Рэгіянальныя навіны ад Наталлі ШТЭЙНЕР

Региональные новости

Тэл.: 67079, Velcom 3933728 nshtejner@mail.ru

21-22 жніўня на мемарыяльным комплексе “Курган Славы” праходзілі чарговыя культурныя мерапрыемствы, прысвечаныя Году народнага адзінства. Наш раён прадстаўлялі два музеі – Валожынскі краязнаўчы і Івянецкі традыцыйнай культуры.

Валожынцы аформілі экспазіцыю “Гісторыя. Спадчына. Традыцыі”, што складалася з некалькіх частак. Першая ўяўляла сабой інтэр’ерную карту раёна ў выглядзе дрэва, на якой былі акрэслены самыя значныя гістарычныя мясціны і асобы. З дапамогай карты жадаючыя змаглі пабываць у віртуальным падарожжы “Пра Валожыншчыну – з любоўю”. Затым ішла слайд-прэзентацыя “Сымон Будны на Валожыншчыне” і “Музей у чамадане”, які ўмясціў фотадакументы і іншую інфармацыю пра нашага слыннага земляка М. Ф. Букштыновіча “Ад салдата – да генерала”. Міма гэтай часткі экспазіцыі не прайшоў ніводны мужчына. Увогуле, экспазіцыю за два дні наведалі больш за 1000 чалавек, у тым ліку ўдзельнікі аўтапрабегу. Івянчане прадстаўлялі выставу-калейдаскоп майстроў: кераміку Уладзіміра Сасноўскага, свістулькі Міласлава Раманоўскага, драўляную скульптуру Мікалая Задрэйкі і ткацтва, лялькі-абярэгі Таццяны Задрэйка. Быў арганізаваны таксама продаж сувенірнай прадукцыі і майстар-клас па вырабе лялек-абярэгаў.

Адміністрацыя і прафсаюзныя арганізацыі большасці працоўных калектываў дапамагаюць бацькам сабраць дзяцей у школу.

У лясгасе 164 члены калектыву, у якіх ёсць дзеці-школьнікі, атрымалі па 2 базавыя велічыні. Адначасова і прафкам выдзеліў малазабяспечаным, мнагадзетным сем’ям па 70 рублёў. Дапамогу атрымалі 20 чалавек. Такім чынам назбіралася і нядрэнная сума.

У прыватным магазіне “МАНІКС” 17 жніўня на ўсе канцтавары былі скідкі 10 працэнтаў. Таксама там устаноўлена скрынка БРСМ для ахвяраванняў. Калі вашы дзеці, унукі ўжо скончылі школу, але вы памятаеце моманты падрыхтоўкі да 1 верасня, то зрабіце свой уклад і падарыце радасць іншым дзецям! Яшчэ не позна.

На мінулым тыдні ў Валожыне пабывалі галоўны рабін Іўдзейскага рэлігійнага аб’яднання ў Рэспубліцы Беларусь, член пастаяннага камітэта канферэнцый рабінаў Еўропы Мардэхай Райхінштэйн і загадчык кафедры мастацтваў дзяржаўнага інстытута кіравання і сацыяльных тэхналогій БДУ, доктар філасофскіх навук, кандыдат архітэктуры Ігар Духан.

З найбольш значнымі гістарычнымі мясцінамі Валожына іх знаёміў намеснік старшыні райвыканкама Ігар Шакун. Разам яны завіталі і ў краязнаўчы музей. Амаль дзве гадзіны госці цікавіліся сабранымі ў музеі гістарычнымі матэрыяламі, лёсам асобных пабудоў. Яны будуць працаваць на выпрацоўкай мастацкай канцэпцыі захавання архітэктурных каштоўнасцей у сучасным горадабудаўніцтве.

Жніво на фінішнай прамой. А работнікі культуры выкарыстоўваюць кожную пагодлівую хвіліну, каб парадаваць удзельнікаў уборачных работ невялікім канцэртам.

На рахунку работнікаў сцэны 44 мерапрыемствы: двое “Зажынак” і 39 канцэртаў. Больш за іншых сваіх калег выступалі з канцэртамі работнікі Дубінскога СЦК – 8 мерапрыемстваў, Багданаўскага – 6, Дорскага СДК і Падбярэзскага СЦК – па 5.

Нават самы маленькі населены пункт і яго жыхары заслугоўваюць свята. Гэтыя людзі аднаўлялі пасляваенную краіну, шчыравалі ў сельскай гаспадарцы і ў іншых сферах, выхоўвалі дзяцей.

“Вёсачка мая, любы, дарагі бацькоўскі кут” – пад такой назвай прайшо 15 жніўня свята ў вёсцы Пячоўшчына Вішнеўскага сельсавета, а правялі яго культработнікі Багданаўскага сельскага цэнтра культуры. 19 жніўня святкавала свята вёска Макасічы – “Дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся”. Арганізавалі яго работнік Суднікаўскага клуба. У мінулую нядзелю, 22 жніўня, ладзіліся святы вёсак Падбярэззе – “Край мой родны – Падбярэззе” і Барок і Дубашы – “Вёсачка любая мая”. Падрыхтоўцы кожнага свята папярэднічае карпатлівая работа па зборы інфармацыі пра вяскоўцаў, каб адзначыць лепшых, не прапусціць нікога. Ну і напісанне сцэнарыяў, падрыхтоўка канцэртнай праграмы, рэпетыцыі…

Работнікі Смалявіцкага лясгаса і члены іх сем’яў 21 жніўня пабывалі ў вандроўцы па нашым раёне.

Завіталі яны і на аграсядзібу “Налібоцкія васількі”, дзе іх гасцінна частавалі духмянай гарбатай і фірменнымі пірагамі гаспадыні. А гаспадар Васіль з радасцю пазнаёміў калег з экспазіцыяй, звязанай з  прафесіянальнай дзейнасцю. У ёй сабраны фота, кнігі, форменнае адзенне работнікаў лесу розных гадоў, нават фірменныя нашыўкі і гузікі, пачынаючы ад часоў графа Тышкевіча, у якога служыў бацька Васіля Уладзіміравіча, да нашых дзён.