Дарожна- транспартным здарэнням – НЕ

Безопасность и здоровье Закон и порядок Общество

Да 1 верасня засталіся лічаныя дні. Хутка хлопчыкі і дзяўчынкі рознага ўросту кожны ранак будуць накіроўвацца ў свае ўстановы адукацыі, а затым, згодна з раскладам заняткаў, вяртацца дадому. Многія юныя грамадзяне добра арыентуюцца на дарогах, выконваюць Правілы дарожнага руху. Аднак ёсць такія, хто выклікае заклапочанасць у Дзяржаўтаінспекцыі. Супрацоўнікі службы з хваляваннем чакаюць моманту, калі юныя жыхары горада, у тым ліку самыя малодшыя – першакласнікі, актыўна ўключацца ў дарожны рух.

Накладны астравок бяспекі – від тэхнічных сродкаў арганізацыі дарожнага руху, што ўяўляе сабой канструктыўна выдзеленае над праезнай часткай дарогі  ці дарожнай разметкай збудаванне на наземных пешаходных пераходах (ці перад імі), прызначанае для бяспекі пешаходаў. Элемент бяспекі прыцягвае ўвагу як вадзіцеляў, так і пешаходаў, застаўляе іх засяродзіць увагу на дарозе, прымушае знізіць хуткасць руху, не дазваляе ажыццяўляць паркоўку перад пешаходным пераходам.

Задача нумар адзін, якую інспектары ставяць перад сабой, – зрабіць усё магчымае, каб кожная дарога да ведаў была бяспечнай. З гэтай мэтай у райцэнтры на адным з самых адказных участкаў – пераходзе праз вуліцу Савецкую, што ля СШ № 1, устаноўлены накладныя астраўкі бяспекі. Сродкі на карысны элемент устройства вуліцы выдаткаваны згодна з праграмай плана мерапрыемстваў па ўкараненні інавацыйных сродкаў арганізацыі дарожнага руху на тэрыторыі Мінскай вобласці на 2021 год.

Патрэбна адзначыць, што ў Валожыне дастатковая колькасць штучных няроўнасцей, якія прымушаюць вадзіцеляў зніжаць хуткасць руху на небяспечных участках. У першую чаргу так званыя «ляжачыя паліцэйскія» размешчаны там, дзе з устаноў адукацыі ці магазінаў маецца выхад на праезную частку. Толькі на вуліцы Савецкай штучных няроўнасцей можна налічыць аж восем. Некалькі дзён таму на гэтай вуліцы, пакрыццё якой было адноўлена яшчэ ў чэрвені, з’явілася новая разметка. Яна адчувальна змяніла схему руху аўтамабіляў. Таму ўладальнікам аўтатранспарту неабходна быць уважлівымі і пільна сачыць за паказальнікамі і толькі згодна з імі ажыццяўляць як рух наперад, так і павароты.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара