Збяром партфель у школу

Молодежный курьер Общество

 

Марыя КАМІНСКАЯ разам з работнікамі і выхаванцамі цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.

Прафсаюзы Беларусі традыцыйна перад пачаткам новага навучальнага года актыўна ўключыліся ў штогадовую акцыю “Збяром партфель у школу”. Далучыліся да яе і нашы прафсаюзныя лідары.

Вось такі шыкоўны партфель атрымала Маша ГАЛОЎЧЫЦ ад пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ДРБУ № 167, дзе працуе яе бацька.

Зусім мала часу застаецца да 1 верасня. Для бацькоў, чые дзеці ідуць у школу, самае галоўнае – купіць усё неабходнае для вучобы. Пакуль яны падлічваюць бюджэт, прафсаюзы ўжо набылі неабходныя канцтавары і спяшаюцца аказаць дапамогу розным катэгорыям сем’яў: шматдзетным, няпоўным, тым, дзе выхоўваюцца дзеці-інваліды, асаблівая ўвага надаецца сем’ям катэгорыі сацыяльна-небяспечнага стану.

На мінулым тыдні старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Вераніка Загорская і старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Марыя Камінская ўручылі партфелі выхаванцам цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, якія пойдуць у першы клас, а таксама сумесна са старшынёй раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Вікенціем Адамовічам зрабілі такі ж падарунак будучым першакласнікам са шматдзетных сем’яў.’

Вераніка ЗАГОРСКАЯ, сям’я ПУПКО з Івянца і Вікенцій АДАМОВІЧ.

 Як адзначыла Вераніка Загорская, клопат пра дзяцей быў і застаецца ў цэнтры ўвагі прафсаюзнага руху краіны. “Пярвічныя прафсаюзныя арганізацыі раёна актыўна прымаюць удзел у акцыі “Збяром партфель у школу”, – расказала прафсаюзны лідар Валожыншчыны. – На працягу жніўня мы ўручаем падарункі да школы рабятам са шматдзетных сем’яў, першакласнікам і дзецям, што трапілі ў складаную жыццёвую сітуацыю. У прыватнасці, ужо аказана дапамога 257 сем’ям, у якіх выхоўваюцца 1074 дзіцяці, на агульную суму больш за 12 тысяч рублёў. Акрамя грашовых выплат, дзеці атрымліваюць школьныя прылады: партфелі, сшыткі, ручкі, вокладкі, альбомы, каляровую паперу і кардон, фарбы і іншыя канцтавары. Таксама ў кожным працоўным калектыве раёна ў адпаведнасці з калектыўнымі дагаворамі аказваецца матэрыяльная і іншая дапамога сем’ям школьнікаў”.

Наш кар.