У фармаце жывога дыялога

Официально

прайшла сустрэча старшыні райвыканкама Яўгена Круковіча і генеральнага дырэктара УП “Мінскаблгаз” Юрыя Кукліцкага з калектывам Валожынскага раёна газазабеспячэння філіяла вытворчага ўчастка “Дзяржынскгаз”

 Мерапрыемства адбылося ў абноўленым будынку РГЗ – па сведчанні абласнога кіраўніка, самай сучаснай і найлепш аснашчанай базе на ўсёй Міншчыне. Перад пачаткам дыялога са станам спраў на прадпрыемстве прысутных азнаёміў начальнік раёна газазабеспячэння Віктар Мянцюк. Згодна з дакладам, у першым паўгоддзі забяспечана бесперабойная і безаварыйная падача газу ўсім спажыўцам, выкананы ўсе запланаваныя мерапрыемствы. На 2,1 кіламетра павялічылася працягласць газавых сетак, здадзены 2 размеркавальныя газаправоды да шматкватэрных жылых дамоў у Валожыне і Івянцы. У рамках павышэння бяспекі карыстальнікаў заменены 345 газавых пліт, 24 калонкі і 50 катлоў, якія выпрацавалі нарматыўны тэрмін службы. Актыўна вядуцца работы па газіфікацыі прыродным газам аграгарадка Вішнева. Практычна завершана праца па праектаванні падводзячага газаправода высокага ціску ад вёскі Сакаўшчына працягласцю 14 кіламетраў. Цяпер вырабляецца адвод зямлі пад гэтыя мэты. Заканчваюцца работы па будаўніцтве падводзячага газаправода ў вёску Падневічы, а таксама размеркавальных сетак у самім населеным пункце.

З улікам гэтых фактаў і іншых агучаных паказчыкаў работа калектыву атрымала высокую ацэнку як з боку кіраўніка раёна, так і ад генеральнага дырэктара “Мінскаблгаза”. Адзінае, да чаго Юрый Віктаравіч заклікаў калектыў, – дык гэта больш актыўна праводзіць вакцынацыю супраць COVID-19: работнікам газавай службы па родзе дзейнасці варта клапаціцца пра ўласнае здароўе, бяспеку сваіх сем’яў і іншых кантактных асоб.

Дыялог са старшынёй райвыканкама быў сапраўды змястоўным і насычаным, рэспандэнты атрымалі разгорнутыя адказы на ўсе пытанні, якія іх хвалявалі.

У прыватнасці, у Валожынскім РГЗ працуюць бацькі з дзевяці шматдзетных сем’яў і большасць жывуць у новым мікрараёне горада. У Яўгена Міхайлавіча запыталі, ці будзе там пабудаваны новы дзіцячы сад. Кіраўнік Валожыншчыны паведаміў, што гэтае пытанне ў ліку прыярытэтных і абмяркоўвалася на ўзроўні прэм’ер-міністра Беларусі. У наступным годзе плануецца атрымаць дазвол на выраб праектна-каштарыснай дакументацыі на ўзвядзенне дзіцячага сада-пачатковай школы. Такі аб’ект дапаможа знізіць нагрузку на СШ № 1 райцэнтра.

Таксама падчас размовы былі агучаны перспектывы далейшага развіцця горада да 2024 года. Валожын чакаюць прыемныя перамены, сярод якіх асфальтаванне ўсіх вуліц з будаўніцтвам ліўневай інфраструктуры і маштабнае добраўпарадкаванне.

 Адно з пытанняў тычылася сквера на плошчы Свабоды. Яўген Міхайлавіч запэўніў: яго адновяць маладымі дрэвамі са сфарміраванымі кронамі. Але для таго, каб насаджэнні добра прыжыліся, работы будуць праводзіцца ў кастрычніку. Адпаведныя службы ў далейшым будуць сачыць за тым, каб голле хаатычна не разрасталася.

Сярод іншага пацікавіліся людзі планамі наконт рэканструкцыі магістралі М7. У канцы лета мінулага года Еўрапейскі банк развіцця меў намер выдзеліць на гэтыя мэты рэсурсы, аднак потым спыніў фінансаванне. Старшыня райвыканкама паведаміў, што сёння ў краіне шукаюць дадатковыя крыніцы, каб выканаць задуманае.

Яўген Міхайлавіч адказаў і на пытанне пра далейшую мадэрнізацыю сістэмы гарачага водазабеспячэння ў Валожыне. 50 дамоў яшчэ не карыстаюцца гэтай паслугай. На ўпарадкаванне часткі з іх – там, дзе аб’ёмы падвалаў дазваляюць размясціць неабходнае абсталяванне, – атрымана станоўчае рашэнне экспертызы, і ў наступным годзе  работы павінны пачацца.

Завяршыўся дыялог інфармацыяй па павышэнні якасці пітной вады ў Бабровічах. Кіраўнік Валожыншчыны паведаміў, што пацверджана фінансаванне будаўніцтва ў гэтым населеным пункце станцыі абезжалезвання, сёлета яе павінны ўвесці ў эксплуатацыю.

Сяргей САДОЎСКІ