“Толькі ў трыядзе “НАСТАЎНІК – ВУЧАНЬ – СЯМ’Я” можна разлічваць на поспех”

Общество

 

Таццяна КРЫКАЛА, начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама:

Якасць адукацыйнага працэсу на ўсіх узроўнях складаецца са многага. Але першачарговая роля належыць педагогу, яго прафесіяналізму, уменню наладзіць зносіны з вучнямі і бацькамі, грамадзянскай пазіцыі, маральным прынцыпам, карпаратыўнай этыцы.

У новым навучальным годзе дзейнасць устаноў адукацыі будуць забяспечваць 1134 работнікі, з іх 70 – педагогаў. У школу пайшлі 3507 вучняў, з іх 369 – першакласнікаў. Дзіцячыя сады прынялі 1200 малышоў.

Сёлета ў сістэму адукацыі раёна прыбылі 37 маладых спецыялістаў, з іх 11 навучаліся па мэтавым накіраванні, 16 – ураджэнцы раёна. Прыступілі да работы 4 кіраўнікі ўстаноў дашкольнай, сярэдняй агульнай адукацыі, вучэбна-метадычнага кабінета.

Для якаснай арганізацыі ваенна-патрыятычнага выхавання, дапрызыўнай падрыхтоўкі, экскурсійна-турыстычнай дзейнасці, забеспячэння бяспекі дзяцей з верасня гэтага года ў школах уводзіцца новая пасада “кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні”. У 6-7 класах будуць арганізаваны факультатыўныя заняткі “Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму”, для вучняў 9-11 класаў будзе рэалізоўвацца пілотны праект па арганізацыі экскурсій.

Працягнецца работа па арганізацыі класаў прафесійнай накіраванасці. Так, групы педагагічнай накіраванасці будуць працаваць у СШ № 1 г. Валожына, Ракаўскай і Івянецкай адзінаццацігодках, Пугачоўскім вучэбна-педагагічным комплексе дзіцячы сад-сярэдняя школа, аграрныя класы – у Ракаўскай СШ, Багданаўскім, Гародзькаўскім, Пяршайскім ВПК.

Для вучняў 9-11 класаў будзе арганізавана прафесійная падрыхтоўка ў рамках вучэбнага прадмета “Працоўнае навучанне”, заняткі таксама арганізаваны і на базе Валожынскага сельскагаспадарчага ліцэя. У вучэбных і слясарных майстэрнях ліцэя рабяты асвойваюць першыя азы ў прафесіях, запатрабаваных у нашым раёне.

Вынікам прафарыентацыйнай работы стала паступленне на навучанне па дагаворах аб мэтавай падрыхтоўцы на педагагічныя спецыяльнасці 13 выпускнікоў. 25 працэнтаў выпускнікоў педагагічных класаў працягнуць навучанне ў педагагічным універсітэце.

Педагагічнымі калектывамі забяспечана падрыхтоўка ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года, праведзены рамонты, мерапрыемствы па пажарнай бяспецы, праверка і набыццё халадзільнага і тэхналагічнага абсталявання харчаблокаў. Абнаўляецца матэрыяльна-тэхнічная база, добраўпарадкаваны тэрыторыі, створаны і забяспечваюцца бяспечныя ўмовы знаходжання вучняў. Працягваецца аснашчэнне школ сучасным вучэбным абсталяваннем. Летась за кошт сродкаў абласнога і раённага бюджэтаў набыты 4 камп’ютарныя класы, сёлета плануецца паступленне 2 камп’ютарных класаў.

Аб’ектыўным паказчыкам якасці адукацыі з’яўляецца выніковая атэстацыя вучняў.

15 выпускнікоў 2021 года ўзнагароджаны залатымі і сярэбранымі медалямі, пасведчанне аб агульнай базавай адукацыі з адзнакай атрымаў 21 выпускнік.

Аналіз паказаў зніжэнне колькасці выпускнікоў 9 і 11 класаў, якія здалі выпускныя экзамены на высокім і дастатковым узроўнях, выключэнне – беларуская мова 11 клас. Палепшылі свае вынікі выпускнікі гімназіі № 1 г. Валожына і выпускнікі профільных класаў.

Усяго за прайшоўшы навучальны год вучнямі школ раёна атрыманы 50 дыпломаў абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў.

Заслугоўваюць увагі вопыт гімназіі, сярэдняй школы № 1 райцэнтра, Ракаўскай адзінаццацігодкі, Гародзькаўскага, Дорскага, Пяршайскага ВПК, цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.

Дасягненні паказваюць – патэнцыял ёсць. У новым навучальным годзе кіраўнікам устаноў адукацыі і педагагічным калектывам неабходна пераасэнсаваць сістэму выяўлення, падтрымкі і падрыхтоўкі высокаматываваных і адораных вучняў, забяспечыць якаснае правядзенне кожнага ўрока, аб’яднаць усіх педагогаў, падключыць бацькоў. Толькі ўсе разам, у трыядзе “НАСТАЎНІК – ВУЧАНЬ – СЯМ’Я” можна разлічваць на поспех.