Вынікі ўступнай кампаніі

Общество

Здаецца, зусім нядаўна адшумеў раённы выпускны баль у Валожыне, а ўжо можна падвесці некаторыя вынікі сёлетняй уступнай кампаніі.

Чатырнаццаць выпускнікоў устаноў сярэдняй адукацыі раёна па выніках навучання і выхавання былі ўзнагароджаны залатымі і сярэбранымі медалямі. Якасць атрыманых ведаў лепшыя выпускнікі школ раёна пацвердзілі сваім паступленнем у вышэйшыя навучальныя ўстановы.

Стаў студэнтам самай прэстыжнай ВНУ краіны – Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта – выпускнік гімназіі № 1 г. Валожына Андрэй Лушноў. Цяпер ён будзе атрымліваць ІТ-адукацыю на факультэце радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій. Наталля Лебедзева з СШ № 1 г. Валожына будзе вывучаць сучасныя замежныя мовы на факультэце сацыёкультурных камунікацый, каб пасля заканчэння стаць перакладчыцай. У галоўную ВНУ краіны паступіла і Кацярына Навумчык з Івянца.

Выпускніца сярэдняй школы № 1 райцэнтра Вікторыя Бітэль, гімназіст Радыён Таўгень і вучаніца сярэдняй школы № 2 Валерыя Богдан праз пяць гадоў стануць выкладчыкамі замежных моў. Спецыяльнасць сваёй мары яны будуць атрымліваць у Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце.

Медаліст з Івянецкай сярэдняй школы Ігар Савіцкі стаў студэнтам факультэта інфармацыйных тэхналогій Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі. Ігар будзе спасцігаць складаную і вельмі цікавую спецыяльнасць – “Штучны інтэлект”. Спецыялістам па камп’ютарным праектаванні стане пасля заканчэння гэтай жа ВНУ выпускнік гімназіі Ілля Таўгень. Тут жа працягне сваю адукацыю Андрэй Сівы з сярэдняй школы № 2.

Аліна Кулак пасля заканчэння педагагічнага класа СШ № 1 залічана ў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка на спецыяльнасць “Пачатковае навучанне”. Педагагічныя спецыяльнасці таксама абралі для сябе медалісткі з сярэдняй школы № 2 Вераніка Віршыч і Алёна Стэльмах. Алёна паступіла ў інстытут інклюзіўнай адукацыі на спецыяльнасць “Алігафрэнапедагогіка”, а Вераніка будзе вучыцца на лагапеда на педагагічным факультэце Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.

Здзейснілася мара Яны Санюковіч, якая скончыла СШ № 1 г. Валожына. Дзяўчына стала студэнткай прэстыжнага фармацэўтычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Факультэт інжынерынга і тэхналогій сувязі Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі выбрала для сваёй далейшай адукацыі выпускніца сярэдняй школы № 1 Паліна Жук.

Хочацца павіншаваць усіх выпускнікоў з пачаткам новай, напэўна, самай цікавай старонкі ў іх жыцці, якая будзе напоўнена ростам творчага і інтэлектуальнага патэнцыялу і першымі крокамі да набыцця прафесіяналізму. Гады вучобы праляцяць вельмі хутка, маладыя людзі стануць высокакваліфікаванымі спецыялістамі ў сваіх галінах. І яны павінны ведаць, што іх чакаюць не толькі на прадпрыемствах і ва ўстановах краіны, але і на малой радзіме – на Валожыншчыне.

У добры шлях, выпускнікі-2021!

Аляксандр ЧОРНЫ,

настаўнік гісторыі

СШ № 1 г. Валожына