Тое, што неабходна папярэдзіць

Безопасность и здоровье Молодежный курьер Общество

Вывучэнне праблемы суіцыдаў сярод моладзі паказвае, што падлеткі часта рашаюцца на самагубства з мэтай звярнуць на сябе ўвагу бацькоў, настаўнікаў, іншых значных для іх людзей, выказаць пратэст супраць бяздушша, цынізму і жорстаксці дарослых. Прычыны суіцыду юнака ці дзяўчыны часта шукаюць у апошніх падзеях іх жыцця, але часцей за ўсё гэтыя падзеі з’яўляюцца апошнімі кроплямі, што перапоўнілі чашу цярпення падлетка.

Суіцыд ніколі не бывае выпадковым. Падлетак выношвае гэту ідэю, бо перажывае траўлю, падман, пагрозы, прыніжэнне, здзекі, насілле.

Больш за 80% людзей паведамляюць пра гатоўнасць здзейсніць суіцыд, дзеці ў тым ліку. Падлетак можа прама гаварыць пра свой намер ці разважаць на гэту тэму. Дарослых павінны занепакоіць выразы кшталту  “ўсё збрыдла”, “ненавіджу сябе і ўсіх”, “так жыць нельга”, “жыць не хачу”, разважанні пра смерць і ўласнае пахаванне.

Прыкметы гатоўнасці дзіцяці да суіцыду:

страта інтарэсу да любімых заняткаў;

незацікаўленасць у тым, каб добра выглядаць;

жаданне быць аднаму;

перапады настрою;

рэзкае зніжэнне паспяховасці ў школе;

дрэнныя паводзіны, прагулы, парушэнне дысцыпліны;

схільнасць да рызыкі;

страта апетыту (ці наадварот), дрэннае самаадчуванне, бяссонніца (ці санлівасць), кашмары ў сне;

раўнадушнае расставанне з рэчамі, грашамі;

імкненне прывесці справы ў парадак, падвесці вынік, прасіць прабачэння за крыўды.

Калі вы заўважылі ў падлетка суіцыдальныя схільнасці, пастарайцеся шчыра пагаварыць з ім, высветліць, што яго хвалюе, ці патрэбна яму дапамога. Не варта задаваць пытанні пра суіцыд, калі чалавек сам не кранае гэту тэму.

Уладзімір ГАРБАЧЭЎСКІ, псіхолаг ЦРБ