“Жыццё – быццам човен сярод мора: то ўздыме ў радасць, то кіне ў гора, то смехам частуе, то хвалямі слёз…”

Люди и судьбы

Алена Ігнацьеўна БАРАХОЎСКАЯ:

У перадапошні жнівеньскі дзень Алена Ігнацьеўна БАРАХОЎСКАЯ з Валожына адзначыла прыгожую юбілейную дату. Больш за тры дзясяткі гадоў яна адпрацавала ў бібліятэчнай сістэме раёна. Работу сваю не проста любіла – ёй жыла. Як сама зазначае, кожны дзень ішла, як на свята, з радасцю і магла працаваць, калі б гэта было патрэбна, 24 гадзіны ў суткі. Пацвярджэннем такой самаадданасці сталі 18 грамат рознага ўзроўню, сярод якіх – за значны ўклад у справу ўмацавання дзяржаўна-рэлігійных адносін; ад Беларускага фонду культуры за развіццё нацыянальнай культуры; за работу ў раённай прафсаюзнай арганізацыі і развіццё прафсаюзнага руху; большая частка – за добрасумленную працу ў бібліятэчнай сістэме раёна.

 А. І. Барахоўская нарадзілася ў вёсцы Дайнава Івянецкага сельсавета. Бацька, Ігнат Вацлававіч Янушэвіч, быў удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, узнагароджаны медалём “За перамогу над Германіяй”, ордэнам “Крыж Грунвальда” і медалём “Вольнасць Збыценства”. Ваяваў у гаўбічнай артылерыі, дзе атрымаў тэхнічныя веды, таму пасля дэмабілізацыі працаваў трактарыстам. Маці, Марыя Аляксандраўна, рабіла ў калгасе, а дома яе чакала работа ў “другую” змену: трымалі вялікую гаспадарку, каб пракарміць сям’ю з 7 чалавек. Мама скончыла поўны курс польскай школы “на выдатна”. Вельмі любіла чытаць – кнігі замежных, а потым рускіх і беларускіх класікаў, а таксама энцыклапедычныя выданні. Нам асабліва падабаліся зімнія вечары: седзячы на печы, слухалі яе аповеды. Алена Ігнацьеўна ўзгадвае: калі ў інстытуце праходзілі дзіцячую літаратуру  (а патрэбна было многа прачытаць), то аказалася, што з казкамі Шарля Перо, Братоў Грым, Андарсана і іншымі вядома з дзяцінства, толькі не ведала аўтараў. Менавіта ад матулі яна навучылася бачыць і цаніць прыгажосць. І выраз “Прыгажосць уратуе свет” стаў яе крэдам па жыцці.

Вучыцца давялося ў трох школах: пачатковай Дайноўскай, васьмігадовай Каменскай і сярэдняй Івянецкай. Аб усіх настаўніках – найлепшыя ўспаміны. Гэта былі прафесіяналы, педагогі з вялікай літары: Ірына Лук’янаўна Леванчук, Мацільда Валяр’янаўна Ждановіч, Вера Еўсцігнееўна Пячаткіна і многія-многія іншыя.

Вышэйшую адукацыю атрымала пасля заканчэння Мінскага інстытута культуры па спецыяльнасці “Бібліятэказнаўства і бібліяграфія”. А. І. Барахоўская распавядае: “Я надзвычай моцна люблю сваю прафесію. Прайшла ўсе бібліятэчныя пасады: ад непрэстыжнай – загадчыцы перасоўнага фонду – да дырэктара цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы. Рабіла самааддана, адказна і з вялікім задавальненнем.

Калі ў 1974 годзе прыехала ў Валожынскую раённую бібліятэку, там працавалі толькі 5 чалавек пад кіраўніцтвам Марыі Сцяпанаўны Трыч. Як самай маладой мне даручылі масавую работу. І я апантана ўзялася за справу. Мы праводзілі чытацкія канферэнцыі, дыспуты – як у чытальнай зале, так і ў школах, у вайсковай часці. Часта Марыя Сцяпанаўна па запрашэнні школ пасылала мяне на правядзенне класных гадзін, дзе рабіла агляд кніг і перыядычных выданняў.

Праз дзесяць гадоў перавялі на пасаду намесніка дырэктара цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы па рабоце з дзецьмі, і месца працы перамясцілася ў дзіцячую бібліятэку, дзе адпрацавала 13 гадоў. Гэта быў час крэатыўнай, насычай і вельмі творчай дзейнасці побач з цудоўным, дружным калектывам. Успамінаецца, як наша дзіцячая бібліятэка першая ў раёне прымала ўдзел у рэспубліканскім конкурсе “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры” ў пачатку 2000-х гадоў. Пры бібліятэцы дзейнічаў лялечны гурток, які неаднаразова займаў прызавыя месцы на абласных конкурсах.

Менавіта ў гады маёй працы ўтварыўся клуб “Кругагляд”. Дарэчы, ён дзейнічае і цяпер, чым ганаруся. У рамках клуба з рознай узроставай групай дзяцей праводзіліся пасяджэнні, ранішнікі, тэатралізаваныя ўрокі, інсцэніроўкі, літаратурныя гульні, канферэнцыі, абмеркаванні, прэмьеры кніг і часопісаў. На працягу многіх гадоў выхаванцы клуба “Кругагляд” удзельнічалі ў абласным злёце “Юныя таленты Міншчыны”, дзе з падачы бібліятэкі літаратурныя творы дзяцей чыталі знакамітыя беларускія пісьменнікі Артур Вольскі, Мікола Чарняўскі, Раіса Баравікова. Пробы пяра нашых дзяцей гучалі па раённым, абласным і рэспубліканскім радыё, друкаваліся ў літаратурных зборніках і часопісах. Бывала, што па 40 лістоў набірала на друкаванай машынцы (кампьютараў не было) вершы юных паэтаў. Яшчэ і рэдагавала іх, каб можна было прадставіць знакамітаму абласному журы.

Я бясконца ўдзячна маім калегам у дзіцячай бібліятэцы Наталлі Паўлаўне Лоўчай, Алене Іванаўне Трасцянка, Святлане Аляксееўне Янкоўскай, Марыне Мікалаеўне Хількевіч, Святлане Ірэневушаўне Шабаль – прафесіяналам, аддадзеным любімай справе.

Праўда, там мне прыйшлося займацца яшчэ і рамонтам. Вось, напрыклад, мянялі вокны. Выразалі большыя, работа аб’ёмная. На той час інструментаў сучасных не было: сякера, піла, малаток і цвікі. Акно выразалі, рабочы дзень скончыўся, будаўнік пілу на плечы і за дзверы. А я яго за руку і кажу: “Як закрыю бібліятэку, тут жа дзяржаўная маёмасць: дзверы замкну, а замест акна – дзюрка?” Ці яшчэ прыклад: падлогу ўзарвалі, праводку вырвалі, і работнікі прапалі. Звярнулася ў арганізацыю: кажуць, няма, усе занятыя. Прайшла ў кабінет начальніка, села і сказала: “Аб’яўляю забастоўку і не выйду нават ноччу”. Спецыялісты хутка знайшліся. Многа было нюансаў, але рамонт таго каштаваў: правялі водаправод, каналізацыю, замест печак падключылі да гарадской цепласеткі, і ў дзіцячую бібліятэку прыйшла цывілізацыя.

Але чалавек думае, а Бог распараджаецца. І ў 1999 годзе мяне перавялі на пасаду дырэктара цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы. Праца мне была добра знаёмая: ведала раён, бібліятэкараў (86 чалавек і 52 бібліятэкі) і ўсе напрамкі дзейнасці. Акрамя штодзённай дзейнасці, давялося ізноў уключыцца ў будаўніцтва. Бібліятэкі не ацяпляліся, не рамантаваліся, раённую бібліятэку залівала каналізацыя 5-павярховага дома, у падвале якога яна і знаходзілася. Выпрасілі памяшканне старога ўнівермага. Скажу смела: мяне нішто не палохала. Побач былі 20 аднадумцаў-бібліятэкараў, аддзел культуры пад кіраўніцтвам вельмі творчага, ініцыятыўнага, няўрымслівага, маладога начальніка Сяргея Уладзіміравіча Шаблыкі, якія ва ўсіх справах падтрымлівалі і дапамагалі. Чатыры гады дырэктарства ўспамінаю з асалодай і вялікай павагай да неверагодна дружнага калектыву. Гэта быў час, напоўнены творчасцю, пошукам і дасягненнямі.

Напачатку двухтысячных мяне пераводам назначылі начальнікам аддзела інфармацыі райвыканкама. У абавязкі ўваходзілі стасункі з рэлігійнымі і ветэранскімі арганізацыямі, суполкамі нацыянальных меншасцей, прафсаюзамі, перыядычнымі і інфармацыйнымі выданнямі раёна. У большасці гэта былі людзі, на 100 працэнтаў аддадзеныя справе. А кіраўнікі нацыянальных меншасцей, асабліва Саюза палякаў на Беларусі – Эма  Барадака і Тарэса Келер, наогул, апантаныя сваёй працай. Усе напрамкі дзейнасці падказваў старшыня райвыканкама Іван Станіслававіч Маркевіч. Неацэнную дапамогу ў вырашэнні многіх пытанняў аказвалі Анатолій Мікалаевіч Кулак, Сяргей Сяргеевіч Маляўскі, Ганна Іванаўна Трухоўская – вельмі ўдумлівыя і мудрыя прафесіяналы, якія глыбока ведалі псіхалогію чалавека”.

…А. І. Барахоўская і зараз вядзе актыўны лад жыцця: з’яўляецца старшынёй клуба “Лэдзі”, створанага пры дзённым аддзяленні для пажылых людзей. І гэта невыпадкова. Бо па жыцці яна была і застаецца сапраўднай лэдзі: велічнай, грацыёзнай, далікатнай, паважнай, прыгожай і абаяльнай, нягледзячы на ўзрост. З юбілеем Вас, шаноўныя Алена Ігнацьеўна! Няхай гады і надалей будуць няўладныя над Вамі! Здароўя моцнага, простага чалавечага шчасця, Божай ласкі і апекі ва ўсім.

Алена ЗАЛЕСКАЯ