Лукашэнка: я марыў аб тым, што мы пачнём рабіць свае камбайны, і мара здзейснілася

Аграрный сектор и промышленность Важное

Просмотреть запись

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што здзейснілася яго мара аб вытворчасці айчынных збожжаўборачных камбайнаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У Лагойскім раёне на полі гаспадаркі «Астрошыцы» кіраўніку дзяржавы далажылі аб стане і перспектывах збожжаўборачнага камбайнабудавання. Падставай для мерапрыемства стаў незвычайны юбілей: напярэдадні споўнілася 25 гадоў, як з удзелам самога кіраўніка дзяржавы было прынята гістарычнае рашэнне развіваць у краіне гэты напрамак.

«Мерапрыемства некалькі сімвалічнае. Але прысвечана вельмі важнаму этапу ў развіцці нашай дзяржавы. Нават не сельскай гаспадаркі. Мы добра памятаем, калі людзям не было чаго есці, людзей трэба было накарміць. А без хлеба як? Здарылася так, што нейкі хлеб у полі быў, а ўбіраць яго не было чым. І вось тады прымаліся сур’ёзныя рашэнні ў плане таго, чым убіраць хлеб», — нагадаў Аляксандр Лукашэнка.

На лінейцы тэхнікі ён у тым ліку агледзеў першы камбайн — КЗ-10 «Палессе-Ротар», з якога ўсё пачыналася. «Трэба яго ўжо выводзіць з абароту і ставіць на пастамент — у музей. З гэтага ўсё пачыналася. А так паглядзіш — прыгожы, і не скажаш, што ён старадаўні», — заўважыў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт затрымаўся на некалькі хвілін ля гэтага першага камбайна, успомніў, як усё пачыналася: «Чвэрць стагоддзя прайшла. Я зыходзіў з таго, што нечым трэба ўбіраць. Але не гэта галоўнае. Галоўнае, што мы пачыналі рабіць свае збожжаўборачныя камбайны. І калі вы не маглі тады нічога лепшага хутка зрабіць, спыніліся на гэтым».

Аляксандр Лукашэнка адзначыў: тым не менш, камбайн атрымаўся нядрэнны і бюджэтны, што было асабліва важна для гаспадарак у тыя гады: «Страт не было. Для мяне гэта было самае галоўнае, што камбайн ідзе, убірае збожжа. Ён у рэшце рэшт быў нават не горшы за нямецкія ГДРаўскія камбайны (вытворчасці Германскай Дэмакратычнай Рэспублікі, што існавала ў Цэнтральнай Еўропе ў 1949-1990-я гады. — Заўвага БЕЛТА). Я на іх працаваў у свой час і ўбачыў, што ён (беларускі камбайн. — Заўвага БЕЛТА) убірае не горш. Таму было прынята такое рашэнне. Я разумеў, што мы навучымся гэта рабіць. Трэба было пачынаць».

«Усё можам зрабіць, асабліва цяпер. Свет узаемазалежны. Сёння не ўмееш рабіць — заўтра навучышся: недзе купіў, нешта скапіраваў, палепшыў… — падкрэсліў беларускі лідар. — Галоўнае, я марыў аб тым, што мы пачнём рабіць свае камбайны. Вось — мара здзейснілася».

Ён упэўнены, што галоўнае — не баяцца брацца за справу і не думаць, што нешта не атрымаецца. Перш за ўсё ў пытаннях імпартазамяшчэння. І яскравы таго прыклад — айчынныя камбайны, большая частка якіх пастаўляецца на экспарт. «Калі прымалі рашэнне, наогул катастрофа была. Прынялі рашэнне — стварылі камбайн. Гэта яны здзейснілі подзвіг, — заўважыў кіраўнік дзяржавы. — «Гомсельмаш» стаў іншым, і людзі іншыя — на галаву вышэй. Па ўсім свеце пастаўляем тэхніку. І ў абаронцы давялося шмат чаго рабіць. Але гэта не лягчэй».

Раней у гэтым месяцы ў Рагачоўскім раёне Прэзідэнту прадэманстравалі ў рабоце новы самаходны збожжаўборачны камбайн GH810 (КЗС-3321). А на гэты раз паказалі ў тым ліку машыну з сістэмай аўтаматычнага ваджэння, дзе прыменена тэхналогія інтэлектуальнага зроку: камеры і сучасная аўтаматыка даюць магчымасць камбайнеру практычна не адцягваць увагу на ваджэнне і сачыць толькі за якасцю ўборкі.

На заканчэнне мерапрыемства Аляксандру Лукашэнку падарылі зменшаную копію таго самага першага айчыннага збожжаўборачнага камбайна.

Як расказаў журналістам генеральны канструктар навукова-тэхнічнага цэнтра камбайнабудавання ААТ «Гомсельмаш» Сяргей Федаровіч, за параўнальна невялікі тэрмін — 25 гадоў айчыннага збожжаўборачнага машынабудавання — удалося шмат чаго дасягнуць. На сённяшні дзень выпускаюцца 11 мадэлей тэхнікі ў 75 мадыфікацыях. Яшчэ сем новых мадэлей у бліжэйшы час будуць запушчаны ў вытворчасць. «Пройдзены каласальны шлях, — падкрэсліў ён. — Вядома, рашэнне аб стварэнні айчыннага збожжаўборачнага камбайнабудавання было гістарычным».

Што датычыцца перспектыў, то ў бліжэйшы час у шэрагу класаў машын з’явяцца яшчэ больш сучасныя і дасканалыя мадэлі. «У асноўным мы працуем на экспарт. Туды будзем рабіць мадэлі. Плюс распрацоўваем мадэлі найбольш прадукцыйных машын», — расказаў Сяргей Федаровіч.