Зведала ўсё, нават фашысцкі палон

Люди и судьбы

У вёсцы Гарадзечна бываем нячаста. Мясцовых жыхароў там мала, у асноўным – дачнікі. Нядаўна, пасля візіту ў КСУП “Гародзькаўскае”, усё ж вырашыла зазірнуць у ціхі куток Валожыншчыны – раптам пашанцуе сустрэць цікавага чалавека, ці можа хтосьці з вяскоўцаў дазволіць сфатаграфаваць вынік добраўпарадкавання. Знаёмых у гэтым населеным пункце не маю, таму проста ўключыла інтуіцыю і адчыніла  веснічкі на ўчастку, які менш за іншыя нагадваў лецішча.

Знаёмства

Гаспадыня пацвердзіла: яна сапраўды тутэйшая. А калі даведалася, што госця з “Працоўнай славы”, звярнулася да мяне па імені, нават імя па-бацьку назвала. На маё здзіўленне патлумачыла, што мы знаёмыя, да таго ж цёзкі. Аказваецца, некалькі гадоў таму Валянціна Іванаўна КАНАПЕЛЬКА тэлефанавала на “гарачую лінію” газеты. Я запісала яе пытанне і, атрымаўшы кансультацыі адпаведных службаў, перазваніла жанчыне (звычайная работа для нашых супрацоўнікаў). Мы пагаварылі і развіталіся. Яна ж запомніла гэты выпадак і, як паведаміла ў час гутаркі, марыла пазнаёміцца з прадстаўніком арганізацыі, дзе яе выслухалі і дапамаглі (пытанне сапраўды вырашылася станоўча). У выніку сустрэча дзвюх Валянцін адбылася.

В. І. Канапелька ўсё жыццё працавала ў мясцовай школе настаўніцай. Яна хоць і ўдава, але не адзінокая. Ёсць дзеці, унукі. На зіму апошнія гады пераязджае да дачкі ў Маладзечна, а з ранняй вясны да позняй восені цешыцца клопатамі пра дом, які калісьці з любоўю пабудавалі разам з мужам. Тут, ва ўтульнасці Гарадзечна, яна адпачывае душой, успамінае былое і шчыра моліцца за родных і ўсіх добрых людзей, што трапляліся на жыццёвым шляху.

Дзяцінства ўкрала вайна

На самай справе Валянціна Іванаўна прыезджая. Нарадзілася ў сям’і ваеннага. Яны часта пераязджалі, а перад самай вайной жылі ў Мажайску. Бацьку забралі на фронт. Маці адна з дзвюма дочкамі вярнулася на Лепельшчыну да бацькоў. Звестак ад мужа так і не атрымала. Як высветлілася пазней, ён загінуў у першыя ж дні вайны.

У вёсцы, дзе яны жылі, стаяў нямецкі гарнізон. Патрэбна адзначыць: напачатку вайны немцы мясцовых жыхароў не крыўдзілі,  дэманстравалі сваю абаяльнасць. Але хтосьці з мясцовых падказаў, што ў жанчыны муж – афіцэр Чырвонай Арміі, і яна, магчыма, мае сувязь з партызанамі. Амаль адразу маладую маці з дзецьмі забралі ў гестапа. Валянціне было 9 гадоў, сястра – зусім малая. Праўду кажучы, дзяцей не білі, толькі пыталіся, ці ведаюць што пра партызан, а вось матулю… У памяці маёй суразмоўцы назаўсёды захаваўся момант, калі бедную, змучаную жанчыну прывялі з допыту, як яна ляжала і стагнала. Абедзве дзяўчынкі плакалі ад жалю і дзьмухалі на яе раны, каб хоць чымсьці палегчыць пакуты роднага чалавека.

Матулін бацька быў ветэранам Першай сусветнай вайны, добра ведаў нямецкую мову. Ён не бачыў іншага выйсця, як пайсці і пагаварыць з немцамі. Безумоўна, рызыкаваў – яго таксама маглі б кінуць у фашысцкія засценкі. Аднак ён спадабаўся каменданту. Валоданне мовай спрыяла таму, што мужчыну паверылі, дачку адпусцілі. Валянціна Іванаўна і сёння не ведае, ці была матуля сувязной, ці проста стала ахвярай абставін. Тым больш, даць адказ на яе пытанні не было каму. Жанчына, якой у той час было толькі 33 гады, вярнулася з-за кратаў зусім хворай. Каты аднялі ў яе ўсё здароўе. Да вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў яна не дажыла.

У час наступлення савецкіх войск дзедава хата згарэла, таму пажылыя людзі з дзецьмі зімавалі ў зямлянцы. Голад быў страшны. Стравы з бурачнага бацвіння і асакі, прыпраўленыя малаком, насычэння не давалі, аднак прытуплялі пачуццё голаду і не дазвалялі памерці. З устанаўленнем савецкай улады сям’я, дзе гадаваліся дзве сіраты, пачала атрымліваць дапамогу. Перападала то штосьці з абутку, то нейкае адзенне… Жылі цяжка. Пасля таго, як захварэў дзед, дзяцей забралі ў дзіцячы дом. Аслабленая сястра трапіла ў Оршу ва ўстанову для хворых дзяцей, а Валянціну накіравалі ў Лепель. Там яна жыла і вучылася. Адразу пасля вайны харчаванне было слабым:  штодзённая норма хлеба – 100 грамаў. Пазней карміць сталі лепш, і дзеці паступова “ад’еліся”. З той пары прайшло шмат дзесяцігоддзяў, аднак наказ настаўнікаў: “Дзеці, ніколі і нідзе не кідайце хлеб!” Валянціна Іванаўна выконвае, як нейкі святы запавет.

Радасці і выпрабаванні

Дзіцячай установе яна ўдзячна за прафесію. Без гэтага адтуль ніхто не выпускаўся. Яе як выдатніцу накіравалі ў педвучылішча. Праўда, хацела ў медыцыну, але парадкі былі строгія – куды скажуць, туды і ішлі, таму дзяўчына змірылася. Вучоба ў Лепельскім педвучылішчы спадабалася настолькі, што паступова прыйшла да высновы: гэта ж яе прызванне, значыць педагогі ведалі яе здольнасці лепш, чым сама.

І вось у 1954 годзе ў вёску Гарадзечна, дзе існавала пачатковая школа, прыбыла маладая настаўніца. Спачатку вучыла 3-і і 4-ы класы, а пасля атрымала пасаду загадчыцы. Так адпрацавала на адным месцы 43 гады.

Амаль адразу сустрэла свайго Валодзю, выйшла замуж, нарадзіла сына і дзвюх дачок. Муж, добры, клапатлівы, працаваў  слесарам у дарожна-рамонтнай арганізацыі. Яны пабудавалі ўласнае жыллё і пераехалі з кватэры пры школе. Сын Саша стаў мараком дальняга плавання, жыве ў Мурманску. Малодшая Марына працуе ў Маладзечне. А вось старэйшай Галі няма. Яна пайшла з жыцця ў выпадку аварыі. Аўтобус, на якім ехала, перавярнуўся. Загінулі тры чалавекі, у тым ліку і маладая маці, у якой тады ўжо падрастаў сын Дзіма. Чым трагічны выпадак стаў для Валянціны Іванаўны, здагадацца няцяжка. Ён падзяліў яе жыццё на “да” і “пасля”. Між іншым, пры падтрымцы мужа, дачкі і сына яна выгадавала ўнука, дала яму адукацыю.

За добрую працу на ніве адукацыі, за супрацоўніцтва з калгасам, арганізацыю самадзейнасці Валянціна Іванаўна неаднойчы адзначана граматамі, дыпломамі і каштоўнымі падарункамі.

Жыццё працягваецца

Ужо 29 гадоў, як пахавала мужа. За гэты час не аднаго жадаючага пасватацца хоць і добразычліва, але настойліва справадзіла ў час першага ж візіту. Валянціна Іванаўна з дзяцінства зведала мноства выпрабаванняў. Маці і бацька, дзядуля і бабуля, муж і дачка… Любыя, родныя, такія дарагія, яны пакінулі яе. Зараз прыходзяць у снах. І сны толькі ўмацоўваюць яе думку: жыць трэба для дзяцей, каб тыя, барані Бог, пры жывой маці не адчувалі сябе адзінокімі.

Нягледзячы на цяжкія страты, жанчына захавала пазітыў і жыццялюбства. Яна вельмі цікава ўмее расказваць не толькі ўласную гісторыю, але і ўсё, што прачытала ці бачыла ў тэлевізары. Любіць займацца навядзеннем парадку ў доме і ў прасторным, досыць жывапісным двары. Што дапамагае ёй, немаладой ужо, глядзець на свет з надзеяй і любоўю? Вера. У Бога, у людзей, ва ўласныя сілы.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара