Лукашэнка аб пройгрышы беларускіх хакеістаў: палякі перамаглі «вялікіх»

Важное Спорт

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння ў час наведвання Петрыкаўскага ГАК выказаўся аб падтрымцы «Беларуськаліем» горада і спансіраванні прадпрыемствам беларускага спорту, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што з уводам горна-абагачальнага комплексу Петрыкаўскі раён атрымлівае новы стымул для развіцця. Падставіць плячо гораду і сам «Беларуськалій». Паколькі гэта запатрабуе пэўных фінансавых затрат, Аляксандр Лукашэнка выказаў сумненне, ці варта прадпрыемству так маштабна спансіраваць, напрыклад, той жа хакей і футбол. «Вакол павінна жыццё кіпець, калі ўклалі грошы. А то будзем, як учора «вялікія» хакеісты, — сказаў Прэзідэнт. — А ты ім грошы, грошы, грошы».

«Я папрасіў, каб ён (гендырэктар «Беларуськалія». — Заўвага БЕЛТА) асабліва там не раскідваўся, вобразна кажучы, на хакеістаў і футбалістаў. Таму што паехалі ўчора ў Польшчу (там 20 чалавек у хакей гуляюць) — прайгралі. Такой ганьбы… Я, вядома, не крыўджу, не прыніжаю палякаў — яны малайцы, перамаглі «вялікіх». А мы іх спансіруем. Вось сярэдняя зарплата — няхай атрымліваюць, а потым за вынік нешта дабавім. Так і па футбалістах», — быў катэгарычны Аляксандр Лукашэнка.

Незадаволены кіраўнік дзяржавы і выступленнем беларускай каманды на Алімпійскіх гульнях у Токіа. Паводле слоў Прэзідэнта, ён ужо звярнуў увагу прэм’ер-міністра і міністра спорту на спансіраванне відаў спорту. «А то мы паехалі і «здзівілі» ўвесь свет у Токіа са знакам мінус і фінансуем. Фізкультура ёсць, а вялікага спорту няма, таму што не прадумана», — рэзюмаваў беларускі лідар.

Як паведамлялася, 26 жніўня хакеісты зборнай Беларусі з паражэння стартавалі ў кваліфікацыйным турніры Алімпійскіх гульняў — 2022. У першым паядынку групы D у славацкай Браціславе беларусы ўступілі камандзе Польшчы з лікам 0:1 (0:0, 0:0, 0:1).