Лукашэнка не выключае, што 2022 год можа быць аб’яўлены Годам настаўніка і адукацыі

Важное Главное Общество

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка не выключае, што 2022 год у Беларусі можа быць аб’яўлены Годам настаўніка і адукацыі. Так ён адказаў на пытанне адной з удзельніц пленарнага пасяджэння Рэспубліканскага педсавета, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Рэагуючы на паступіўшую прапанову аб’явіць 2022 год Годам настаўніка і адукацыі, Аляксандр Лукашэнка сказаў: «Амаль станоўча. Так, я не першы раз чую гэта. І я шчыра сказаў: амаль з гэтым згодны».

Прэзідэнт растлумачыў, што перад тым як падпісвае дакументы аб тым, чаму будзе прысвечаны той ці іншы год, паступае шмат розных прапаноў. «Яны яшчэ будуць. Але гэта, улічваючы, што мы будучы год прысвячаем у многім вырашэнню праблем адукацыі, я не выключаю. Але пакуль не абяцаю. Таму што раптам прынясуць яшчэ нейкую цудоўную прапанову, і яна будзе лепшая за гэту. Я ж павінен быць справядлівым. Хоць душа мая і сэрца там — у адукацыі. Таму я буду да гэтага схільны і буду помніць вашу прапанову», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Як паведамлялася БЕЛТА, у сваім выступленні на педагагічным форуме Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў будучым годзе адукацыі будзе ўдзелена асаблівая ўвага. «Давайце загарымся адной ідэяй, давайце нашу краіну абаронім. Гэта краіна для вашых дзяцей. Вось яе трэба для дзяцей захаваць. Калі мы з такім пачуццём прыйдзем у школу, мы зробім справу і вырашым тыя праблемы, якія стаяць перад намі сёння», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт адзначыў, што пачуў меркаванні ўсіх прамоўцаў на пленарным пасяджэнні па розных пытаннях. «Будучы год мы прысвецім адукацыі. Мы павінны разгледзець усё — ад прыёму ў школу», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Таксама, паводле яго слоў, асобная ўвага будзе ўдзелена будаўніцтву і размяшчэнню школ у гарадах. Праблем у гэтым нямала, адзначыў кіраўнік дзяржавы. «У нас хапае школ, але ўзнікла праблема. Дапусцім у Мінску, у цэнтры, свабодны дзіцячыя сады і школы (насельніцтва ўжо старэйшае, не нараджаюць), а моладзь, якая нараджае, жыве на ўскраіне, і мы пачынаем штампаваць там школы. А гэта каласальныя грошы», — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, такія пытанні ўзнікаюць і ў рэгіёнах, калі ў сельскіх школах не хапае вучняў, а педагогам з-за недахопу педагагічных кадраў даводзіцца весці некалькі прадметаў. Такія школы давялося закрываць. Але быў арганізаваны падвоз вучняў з вёсак у райцэнтры. «Ад мяне патрабуюць школу не закрываць. Дык мы што, для птушкі дзяцей у школу адпраўляем? Яны ж за ведамі ідуць. А якія будуць веды, калі адзін настаўнік адначасова вядзе тры ўрокі ў адным класе, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Гэтак жа і ў Мінску. Чаму мы баімся падвезці, калі трэба, асобныя маршруты арганізаваць? Гэта будзе значна танней».

У Рэспубліканскім  педагагічным савеце прыняла ўдзел дэлегацыя нашага раёна. Педагогі Валожыншчыны сталі ўдзельнікамі тэматычных секцый і круглых сталоў, у ходзе якіх былі актуалізаваны асноўныя кірункі развіцця сферы адукацыі, удакладняліся падыходы да вырашэння надзённых задач.

На плянарным пасяджэнні вялося абмеркаванне стратэгічных пытанняў развіцця нацыянальнай сістэмы адукацыі да 2030 года.

Удзельнікі Рэспубліканскага педагагічнага савета выказалі свае меркаванні:

Алена КЛАЧКО, дырэктар гімназіі № 1 г. Валожына:

– На Рэспубліканскі педагагічны савет з’ехалася педагагічная грамадскасць з усіх куткоў нашай рэспублікі. У першы дзень яго работы працавала 13 секцый. Цікавым і карысным быў вопыт не толькі сталічных устаноў адукацыі, але і Гродзенскай вобласці, якія ўключыліся ў інавацыйную дзейнасць па стварэнні бяспечнага і бесканфліктнага асяроддзя, аказанні псіхалагічнай дапамогі вучням у крызісных сітуацыях праз стварэнне школьных служб медыяцыі.

Уразіла выступленне кіраўніка дзяржавы, нераўнадушнага да таго, хто і як арганізуе навучальны і выхаваўчы працэсы ў школе, падкрэсліваючы, што школа – гэта не сфера адукацыйных паслуг, а перш за ўсё – апора дзяржавы. Менавіта настаўнік стаіць ля вытокаў фарміравання адзінай нацыі, таму грамадзянская і жыццёвая пазіцыя педагога павінна быць прыкладам для вучня, калег, бацькоў.

Ва ўстановах адукацыі створаны бяспечныя ўмовы для знаходжання вучняў. Аднак педагогам неабходна больш увагі надаваць зносінам дзяцей у школе. У апошні час у дзіцячых калектывах распаўсюджаны такія з’явы, як булінг (ганенне), дзеці часам становяцца ізгоем у класе. Настаўнік з’яўляецца ключавой фігурай у вырашэнні канфліктных сітуацый. Акрамя таго, па статыстыцы амаль 40 працэнтаў бацькоў маюць цяжкасці ў выхаванні дзяцей і патрэбу ў кваліфікаванай дапамозе педагогаў. Бацькам трэба давяраць школе, кампетэнтнасці педагогаў, быць іх саюзнікамі.

Ганна САДОЎСКАЯ,  настаўніца працоўнага навучання СШ № 2 г. Валожына:

– Я прымала ўдзел у рабоце секцыі № 12 “Стварэнне бяспечнага і сяброўскага асяроддзя ва ўстанове адукацыі”, дзе разглядаліся пытанні аб рэалізацыі сістэмнага падыходу ў адукацыйнай сферы, накіраванага на прафілактыку і вырашэнне складаных крызісных сітуацый. Таксама абмяркоўваліся пытанні сучасных падыходаў да работы з канфліктным узаемадзеяннем усіх узроўняў ва ўстанове адукацыі (медыяцыя і яе магчымасці для дзяцей, бацькоў, педагогаў), аб нарматыўна-прававой граматнасці педагагічнага работніка. Пазнаёміліся з вопытам работы па стварэнні сяброўскага і падтрымліваючага асяроддзя ў гімназіі № 146 г. Мінска, дзе і праходзіла наша секцыя.

Вечарам у Вялікім тэатры Беларусі адбыўся святочны канцэрт – атрымала сапраўдную асалоду ад цудоўных вакальных і харэаграфічных нумароў вядучых артыстаў тэатра.

На другі дзень педагагічны савет прадоўжыў сваю работу на плянарным пасяджэнні, дзе можна было азнаёміцца з выставай эфектыўнага педагагічнага вопыту, творчых дасягненняў педагогаў, навінкамі вучэбнай і вучэбна-метадычнай літаратуры, з адукацыйнымі рэсурсамі і тэхналогіямі ў сферы адукацыі. Перад педагогамі выступіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка.

Інна КЕРБЕДЗЬ, настаўнік працоўнага навучання СШ № 1 г. Валожына:

– Першы дзень удзелу ў Рэспубліканскім педагагічным савеце запомніўся плённай работай у секцыі “Аб’яднанне намаганняў удзельнікаў выхаваўчага працэсу ў вырашэнні важнейшай дзяржаўнай задачы выхавання грамадзяніна і патрыёта сваёй краіны”. Падчас канструктыўнага дыялогу ў чарговы раз упэўнілася ў тым, што адна з галоўных задач выхаваўчага працэсу – фарміраванне асобы дзіцяці як грамадзяніна, патрыёта сваёй краіны.

Плянарнае пасяджэнне праходзіла ў сяброўскай, цёплай атмасферы. Былі закрануты важныя пытанні, якія тычацца кожнага з нас: удасканаленне сістэмы адукацыі і выхавання, пераемнасці пакаленняў, павышэння прэстыжу школы і педагагічнай прафесіі. Усё гэта не магло пакінуць мяне раўнадушнай як педагога, як маці, як члена грамадства.

Атрымаўшы зарад энергіі, шмат станоўчых эмоцый на новы навучальны год, работу буду планаваць з улікам усяго вышэй сказанага, робячы ўпор на развіццё асобы вучня, яго станаўленне, выкарыстоўваючы ўсё сваё педагагічнае майстэрства, навыкі і веды дзеля таго, каб з дзяцей пасля выраслі сапраўдныя прафесіяналы, годныя грамадзяне нашай любімай Беларусі.

Вольга БАРБАШЫНСКАЯ, выкладчыца замежнай мовы Валожынскага сельскагаспадарчага ліцэя:

– Рэспубліканскі педагагічны савет прайшоў у актыўнай і пазнавальнай форме. Секцыя № 5, куды была размеркавана, праходзіла ў Мінскім прафесійным ліцэі транспартнага будаўніцтва, дзе разглядалася тэма “Развіццё прафесіянальнай адукацыі ў сучасных сацыяльна-эканамічных умовах”. Падчас размовы актыўна абмяркоўвалася праблема недабору ў такія навучальныя ўстановы. Падчас знаёмства з выставай эфектыўных педагагічных парктык і творчых дасягненняў педагогаў “Вопыт, творчасць, інавацыі” асабліва ўразіў дапаможнік па дыстанцыйным навучанні, які распрацаваны для ўсіх відаў устаноў адукацыі.

Вельмі змястоўным, канкрэтным і дэталёвым быў даклад Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі. Вялікую ўвагу кіраўнік дзяржавы звярнуў патрыятычнаму выхаванню моладзі. Прысутныя звярнуліся да Прэзідэнта ўвесці ў вучэбна-выхаваўчы працэс абавязковае наведванне вучнямі найболь вядомых мясцін Беларусі, у тым ліку і рэгіянальныя славутасці. З натхненнем успрынялі прапанову Прэзідэнта аб адказнасці бацькоў за выхаванне дзяцей. Вялікая роля ў гэтым адводзіцца бацькоўскім сходам, дзе патрэбна праводзіць выхаваўчую работу і сярод бацькоў. З выступлення лідара дзяржавы даведаліся аб павышэнні зарплаты работнікам сферы адукацыі, асабліва класным кіраўнікам, куратарам, работнікам дашкольных устаноў. Асабліва кранула, калі Прэзідэнт выказаў пажаданне зрабіць беларускую школу лепшай у свеце.