Век жыві, век вучыся

Культура Общество

На мінулым тыдні ў Смалявічах прайшло пашыранае пасяджэнне прэзідыума савета Мінскай абласной арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў. У ім прыняла ўдзел старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Таццяна Ціганіна.

Як адзначыла Таццяна Фёдараўна, ветэранскі актыў Міншчыны разгледзеў вельмі актуальныя і злабадзённыя пытанні: роля і месца пярвічнай ветэранскай арганізацыі ў грамадскім жыцці прадпрыемства (установы); маніторынг дзейнасці суб’ектаў раёнаў па грамадзянска-патрыятычным і духоўна-маральным выхаванні насельніцтва.

Цікава была прадстаўлена прэзентацыя работы Смалявіцкай ветэранскай арганізацыі аб тым, як ветэраны раёна перадаюць свой жыццёвы вопыт, прыроджаны дар любові да працы і роднай Бацькаўшчыны маладому пакаленню. У выглядзе валанцёрскага руху яны прымаюць удзел у сельскагаспадарчых работах, дапамагаюць хворым, састарэлым людзям, актыўна ўключаюцца ва ўсе мерапрыемствы.

Незабыўнае ўражанне пакінуў Красназнаменскі сельскі клуб, які больш за чатырнаццаць гадоў узначальвае Юрый Сапёраў. Дагэтуль ён шмат гадоў адпрацаваў участковым інспектарам. І калі адслужыў вызначаны тэрмін, выбраў новую прафесію – сюды прыйшоў па закліку душы і сэрца. У фае клуба ён аформіў унікальны стэнд – “Стары альбом”, дзе сабраны фотаздымкі розных гадоў жыхароў пасёлка. Тут і моманты школьнага жыцця, і партрэты ветэранаў прадпрыемства, і з сямейных свят, і з юбілейных урачыстасцей. І калі ў клубе збіраюцца на якое-небудзь мерапрыемства, то ля стэнда заўсёды шматлюдна: успамінаюць, абмяркоўваюць, дзеляцца ўражаннямі. А артыстычныя здольнасці Ю. Сапёрава і сустрэчы, якія ён праводзіць, выхоўваюць патрыятызм і грамадзянскасць, павагу да роднага краю, гонар за землякоў.

Карыстаючыся магчымасцю, ветэранскі лідар нашага раёна запрашае ўсіх зацікаўленых асоб абавязкова пазнаёміцца з вопытам работы гэтага сельскага клуба, каб на прыкладзе нашых суседзяў расказваць пра людзей Валожыншчыны, якія заслугоўваюць і ўвагі, і пашаны.

Таксама ў рамках пасяджэння ўдзельнікі наведалі інтэрактыўную выставу-экспазіцыю “Мы жывыя, пакуль нас памятаюць”, прысвечаную ўдзельнікам Вялікай Айчыннай вайны – жыхарам пасёлка Чарніцкі, усклалі кветкі да помніка Героя Савецкага Саюза Віктара Тумара.

Па словах Таццяны Ціганінай, адклалася ў душы цеплыня сустрэчы. Яшчэ раз пацвердзілася, што людзі – галоўнае багацце. Мяняюцца часы, узнімаюцца новыя будоўлі, ствараюцца матэрыяльныя і духоўныя даброты, з’яўляюцца навуковыя адкрыцці. І за ўсім гэтым – людзі, якія твораць, будуюць, вучаць, лечаць, працуюць на зямлі. Усё трымаецца на чалавеку, на людзях, якія пакідаюць добры след у сваіх справах, учынках, творчасці, працы.

Наш кар.