ТЭЛЕФОН МІЛІЦЫІ – 102

Происшествия

“ПАГАРЭЎ” НАРКАДЫЛЕР
Жыхар адной з вёсак Валожыншчыны, які мае рэгістрацыю ў Мінску, не аднойчы трапляў у поле зроку праваахоўных органаў, а на гэты раз, як кажуць, папаўся дык папаўся. І не на абы-чым, а на наркадылерстве. Праз тайнік-закладку набыў, а пасля захоўваў і перавозіў небяспечнае псіхатропнае рэчыва. У выніку знайшоў пакупніка і прадаў яму прэпарат, на чым і “пагарэў”. Па факце ўзбуджана крымінальная справа.

ТАЙНІК УЖО НЕ ТАЙНА
Падобнае рэчыва знойдзена і ў прыбіральні на АЗС “Беларуснафта”, што ў Шараях. Тут хтосьці схаваў 10 таблетак псіхатропнага анальгетыка. Як толькі высветляцца асобы, якія маюць дачыненне да тайніка, ім давядзецца панесці заслужанае пакаранне.

ДЗЕ КОЛЫ?
Жыхару Яцкава-Пяскі матэрыяльны ўрон у памеры 200 рублёў нанёс невядомы, які ўкраў усе чатыры колы ад аўтамабіля ВАЗ, што належыць пацярпеламу. Пошук вінаватага вядзецца.

НАСЛЯДЗІЎ
Таксама адшукваецца злодзей, які пранік на арандаваную тэрыторыю індывідуальнага прадпрымальніка з Івянца і пашкодзіў электраабсталяванне і колы пагрузчыка.
Праваахоўнікі, якія прыбылі на месца здарэння, зафіксавалі след абутку, таму ёсць надзея, што ў хуткім часе вінаваты адкажа за свае дзеянні ў судзе.

ПАДКАЖУЦЬ СЛЯДЫ
Пакуль жыхарка Ракава адсутнічала ў сваім доме, невядомыя пашкодзілі агароджу, вокны і, пранікшы ў жыллё, укралі 450 рублёў. Пасля сябе зладзеі пакінулі след абутку і след далоні, што, безумоўна, палегчыць работу следчых.

АДПАЧЫЛІ
У рэстаране “Карона”, куды звычайна нармальныя людзі ходзяць адпачываць, двое жыхароў Валожына, 1972 і 1977 гадоў нараджэння, будучы ў стане алкагольнага ап’янення, учынілі сапраўдны дэбош – крычалі, лаяліся, абражалі работнікаў установы. Калі ж прыбылі супрацоўнікі міліцыі, дэбашыры паспрабавалі “задзірацца” і з імі. У выніку адзін з іх апынуўся ў ізалятары часовага ўтрымання.

ВУЛІЧНАЯ ЗАБАВА
Яшчэ адзін скандаліст, на гэты раз вулічны, прыняўшы добрую дозу алкаголю, самавызначаўся на вуліцы Партызанскай. Крыкаў і лаянкі яму падалося мала. І вось у акно адной з кватэр ляціць камень. Праспаўшыся, малады шкоднік відавочна пашкадаваў аб сваім учынку, аднак адказаць за яго ўсё ж давядзецца.

ШТО Ж ТАМ ЗА МАЦІ?
Супраць жыхаркі Івянца ўзбуджана крымінальная справа. Здавалася б, што дрэннага магла зрабіць шматдзетная маці? Усё проста. Яна не толькі не клапоціцца пра сваіх чацвярых дзяцей, але і не жадае працаваць, каб пакрываць дзяржаве расходы на іх утрыманне.

ЗНОЎ ВАЙНА  АДГУКНУЛАСЯ
У лясным масіве бліз вёскі Жомайдзь на вочы мясцовага жыхара трапіў прадмет, які выклікаў занепакоенасць, таму мужчына патэлефанаваў у міліцыю. Высветлілася, што знаходка на самай справе небяспечная – 152-міліметровы снарад часоў Вялікай Айчыннай вайны. Сапёрна-піратэхнічная група хутка прыбыла на Валожыншчыну і абясшкодзіла снарад на палігоне.

Матэрыял па міліцэйскіх
зводках падрыхтавала
Валянціна КРАЎНЕВІЧ