Гэта дарога, у якой мы будзем шукаць свой шлях будучыні Беларусі

2021 - Год народнага адзінства Важное Общество

23 жніўня ў Маладзечне прайшоў форум “Беларусь адзіная”, які сабраў каля 800 удзельнікаў з усіх рэгіёнаў сталічнай вобласці. Сюды з’ехаліся прадстаўнікі ўлады, грамадскіх аб’яднанняў, дэпутацкага корпуса, ваеннаслужачыя, моладзь і журналісты, каб разам з вядомымі палітолагамі, эканамістамі і сацыёлагамі абмеркаваць пытанні, якія зараз хвалююць усіх і кожнага, хто жыве ў нашай краіне. У рабоце дыялогавай пляцоўкі прыняла ўдзел і дэлегацыя Валожынскага раёна.

Спікерамі форума выступілі намеснік старшыні Мінаблвыканкама Іван Маркевіч; кандыдат эканамічных навук, дацэнт Інстытута эканомікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Анастасія Баброва; філосаф, публіцыст, палітычны аглядальнік Аляксей Дзермант; палітычны аглядальнік, член камісіі па выпрацоўцы паправак у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь Аляксандр Шпакоўскі; эканамічны аглядальнік Аляксей Аўдонін.

Як адзначыў мадэратар мерапрыемства, дэкан факультэта філасофіі і сацыяльных навук Белдзяржуніверсітэта, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Вадзім Гігін, форум – гэта дарога, у якой мы будзем шукаць свой шлях будучыні Беларусі. “Паказальна, што за апошні год у нас нарадзілася шмат новых традыцый, якія аб’ядноўваюць грамадства. Гэта і аўтапрабегі, і дыялогавыя пляцоўкі, дзе можна свабодна выказацца на хвалюючыя тэмы і падзяліцца сваёй пазіцыяй, – падкрэсліў Вадзім Францавіч.

–Рыхтуючыся да такіх сустрэч, мы стараемся падтрымаць атмасферу адкрытасці і шчырасці – тут атмасферу, якую людзі адчулі падчас “Вялікай размовы з Прэзідэнтам”. Гэтыя сустрэчы так і праходзяць. Адметна, што сама ініцыятыва іх правядзення нарадзілася ў рэгіёнах. І зараз да нас звяртаюцца людзі з раёнаў, у тым ліку цэлыя працоўныя калектывы. Гэта сведчыць пра вялікую цікавасць да таго, што адбываецца, і, самае галоўнае, да перспектыў далейшага развіцця краіны”.

Сустрэча доўжылася тры гадзіны. Гаварылі аб санкцыях, пандэміі і яе ўздзеянні на эканоміку краіны, абмяркоўвалі пытанні патрыятычнага выхавання моладзі і канстытуцыйнай рэформы, захавання гістарычнай праўды, а таксама адзінства беларускага народа, ролі маладога пакалення ў дзяржаўным будаўніцтве.

Удзельнікі не толькі задавалі пытанні, але і выказвалі сваё меркаванне, выступалі з прапановамі і крытыкай. І ўсе аднадушна адзначалі важнасць такіх сустрэч, якія яшчэ раз даюць магчымасць упэўніцца ў тым, што народ захаваў адзінства. Шмат выступоўцаў, якія падыходзілі да мікрафона, гаварылі пра любоў да сваёй радзімы, выказвалі ідэі, якія, па іх меркаванні, згуртуюць Беларусь. Сярод іх: “Адзінства. Праца. Любоў”, “Традыцыі. Пераемнасць. Сям’я”, “Міласэрнасць. Дабрыня. Валанцёрскі рух”.

Закранулі і дату 17 верасня – Дня народнага адзінства. Вадім Гігін падкрэсліў, што яна, як і 3 ліпеня, – сімвал гэтага года, які паказвае сілу нашай краіны. “Мы вярнуліся да сваёй гісторыі, – сказаў ён. – 17 верасня – гэта кропка невяртання, суверэнітэта, незалежнасці, гонару за гісторыю, за наша адзінства. Гэта тэст на беларускасць”.

Пасля правядзення такога маштабнага форуму мы папрасілі некаторых прадстаўнікоў нашай дэлегацыі падзяліцца сваімі ўражаннямі.

Пётр БІБІК, старшыня раннага Савета дэпутатаў:

– Мерапрыемства ў Маладзечне – важны форум не толькі для Мінскай вобласці, але і для ўсіх грамадзян Беларусі, бо тут сабраліся разам прадстаўнікі розных сфер дзейнасці, якія ў многіх фарміруюць меркаванне людзей, і палітыку ў тым ліку. Асабліва адметна тое, што ў якасці экспертаў выступалі прафесіяналы вышэйшай ступені, якія маглі даць адказ на любое цікавячае аўдыторыю пытанне. А яны паступалі розныя.

Зараз рыхтуюцца змены ў Канстытуцыю. Уразіў той момант, што не спяшаюцца прыняць рашэнне па асобных пунктах нават у рамках канстытуцыйнай камісіі, дзе працуюць аўтарытэтныя людзі, а менавіта пасля таго, як параяцца з народам. І гэта правільна, бо часам з месцаў можна пачуць досыць слушныя парады ад людзей, якія жывуць, як кажуць, на зямлі. У прыватнасці, па роду дзейнасці мяне цікавіць пытанне далейшай дзейнасці Саветаў пярвічнага звяна: іх паўнамоцтвы будуць пашырацца. Насамрэч, старшыні сельвыканкамаў павінны самі аператыўна прымаць рашэнні і мець усе магчымасці, у тым ліку і фінансавыя, для вырашэння паўсядзённых пытанняў і праблем, што ўзнікаюць у населеных пунктах, якія ўваходзяць у склад сельсаветаў.

Галіна РАЙ, старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын,  дэлегат VI Усебеларускага народнага сходу:

– Мне спадабалася, што нарэшце сталі абмяркоўваць ідэалогію нашай дзяржавы – фармуляваць яе і вызначаць, якой яна павінна быць у адзіным грамадстве – менавіта ў адзіным, аб чым мы гаворым увесь год: нам трэба аб’ядноўвацца, ісці ў адным кірунку. Я даўно гаварыла, яшчэ пакуль не было гэтых падзей, што патрыятызму ў плане дзяржаўнай сімволікі ў нас не хапае – трэба, каб кожны грамадзянін Беларусі пранікся гэтым і даражыў сваёй дзяржаўнасцю. Бо, бываючы за мяжой, можна паўсюдна заўважыць нейкі незразумелы для нас патрыятызм, калі дзяржаўныя сімвалы размешчаны на кожнай сумцы, кашулі, майцы і іншых прадметах. Гэта сцвярджае аб тым, што людзі даражаць сваёй дзяржавай і аддадзены ёй. Хацелася б, каб і ў нас была такая магчымасць, каб дзяржаўныя сімвалы вывешваліся не толькі ў святочныя дні, а каб яны былі ў нас у душы.

Вольга ПРАТАСЕВІЧ, дэпутат раённага Саветаў дэпутатаў па Чапаеўскай выбарчай акрузе № 8:

– Сустрэча вельмі добрая, цёплая, жывая – гэта дыялог, якім нас зарадзіў кіраўнік дзяржавы. Як прадстаўнік маладога пакалення, дэпутацкага корпуса магу сказаць: на цяперашнім этапе мы імкнёмся больш і глыбока зразумець усю сутнасць сённяшняга паняцця адзінства. Я ганаруся тым, што з’яўляюся грамадзянінам Рэспублікі Беларусь: вось зараз кажу, а ў мяне ўнутры – хваляванне, лёгкія дрыжыкі. І, часам гаворачы аб гэтым родным, вы не паверыце, у мяне выступаюць слёзы. Мне зусім не сорамна, што ў сваім узросце прыйшла да гэтага. Падтрымліваю добрыя справы, пачынанні, ідэі, якія прывядуць і, уласна кажучы, прыводзяць да вялікага выніку – у плане эканамічнага балансу, адзінай думкі. Бо, калі мы разам і ў нас адна мэта – мы сапраўды непераможныя! Заклікаю ўсіх зразумець глыбіню і важнасць таго, што павінна быць нашым, таго, што мы не павінны нікому аддаць.

Сяргей МІКЕНЯ, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Валожынскага лясгаса:

– Такое мерапрыемства дае магчымасць на месцах у фармаце дыялога абмеркаваць з прафесіянальнымі экспертамі найбольш актуальныя тэмы. У прыватнасці, удалося пачуць адказы на тыя пытанні, якія задавалі калегі, даведацца пра далейшае развіццё нашага грамадства, пра шлях, па якім будзем ісці далей.

Выклікала цікавасць тэма нацыянальнай ідэі Рэспублікі Беларусь, хоць і засталася не да канца раскрытай.

Алена ЗАЛЕСКАЯ,
фота аўтара