НА РАДЗІМУ МАСТАКА ЗА НАТХНЕННЕМ

Люди и судьбы

75 гадоў мінула з той пары, як не стала Фердынанда Рушчыца, мастака, прафесара жывапісу, грамадскага дзеяча. Аднак яго знакамітае імя па-ранейшаму праслаўляе Валожыншчыну далёка за яе межамі. Мастак верыў сам і хацеў заставіць паверыць іншых, што гэты край – не Богам забытая правінцыя, а мясціны са сваёй красой і эстэтычным густам.

Пленэр “Неба і зямля Фердынанда Рушчыца”, прысвечаны нашаму земляку-жывапісцу, адбыўся на яго радзіме ў Багданаве і Вішневе. Ідэю зноў сабраць тут ужо вядомых і пачынаючых мастакоў выказала старшыня раённага грамадскага аб’яднання “Польска Мацеж Школьна” А. А. Макарэвіч, а непасрэднымі арганізатарамі сталі намеснік дырэктара Валожынскай ДМШ В. М. Андрыеўская і дырэктар Вішнеўскай ДМШ В. П. Барадака.

У пленэры прынялі ўдзел сем мастакоў з Беларускай акадэміі выяўленчага мастацтва, сярод якіх і валожынец, цяперашні студэнт акадэміі Уладзімір Сайко. Менавіта наведваннем выставы яго работ у раённым цэнтры культуры і распачалося мерапрыемства. Каб ушанаваць памяць Ф. Рушчыца, мастакі наведалі магілу ў Багданаве.

Прыгожым караваем сустрэла гасцей на парозе Багданаўскага сельскага дома культуры кіраўнік краязнаўчага гуртка мясцовай школы Т. В. Сабалеўская. Урачыста адкрыў пленэр начальнік аддзела культуры райвыканкама В. М. Адамовіч. Гурткоўцы Ірына Жабко, Наталля Аляшкевіч, Вераніка Грыб, Таццяна Давідовіч і Андрэй Амялаўскі падрыхтавалі прэзентацыю пра жыццё і творчасць Ф. Рушчыца. На свята былі запрошаны работнікі аддзела культуры райвыканкама, раённага краязнаўчага музея, выкладчыкі і выхаванцы школ мастацтваў раёна. Шмат гаварылася ў той дзень пра наш прыгожы край, пра яго славутых людзей, пра накірункі развіцця мастацтва ў Беларусі.

Вядома ж, мастакі прыехалі на радзіму Рушчыца за натхненнем, за новымі тэмамі і ідэямі. Кожны з іх спрабаваў знайсці свой ракурс. Адны засталіся ў Багданаве і менавіта тут адшукалі той непаўторны пейзаж, зафіксавалі цудоўныя моманты жыцця такога прыгожага куточка. Іншыя пераехалі на пленэр у Вішнева. У іх поле зроку трапілі не толькі дзіўныя краявіды гэтых мясцін, але і мясцовая царква і касцёл. Створаныя на працягу дзвюх гадзін работы знойдуць сваё пастаяннае месца ў музеі, які плануецца адкрыць у доме, дзе калісьці жыў мастак. А пакуль яны будуць захоўвацца ў Вішнеўскай ДМШ.

Святлана СУХАДОЛЕЦ.

Фота Вольгі БАРАДАКІ.

 



Добавить комментарий