Лукашэнка аб сітуацыі ў сельскай гаспадарцы: мы ўмеем рабіць усё, але з нашай бязладнасцю трэба заканчваць

Аграрный сектор и промышленность Важное Главное

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння ў час рабочай паездкі ў Лагойскі раён запатрабаваў разабрацца з недысцыплінаванасцю і невыканальнасцю ў сельскай гаспадарцы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

«У гаспадарцы «Астрошыцы» кіраўніку дзяржавы далажылі аб перспектывах развіцця збожжаўборачнага камбайнабудавання. Падставай для мерапрыемства стаў незвычайны юбілей: напярэдадні споўнілася 25 гадоў, як на «Гомсельмашы» па даручэнні Прэзідэнта пачалі выпускаць беларускія камбайны.

«Мерапрыемства некалькі сімвалічнае. Але прысвечана вельмі важнаму этапу ў развіцці нашай дзяржавы. Нават не сельскай гаспадаркі. Мы добра памятаем, калі людзям есці не было чаго, людзей трэба было накарміць. А без хлеба як? Здарылася так, што нейкі хлеб у полі быў, а ўбіраць яго не было чым. І вось тады прымаліся сур’ёзныя рашэнні ў плане таго, чым убіраць хлеб», — нагадаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, гэта прынятае чвэрць стагоддзя таму рашэнне было цяжкім. Гучалі меркаванні адмовіцца ад вытворчасці ўласнай уборачнай тэхнікі і закупляць яе ў Германіі. Аднак за пару гадоў беларускім прамыслоўцам удалося выпусціць сваю машыну. «Гэта нам дало магчымасць падысці да стварэння зусім новых камбайнаў, якія сёння ўжо канкурыруюць з тымі ж нямецкімі, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Таму спакойна пачалі праводзіць уборачную кампанію. Сёння маем усю лінейку сельскагаспадарчай тэхнікі».

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка не змог абмінуць і негатыўныя моманты, адзначыўшы безгаспадарчае стаўленне да тэхнікі і ўраджаю ў час уборачнай. «Мы ўмеем усё рабіць, але гэта бязладнасць, недысцыплінаванасць, невыканальнасць — гэта катастрофа. З гэтым трэба заканчваць», — запатрабаваў кіраўнік дзяржавы.

За 25 гадоў айчыннаму збожжаўборачнаму машынабудаванню ўдалося дасягнуць шмат. Сёння выпускаюцца 11 мадэлей тэхнікі ў 75 мадыфікацыях. Яшчэ 7 новых мадэлей у бліжэйшы час будуць запушчаны ў вытворчасць.

Паводле слоў генеральнага дырэктара «Гомсельмаша» Аляксандра Новікава, калі ў мінулым годзе холдынг выпусціў крыху больш за 1,8 тыс. самаходных машын, то за гэта першае паўгоддзе — амаль 1 тыс. адзінак тэхнікі. «Плануем да заканчэння года выпусціць 2 170 машын. У нас ужо практычна да сярэдзіны наступнага года сфарміраваны пакет заказаў», — праінфармаваў ён Прэзідэнта.

Аляксандр Новікаў расказаў кіраўніку дзяржавы аб перспектывах развіцця прадпрыемства, удасканаленні існуючых мадэлей камбайнаў і распрацоўцы новых. Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб сваім патрабаванні актыўней займацца імпартазамяшчэннем, хоць менавіта на «Гомсельмашы» ў гэтым напрамку зроблена нямала: за апошнія пяць гадоў імпартаёмістасць вытворчасці скарочана ў два разы.

«Гэта трэба рабіць. А то мы жалеза зробім, а разумныя вузлы — гідраўліка, электроніка — купляем на Захадзе. Трэба самім гэта рабіць», — падкрэсліў Прэзідэнт.

На полі гаспадаркі «Астрошыцы» кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з узорамі збожжаўборачных камбайнаў, іншай сельгастэхнікі і імпартазамяшчальнай прадукцыі (камплектуючых вырабаў да збожжаўборачных камбайнаў вытворчасці беларускіх прадпрыемстваў). Тут былі таксама прадэманстраваны пасяўныя агрэгаты ААТ «Лідаграпраммаш», які ўваходзіць у холдынг «Гомсельмаш», і холдынга «АМКАДОР».