«Подзвіг здзейснілі». Пад Мінскам з удзелам Лукашэнкі адзначылі 25-годдзе рэвалюцыі ў камбайнабудаванні

Аграрный сектор и промышленность Важное Главное Общество

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння ў Лагойскім раёне пабываў на полі гаспадаркі «Астрошыцы». Аднак галоўнай тэмай размовы ўсё ж быў не бягучы стан у вёсцы або ход уборачнай кампаніі, а знамянальная дата — 25 гадоў з таго часу, як у Беларусі пры асабістым удзеле кіраўніка беларускай дзяржавы было прынята рашэнне аб развіцці айчыннага збожжаўборачнага камбайнабудавання, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Аб знамянальнай даце кіраўніку дзяржавы 13 жніўня ў Рагачоўскім раёне нагадаў генеральны канструктар навукова-тэхнічнага цэнтра камбайнабудавання ААТ «Гомсельмаш» Сяргей Федаровіч, дэманструючы чарговую навінку прадпрыемства. «Ён адлічвае, калі мы пачалі рэвалюцыю ў камбайнабудаванні. 25 гадоў таму 24 жніўня мы з ім на полі вырашалі, быць камбайну беларускаму ці не быць. І мы, я помню, прыстасоўвалі энергасродак «Палессе» (кормаўборачны) — вешалі гэту жняярку, выводзілі трубы, каб збожжа сабраць», — успамінаў тады Аляксандр Лукашэнка.

Прынятае чвэрць стагоддзя таму рашэнне было цяжкім. Гучалі меркаванні адмовіцца ад вытворчасці ўласнай уборачнай тэхнікі і закупляць яе, напрыклад, у Германіі. Цяпер жа ў Беларусі ёсць цэлая лінейка такой тэхнікі сусветнага ўзроўню, якія ўжо канкурыруюць з тымі ж нямецкімі.

Прэзідэнт прапанаваў падумаць над тым, каб сустрэцца недзе ў полі і «аслупаваць» гэту дату.

Людям есці не было чаго. А без хлеба як?

І вось, менш як праз два тыдні, кіраўнік дзяржавы зноў у полі. «Мерапрыемства некалькі сімвалічнае. Але прысвечана вельмі важнаму этапу ў развіцці нашай дзяржавы. Нават не сельскай гаспадаркі. Мы добра памятаем, калі людзям не было чаго есці, людзей трэба было накарміць. А без хлеба як? Здарылася так, што нейкі хлеб у полі быў, а ўбіраць яго не было чым. І вось тады прымаліся сур’ёзныя рашэнні ў плане таго, чым убіраць хлеб», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

На прадстаўленай увазе Прэзідэнта лінейцы тэхнікі былі як ультрасучасныя навінкі ад «Гомсельмаша», так і мадэль тако самага першага камбайна — КЗР-10 «Палессе-Ротар». «Трэба яго ўжо выводзіць з абароту і ставіць на пастамент — у музей. З гэтага ўсё пачыналася. А так паглядзіш — прыгожы, і не скажаш, што ён старадаўні», — заўважыў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт затрымаўся на некалькі хвілін каля гэтага камбайна, успомніў, як усё пачыналася: «Чвэрць стагоддзя мінула. Я зыходзіў з таго, што нечым трэба ўбіраць. Але не гэта галоўнае. Галоўнае, што мы пачыналі рабіць свае збожжаўборачныя камбайны. І калі вы не маглі тады нічога лепшага хутка зрабіць, спыніліся на гэтым».

Марыў аб тым, што пачнём рабіць свае камбайны. І мара здзейснілася

Аляксандр Лукашэнка адзначыў: тым не менш, першы камбайн атрымаўся нядрэнным і бюджэтным, што было асабліва важна для гаспадарак у тыя гады. «Страт не было. Для мяне гэта было самае галоўнае, што камбайн ідзе, убірае збожжа. Ён у рэшце рэшт быў нават не горшы за нямецкія ГДРаўскія камбайны (вытворчасці Германскай Дэмакратычнай Рэспублікі, што існавала ў Цэнтральнай Еўропе ў 1949-1990 гады. — Заўвага БЕЛТА). Я на іх працаваў у свой час і ўбачыў, што ён (беларускі камбайн. — Заўвага БЕЛТА) убірае не горш. Таму было прынята такое рашэнне. Я разумеў, што мы навучымся гэта рабіць. Трэба было пачынаць», — сказаў ён.

«Усё можам зрабіць, асабліва цяпер. Свет узаемазалежны. Сёння не ўмееш рабіць — заўтра навучышся: недзе купіў, нешта скапіраваў, палепшыў… — падкрэсліў беларускі лідар. — Галоўнае, я марыў аб тым, што мы пачнём рабіць свае камбайны. Вось — мара здзейснілася».

Галоўнае — не баяцца брацца за справу. Акцэнт на імпартазамяшчэнні

Прэзідэнт упэўнены, што галоўнае — не баяцца брацца за справу і не думаць, што нешта не атрымаецца. Перш за ўсё ў пытаннях імпартазамяшчэння. І яскравы таго прыклад — айчынныя камбайны, большая частка якіх пастаўляецца на экспарт. «Калі прымалі рашэнне, наогул катастрофа была. Прынялі рашэнне — стварылі камбайн. Гэта яны здзейснілі подзвіг, — заўважыў кіраўнік дзяржавы. — «Гомсельмаш» стаў іншым, і людзі іншыя — на галаву вышэй. Па ўсім свеце пастаўляем тэхніку. І ў абаронцы давялося шмат чаго рабіць. Але гэта не лягчэй».

Раней у гэтым месяцы ў Рагачоўскім раёне Прэзідэнту прадэманстравалі ў рабоце новы самаходны збожжаўборачны камбайн GH810 (КЗС-3321). А на гэты раз паказалі ў тым ліку машыну з сістэмай аўтаматычнага ваджэння, дзе прыменена тэхналогія інтэлектуальнага зроку: камеры і сучасная аўтаматыка даюць магчымасць камбайнеру практычна не адцягваць увагу на ваджэнне і сачыць толькі за якасцю ўборкі.

Аляксандру Лукашэнку таксама падарылі зменшаную копію таго самага першага айчыннага збожжаўборачнага камбайна.

У цэлым за 25 гадоў айчыннаму збожжаўборачнаму машынабудаваню ўдалося шмат чаго дасягнуць. На сённяшні дзень выпускаюцца 11 мадэлей тэхнікі ў 75 мадыфікацыях. Яшчэ 7 новых мадэлей у бліжэйшы час будуць запушчаны ў вытворчасць.

Паводле слоў генеральнага дырэктара «Гомсельмаша» Аляксандра Новікава, калі ў мінулым годзе холдынг выпусціў крыху больш за 1,8 тыс. самаходных машын, то за гэта першае паўгоддзе — амаль 1 тыс. адзінак тэхнікі. «Плануем да заканчэння года выпусціць 2 170 машын. У нас ужо практычна да сярэдзіны наступнага года сфарміраваны пакет заказаў», — праінфармаваў ён Прэзідэнта.

Аляксандр Новікаў расказаў кіраўніку дзяржавы аб перспектывах развіцця прадпрыемства, удасканаленні існуючых мадэлей камбайнаў і распрацоўцы новых.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб сваім патрабаванні актыўней займацца імпартазамяшчэннем, хоць менавіта на «Гомсельмашы» ў гэтым напрамку зроблена нямала: за апошнія пяць гадоў імпартаёмістасць вытворчасці скарочана ў два разы.

«Гэта трэба рабіць. А то мы жалеза зробім, а разумныя вузлы — гідраўліка, электроніка — купляем на Захадзе. Трэба самім гэта рабіць», — падкрэсліў Прэзідэнт.

На полі гаспадаркі «Астрошыцы» кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з узорамі збожжаўборачных камбайнаў, іншай сельгастэхнікі і імпартазамяшчальнай прадукцыі (камплектуючых вырабаў да збожжаўборачных камбайнаў вытворчасці беларускіх прадпрыемстваў). Тут былі таксама прадэманстраваны пасяўныя агрэгаты ААТ «Лідаграпраммаш», які ўваходзіць у холдынг «Гомсельмаш», і холдынга «АМКАДОР».

Лыжка дзёгцю ў бочцы мёду

Аляксандр Лукашэнка не змог абмінуць і негатыўныя моманты, адзначыўшы факты безгаспадарчага стаўлення да тэхнікі і ўраджаю ў час уборачнай кампаніі. «Мы ўмеем усё рабіць, але гэта бязладнасць, недысцыплінаванасць, нестараннасць — гэта катастрофа. З гэтым трэба заканчваць», — строга папярэдзіў кіраўнік дзяржавы.

Ён таксама звярнуў увагу чыноўнікаў на пытанні навядзення парадку ў некаторых сельгасарганізацыях, работу па вывядзенні пакуль адстаючых прадпрыемстваў на належны ўзровень. У гэтым плане ёсць сур’ёзныя недапрацоўкі, упэўнены кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт таксама цікавіўся некаторымі аспектамі ходу ўборачнай кампаніі, перш за ўсё ў Мінскай вобласці.

Не дзеля піяру, а дзеля эксперыменту: кавуны, бульба, травы, рапс і самае чыстае малако

Сёння ў час рабочай паездкі Аляксандр Лукашэнка згадаў і аб сваім прысядзібным участку, на якім ён не проста вырошчвае тыя ці іншыя культуры, а эксперыментуе — асабіста правярае напрацоўкі беларускіх вучоных.

«Кавуны — гэта не таму, што піяр нейкі. Гэта эксперыменты. Я пачынаў з аднаго галандскага сорту. Учора мы збіралі 5 розных сартоў. Мне раней прынеслі, на кухню паставілі кавалачкі, пяць сартоў гэтых кавуноў. Я вызначыў два лепшыя. Беларускі ўжо нядрэнны. І некалі, калі пачаў гэтым займацца, сказаў: прыйдзе час, мы будзем гэта вырошчваць», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Дарэчы, традыцыйна, згодна з распараджэннем Прэзідэнта, ураджай салодкай ягады ідзе на частаванне — у дзіцячыя дамы і пажылым людзям.

«Сёння наогул нічым не адрозніваецца наш кавун ад таго, што мне Эмамалі Шарыпавіч Рахмон прыслаў (Прэзідэнт Таджыкістана. — Заўвага БЕЛТА). І спецыялісты гавораць, што гэта нават карысней для нас», — запэўніў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што дакладна такі ж падыход у яго і ў адносінах да іншых культур, напрыклад, новых сартоў бульбы. «Потым збіраю ўраджай і гляджу вынік. Бульба, якую нашы вучоныя робяць, — насенне (суперэліту я высяваю) — яна нават на смак іншая. Па-першае, яна чыстая — першы раз высяваецца, яшчэ не набрала ўсякай заразы, па тэхналогіі правільна вырошчваецца. І вось такім чынам я назіраю, што вучоныя даюць вытворцам. Гэтак жа рапс, травы…», — расказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён таксама адзначыў, што на яго невялікай ферме самае лепшае малако: «Вядома, там 13 кароў. Яна ж не велізарная. Але гэта самае чыстае малако». Аляксандр Лукашэнка расказаў, што калі людзі просяць, то частка атрыманага малака перадаецца ў тым ліку мясцовым вясковым жыхарам.

«Інакш кажучы, я эксперыментую, гляджу, што трэба. Таму што карміць людзей — гэта пытанне нумар адзін», — рэзюмаваў беларускі лідар.