Узаемаадносіны падлеткаў і бацькоў

Безопасность и здоровье Молодежный курьер

Галоўнай асаблівасцю ўзаемаадносін падлеткаў з дарослымі з’яўляецца іх крайняя супярэчлівасць.

З аднаго боку, пачуццё даросласці прыводзіць да імкнення да самастойнасці і незалежнасці. Часта яно праяўляецца ў форме эмансіпацыі – пратэсту супраць апекі і кантролю з боку дарослых. З пазіцыі падпарадкаванасці старэйшым падлетак імкнецца перайсці ў пазіцыю роўнасці. З іншага боку, падлетак адчувае сябе такім жа членам грамадства і сям’і, як і дарослыя, таму імкнецца да раўнапраўя ва ўзаемаадносінах з бацькамі. Пачуццё даросласці прыводзіць да таго, што дарослы страчвае функцыю настаўніка, набывае функцыю партнёра. А з трэцяга боку, у падлетка захоўваецца вострая неабходнасць у любові, увазе, абароне, дапамозе і падтрымцы з боку бацькоў. Юны чалавек уступае ў фазу інтэнсіўнага фарміравання Я-канцэпцыі, што часта прыводзіць да супярэчлівых перажыванняў.

Задача бацькоў – не ігнараваць патрабаванні падлетка, а дапамагчы яму стаць дарослым і самастойным. Калі гэтага не адбываецца, у адносінах бацькоў і іх дзяцей узнікаюць канфлікты. Супраціўленне старэйшых  выклікае ў падлетка супраціўленне ў адказ у выглядзе розных форм пратэсту. Канфлікт можа працягвацца да той пары, пакуль дарослыя не зменяць адносіны да падрослага дзіцяці.

Аптымальнай пазіцыяй бацькоў у адносінах да дзяцей у палдеткавым узросце лічыцца супрацоўніцтва. Менавіта яно дазваляе даросламу паставіць юнака ці дзяўчыну ў новае становішча – свайго памочніка ў розных справах і занятках, а самому стаць для іх сябрам. Адказваючы на пытанне “З кім бы ты параіўся ў складанай жыццёвай сітуацыі?”, і юнакі, і дзяўчаты часцей за ўсё адказваюць, што звернуцца да маці. У той жа час сучасныя сем’і ў 90% выпадкаў характарызуюцца не камфортным псіхалагічным кліматам, а ў 70% выпадкаў – яркімі дэфектамі выхавання, што прыводзіць да парушэння псіхалагічнага развіцця і сацыялізацыі падлетка.

Уладзімір ГАРБАЧЭЎСКІ, псіхолаг ЦРБ