Дзень ведаў праходзіць у Беларусі

Общество Официально

Дзень ведаў праходзіць сёння ў Беларусі, паведамляе БЕЛТА.

Сістэма адукацыі да пачатку навучальнага года гатова. У краіне будуць дзейнічаць 2940 дзяржаўных устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Да 1 верасня ўводзяцца 7 новых школ на 6095 месцаў (па адной школе ў Баранавічах, Гомелі, Бабруйску, Стоўбцах, Калодзішчах і дзве ў Мінску). Школы аснашчаны неабходным абсталяваннем, метадычнымі рэкамендацыямі, падручнікамі.

Заняткі пачнуць амаль 1 млн 85 тыс. навучэнцаў, з іх 118 тыс. першакласнікаў.

Першы ўрок, які пройдзе 1 верасня ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі, будзе на тэму «У адзінстве беларускага народа — аснова незалежнай краіны», прысвечаную Году народнага адзінства. Педагогі падрыхтавалі для навучэнцаў маршруты экскурсій і віртуальных падарожжаў, арганізавалі выстаўкі, часовыя экспазіцыі, прысвечаныя тэматыцы першага ўрока.

У 2021 годзе запланавана выдаць 41 новы вучэбны дапаможнік, з іх 14 новых для 11-х класаў. Дарэчы, 11-ы клас поўнасцю завяршае пераход на новую праграму навучання. І ў гэтым годзе 11-класнікі будуць займацца па абноўленай праграме і абноўленых падручніках.

У гэтым навучальным годзе будуць працаваць 50 ВНУ (42 дзяржаўныя і 8 прыватных), 193 установы сярэдняй спецыяльнай адукацыі, 176 устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Прымуць дзяцей 2936 устаноў дашкольнай адукацыі, у якіх будуць атрымліваць дашкольную і спецыяльную адукацыю больш за 425 тыс. выхаванцаў, а таксама 237 устаноў спецыяльнай адукацыі, у якіх будуць 14 863 навучэнцы.

Таксама ў гэтым годзе плануецца ўвесці ў эксплуатацыю 12 устаноў дашкольнай адукацыі на 2229 месцаў.

У сістэму адукацыі прыйдуць амаль 6 тыс. маладых спецыялістаў.

На рамонтныя работы ва ўстановах адукацыі ў 2021-2022 навучальным годзе плануецца накіраваць Br140 млн.