Рэгіянальныя навіны ад Наталлі ШТЭЙНЕР

Региональные новости

Рашэннем райвыканкама ў жніўні пяці маці, якія нарадзілі па трэцяму дзіцяці, прызначаны сямейны капітал.

Раённую сям’ю мнагадзетных маці папоўнілі жыхарка аграгарадка Пяршаі Кацярына Уладзіміраўна Сялянта, валожынка Алеся Юр’еўна Васілеўская, івянчанка Сняжана Уладзіміраўна Шакаль. Таксама права на сямейны капітал атрымалі Галіна Сяргееўна Картыннік з Паморшчыны і Святлана Яўгенаўна Костка з Бабровічаў.

З 20 жніўня ў нашай рэспубліцы ўступіла ў дзеянне Адзіная дзяржаўная аўтаматызаваная інфармацыйная сістэма ўліку драўніны. Пераходзіць на адзіную сістэму давядзецца і нашаму лясгасу.

Гэта сістэма тычыцца ўсяго ўліку драўніны – ад нарыхтоўкі на лесасецы да паступлення да канчатковага спажыўца. Такім чынам будзе прасочвацца ўвесь цыкл перамяшчэння драўніны і здзелак з ёй. Спажыўцы – ад індывідуальных прадпрымальнікаў да юрыдычных асоб – павінны быць зарэгістраваны ў гэтай сістэме.

У рамках дабрачыннай акцыі “Збяром дзяцей у школу”, якую напярэдадні новага навучальнага года праводзіла Таварыства Чырвонага Крыжа, раённае падраздзяленне Таварыства звярнулася да індывідуальных прадпрымальнікаў Валожына за падтрымкай. Старшыня раённай арганізацыі Антаніна Уладзіміраўна Трацэўская разам з валанцёрам-ліцэісткай Аляксандрай Рэзнік пабывалі ў прадпрымальнікаў горада.

У скарбонку ахвяраванняў паступілі 32 рублі, а таксама 269 адзінак канцтавараў – сшыткі, ручкі, алоўкі, фарбы, фламастары, альбомы і інш., 1 рукзак і 3 школьныя сумкі, 12 пар абутку і 7 адзінак адзення. Кожны год прымае ўдзел у акцыі жыхарка райцэнтра Ала Паўлаўна Фейгіна: сёлета яна закупіла канцтавараў на 25 рублёў. Ад душы дапамаглі юным жыхарам раёна сабрацца ў школу прадпрымальнікі Святлана Васільеўна Ломаць, Святлана Іванаўна Бычкоўская, Андрэй Тадэвушавіч Бразінскі, Наталля Уладзіміраўна Гасціловіч, Аліна Дзмітрыеўна Занямонец, Ігар Георгіевіч Казакевіч, Сяргей Анатольевіч Іода, Вольга Рыгораўна Гутар.

Напярэдадні навучальнага года першымі пачалі вучобу настаўнікі, выхавальнікі і педагогі дадатковай адукацыі. Тэматычныя дыялогавыя пляцоўкі па розных кірунках дзейнасці прайшлі ў Мінскім абласным інстытуце развіцця адукацыі, СШ

№ 1 вёскі Копішча Мінскага раёна, Барысаўскай СШ № 25, Слуцкай СШ № 12, Мінскім дзяржаўным абласным ліцэі, Дзяржынскай СШ № 4, Маладзечанскай СШ № 1 імя Я. Купалы, цэнтры творчасці дзяцей і моладзі “Світанак” Пухавіцкага раёна і інш.

У рабоце абласной дыялогавай пляцоўкі “Маладыя педагогі Міншчыны – ад прызвання да прызнання”, якая прайшла на базе СШ № 1 г. Фаніпаля, прымалі ўдзел старшыня райкама галіновага прафсаюза М. М. Камінская, старшыня раённага савета ветэранаў сістэмы адукацыі і прафсаюзнага руху І. С. Ваньковіч, старшыня маладзёжнага савета пры РК прафсаюза А. В. Карачун, малады спецыяліст, настаўнік матэматыкі гімназіі № 1 Д. В. Амельяновіч. Адкрыты ўрок, які праводзіла старшыня Мінскага абкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Т. В. Апраніч, доўжыўся тры гадзіны. Ён прайшоў у цікавым фармаце, у атмасферы супрацоўніцтва паміж маладымі спецыялістамі і вопытнымі настаўнікамі.

З 1 па 15 верасня будзе праходзіць раённы конкурс “Ветэранскі падворак” у наступных намінацыях: “Сабе на карысць”, “Я на падворку не адзін”, “Кветнік ля пад’езда”, “Добраўпарадкаванне фермы”.

Заяўкі на ўдзел падалі 12 ветэранскіх падворкаў з Сівіцы, Івянца, Вішнева, Валожына, Лістападаў, Выганічаў, Ракава і іншых населеных пунктаў. Яшчэ не позна заявіць пра сябе і прыняць удзел у конкурсе.

Напрыканцы летніх канікул культработнікі Івянца правялі для дзяцей і моладзі запамінальнае маляўнічае свята “Мар, стварай, дзейнічай!”.

У той нядзельны дзень на пляцоўцы ля Дома культуры працавалі атрыкцыёны, быў падрыхтаваны канцэрт мастацкай самадзейнасці з удзелам мясцовых артыстаў. Па-сапраўднаму расквеціла свята яркімі фарбамі шоу “БелХолі”.

20 жніўня 13 выхаванцаў аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва разам з загадчыцай Т. В. Акушка наведалі аграсядзібу “За масточкам”.

Гаспадар Дзмітрый Наканечны расказаў пра сваю аграсядзібу, правёў экскурсію, пачаставаў гасцей яблыкамі. А потым валожынцы адправіліся да вады, дзе па праекце “Валожын без бар’ераў” абсталявана альтанка для назірання за птушкамі. Ім пашчасціла паназіраць за белай чапляй, а пасля і ўбачыць стаі рыб.