Сістэма адукацыі да пачатку навучальнага года гатова — Мінадукацыі

Важное Общество

Сістэма адукацыі да пачатку навучальнага года гатова, заявіла сёння журналістам намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі — начальнік упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Ірына Каржова, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

«Сістэма адукацыі да пачатку навучальнага года гатова. Плануецца, што з 1 верасня будуць функцыянаваць 2940 дзяржаўных устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, на заняткі прыйдуць каля 1 млн 85 тыс. вучняў, з іх 118 тыс. — першакласнікі. Прыемна адзначыць, што ўжо на працягу шэрага гадоў колькасць вучняў і колькасць першакласнікаў у школах павялічваецца», — расказала Ірына Каржова.

У строй уводзяцца сем новых школ: у Баранавічах, Гомелі, Бабруйску, Стоўбцах, Калодзішчах, а таксама дзве ў Мінску. Прадаўжаецца цэнтралізаваная пастаўка навучальнага абсталявання ва ўстановы адукацыі. У бягучым годзе плануецца аснасціць 380 кабінетаў біялогіі.

«Практычна ва ўсіх устаноў адукацыі падпісаны сертыфікаты гатоўнасці да пачатку навучальнага года. Рамонты выконваліся ў адпаведнасці з графікам. На рамонтныя работы ў 2021-2022 навучальным годзе плануецца накіраваць больш за Br140 млн. Акрамя таго пры падпісанні сертыфіката гатоўнасці звяртаецца ўвага на забяспечанасць устаноў адукацыі педагагічнымі кадрамі. У бягучым годзе накіраваны каля 6 тыс. маладых спецыялістаў. Да пачатку навучальнага года ўстановы адукацыі павінны быць забяспечаны падручнікамі, навучальнымі дапаможнікамі і неабходнай вучэбна-плануючай дакументацыяй: класнымі журналамі, вучэбнымі планамі, метадычнымі матэрыяламі для настаўнікаў», — адзначыла начальнік упраўлення.

Паводле яе слоў, завяршаецца пераход на новыя навучальныя праграмы, які быў пачаты ў 2015-2016 навучальным годзе. «У адпаведнасці з гэтым распрацоўваюцца, ствараюцца і выдаюцца навучальныя дапаможнікі. Усяго ў 2021 годзе запланавана выдаць 41 навучальны дапаможнік, сярод іх 14 новых для 11-класнікаў. Да 1 верасня ўсе выдадзеныя навучальныя дапаможнікі будуць ва ўстановах адукацыі. На нацыянальным адукацыйным партале ў свабодным доступе размешчаны электронныя версіі ўсіх навучальных дапаможнікаў, якія дапушчаны да выкарыстання ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі», — сказала яна.

Урачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню ведаў, пройдуць 1 верасня. Да ўдзелу ў іх запрашаюцца прадстаўнікі шэфствуючых прадпрыемстваў, грамадскіх аб’яднанняў і выпускнікі, грамадскія дзеячы, кіраўнікі міністэрстваў і ведамстваў. Тэма першага ўрока прысвечана Году народнага адзінства — «Адзінства беларускага народа — аснова незалежнай краіны».

«У бягучым навучальным годзе мы прадаўжаем на трэцяй ступені рэалізоўваць профільнае навучанне — магчымасць вывучаць прадметы на базавым і павышаным узроўні. Функцыянуюць 10-11 класы прафесійнай накіраванасці: педагагічнай, аграрнай, спартыўна-патрыятычнай і ваенна-патрыятычнай. Для вучняў базавых класаў арганізаваны курс прафесійнай падрыхтоўкі па працоўным навучанні. Да 2021-2022 навучальнага года актуалізаваны пералік прафесій, якія могуць асвойвацца вучнямі 10-11 базавых класаў у рамках працоўнага навучання. Пералік прадугледжвае толькі тыя прафесіі, па якіх магчыма здача кваліфікацыйнага экзамену», — растлумачыла Ірына Каржова.

Асобная ўвага ў гэтым навучальным годзе адводзіцца адукацыйным экскурсіям пры вывучэнні тэм. «З 1 верасня запланавана рэалізацыя пілотнага праекта: будуць арганізаваны экскурсіі для вучняў 10-11 класаў — адна экскурсія ў паўгоддзе для кожнага класа. Для абласцей падрыхтаваны пералік аб’ектаў, рэкамендаваных для адукацыйнага наведвання вучнямі 11 класаў пры вывучэнні тэм навучальных прадметаў, распрацаваны метадычныя рэкамендацыі па іх правядзенні», — канстатавала начальнік упраўлення.

Ірына Каржова дадала: установы адукацыі цесна ўзаемадзейнічаюць з МУС і МНС. «Пытанне па стварэнні бяспечных умоў знаходзіцца на кантролі Мінадукацыі і з’яўляецца асноватворным пры арганізацыі адукацыйнага працэсу. На сёння ўсе ўстановы адукацыі, размешчаныя ў зонах рэагавання падраздзяленняў Дэпартамента аховы МУС, аснашчаны ручнымі сістэмамі трывожнай сігналізацыі», — рэзюмавала яна.