Рыжанкоў даў наказ калектыву, вучням і іх бацькам разам ствараць гісторыю новай СШ нумар 225 Мінска

Важное Общество Официально

Настаўнікам, вучням, іх бацькам трэба будзе разам ствараць гісторыю новай школы, заявіў сёння першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім Рыжанкоў на ўрачыстай лінейцы ў школе-новабудоўлі Першамайскага раёна Мінска, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

«Жыццё чалавека шмат у чым вызначаюць школьныя гады. Дарагія настаўнікі, любімыя прадметы, верныя сябры, якіх мы набываем у школе. І мы неаднаразова на працягу жыцця звяртаемся да гэтых гадоў, успамінаў з асаблівым цяплом і дабрынёй, знаходзячы падтрымку ў іх», — адзначыў Максім Рыжанкоў.

Ён павіншаваў увесь калектыў новай школы, пажадаўшы настаўнікам цярпення і вытрымкі, павітаў вучняў, бацькоў. І асабліва першакласнікаў, якіх іх першы настаўнік хутка возьме за руку і павядзе ў доўгае падарожжа насустрач ведам. А для гэтага ў школе створана ўсё, што трэба. Больш таго, побач ёсць дзіцячы тэхнапарк, БНТУ, супрацоўніцтва з якім — яшчэ адзін бонус. Гэта залог якаснай адукацыі.

«Усім вам хачу сказаць добрыя словы наказу ў вашай першай школе. Яна для ўсіх вас першая — і для настаўнікаў, і для вучняў, і для бацькоў. Вам разам ствараць гісторыю гэтай школы, ствараць яе традыцыі. І ад таго, якую гісторыю вы створыце, залежыць, наколькі светлым і ўтульным будзе гэты храм ведаў», — сказаў Максім Рыжанкоў.

Сярэдняя школа нумар 225, якая разлічана на 750 навучэнцаў, пабудавана ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку па Універсітэцкім праездзе, 5. Будынак у мікрараёне «Магістр» узвялі хутка і ў тэрмін. У ім сабрана ўсё, што патрэбна для сучаснай школы: зручныя класы, чатыры кабінеты інфарматыкі, тры лінгафонныя, поўнасцю ўкамплектаваны медыцынскі пункт (кабінеты ўрача-педыятра і працэдурны, фельчар запрошаны з 19-й дзіцячай паліклінікі), харчаблок з вітамінным барам і сталовай на 264 пасадачныя месцы, гардэроб на кожны клас, дзве спартыўныя залы, трэнажорная, харэаграфічная, на вуліцы — пляцоўкі для футбола, валейбола, заняткаў лёгкай атлетыкай, трэнажоры для варкаўта. І невялікі гарадок для вывучэння малышамі правіл дарожнага руху. Поўнасцю забяспечана безбар’ернае асяроддзе (пандусы, ліфт).

У гэтым навучальным годзе за новенькія парты ўстановы селі 410 дзяцей, у тым ліку 106 першакласнікаў. «Укамплектаваны 18 класаў, у асноўным гэта дзеці з нашага мікрараёна. Ажыятаж быў толькі ў першы клас, таму туды набіралі пераважна па прапісцы», — растлумачыла дырэктар установы Таццяна Качан.

Калектыў педагогаў укамплектаваны амаль поўнасцю, прычым у старшай школе настаўнікі ў большасці сваёй вышэйшай і першай кваліфікацыйнай катэгорый. Вельмі вопытны дэфектолаг. У пачатковай школе, наадварот, большасць педагогаў — маладыя спецыялісты, якім трэба будзе расці і набірацца вопыту з дапамогай старэйшых настаўнікаў.

Адметнасцю школы стане ўласны зімовы сад. Яго стваралі сумеснымі намаганнямі з Батанічным садам і парнікова-цяплічным камбінатам.

А яшчэ ёсць папярэдняя дамоўленасць з БНТУ аб занятках па робататэхніцы са школьнікамі. Плануецца супрацоўніцтва і з іншымі ВНУ.