікі цэнтра правялі абследаванне жылых памяшканняў і прыдамовой тэрыторыі сваіх падапечных, выявілі праблемы і патрэбу ў сродках прафілактыкі і рэабілітацыі, якія закупляюцца па меры неабходнасці. У дамах некаторых удзельнікаў праекта (жыхары Валожына, Івянца, Ракава і іншых населеных пунктаў Валожынскага, Івянецкага і Ракаўскага сельсавета) устанаўліваюцца дадатковыя парэнчы. Прычым работа на дабрачыннай аснове выконваецца спецыялістам цэнтра Дзмітрыем Паскробкам. Маларухомыя людзі забяспечаны лаўкамі для ваннага пакоя, столікамі для кармлення ляжачых хворых, крэсламі для прыбіральні, палкамі для хадзьбы, сродкамі гігіены (па меры неабходнасці).

Праект разлічаны на паўтара года і ахоплівае жыхароў Валожыншчыны, што нарадзіліся да 9 мая 1945 года.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ