ДЗЕНЬ ПЕРШЫ – ДЗЕНЬ УРАЧЫСТЫ

Важное Общество

Як заўсёды на высокім арганізацыйным узроўні прайшло 1 верасня ў СШ № 2 г. Валожына, дзе за парты селі 382 школьнікі. Нават пахмурнае надвор’е і невялікі, але досыць непрыемны дождж не здолелі сапсаваць настрой дружнаму калектыву ў складзе якога  вучні, іх бацькі, настаўнікі і тэхнічны персанал школы.

На ўрачыстаць у спартыўную залу, дзе і прагучаў першы званок у выкананні першакласніцы Ганны Адашкевіч і адзінаццацікласніка Аляксандра Далінкевіча,  запрасілі навучэнцаў 5-х, 10-х і 11-х класаў, якія шчырымі апладысментамі віталі новае папаўненне. У астатніх класах у гэты час прайшлі выхаваўчыя мерапрыемствы. Пасля таго, як на лінейцы прагучалі віншаванні ад кіраўніка спраў райвыканкама Наталіі Жукоўскай, дырэктара школы Аляксандра Уланчыка і прадстаўніка бацькоўскай грамадскасці Алены Далбаносавай адбылося ўручэнне ўзнагарод. Падзяку старшыні райвыканкама з рук прадстаўніка мясцовай улады Н. І. Жукоўскай за ўдзел ва ўборчнай кампаніі-2021 атрымаў настаўнік фізічнай культуры Сяргей Шаўлюк. За дасягненні ў вучобе, спорце і творчасці дыпломы і граматы выхаванцам-пераможцам уручыў А. М. Уланчык. З вітальным словам да самых юных вучняў школы звярнуліся будучыя выпускнікі, а са словам у адказ выступілі самі першакласнікі.

 

 

Да падрыхтоўкі першага ў бягучым годзе ўрока з гучнай тэмай “У адзінстве беларускага народа – аснова незалежнай краіны” і настаўнікі, і вучні падышлі творча. У цёплай атмасферы светлых і ўтульных класаў яны высвятлялі сутнасць слова “адзінства”. Разам узгадвалі старонкі гісторыі Беларусі, калі менавіта гатоўнасць адзіным фронтам даць адпор ворагу спрыяла пазбаўленню ад ворагаў і росквіту нашай зямлі.

Валожынская раённая арганізацыя Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” кожны год уручае падарункі першакласнікам адной з вясковых школ. Вось такія прыгожыя ранцы атрымалі маленькія школьнікі Багданаўскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад-сярэдняя школа.
1 верасня ў Ракаўскай школе.
Першы клас Вішнеўскай школы.
Урачыста сустрэлі Дзень ведаў у Івянецкай школе-інтэрнат.
Першы ўрок у Івянецкай сярэдняй школе вядзе афіцэр.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара