Рамонт працягваецца

Общество

Капітальны рамонт валожынскага вакзала ідзе поўным ходам.

Зараз ад яго засталася пустая каробка без акон і дзвярэй. Дружная брыгада прадстаўнікоў  ДРБУ № 167 пазбавілася ад усяго лішняга – своечасова завяршыла дэмантажныя работы і прыступіла да мантажу абсталявання па водазабеспячэнні і каналізацыі. Вядуцца таксама электрамантажныя работы. Адначасова рамонтнікі працуюць над устройствам цэментна-бетоннага пакрыцця дваровай тэрыторыі і абсталяваннем вонкавых сетак каналізацыі.

Хоць да завяршэння рэканструкцыі яшчэ некалькі месяцаў, кожны валожынец цікавіцца, што за прыгажосць убачаць карыстальнікі грамадскага транспарту ў адноўленым будынку падчас набыцця білетаў, чакання рэйса, пасадкі ў аўтобус. Асабліва турбуюцца жыхары і госці Валожына наконт эстэтычнага рашэння знешняга выгляду вакзала. З гэтымі і іншымі пытаннямі мы звярнуліся да намесніка старшыні райвыканкама Дзмітрыя Протаса і даведаліся пра наступнае.

Адноўлены вакзал зможа адначасова ўмясціць 60 пасажыраў. Калі ўлічваць тых, хто будзе знаходзіцца на пероне, лічба ўзрастае да 75. Будуць дзейнічаць 5 пастоў пасадкі-высадкі. У цэлым разлічана, што за суткі тут могуць быць адпраўлены па розных маршрутах 310 пасажыраў.

На першым паверсе плануецца размясціць залу чакання з зонай кас па продажы білетаў, пакой для захоўвання багажу, дыспетчарскую, пакой маці і дзіцяці, пакой для вадзіцеляў, буфет,  арэндныя павільёны (магазіны і аптэчны кіёск). Таксама на першым паверсе будуць працаваць санітарныя вузлы. Другі ж паверх зоймуць адміністрацыйныя кабінеты. Усе памяшканні ў адноўленым вакзале будуць абсталяваны з улікам сучасных патрабаванняў. Напрыклад, у зале чакання пасажыры змогуць адпачыць на зручных сядзеннях. Разабрацца з рэйсамі дапаможа табло адпраўлення і прыбыцця транспарту, для абвяшчэння пасажыраў будзе працаваць гучная сувязь.

Тэкст і фота

Валянціны КРАЎНЕВІЧ