Рэгіянальныя навіны ад Наталлі ШТЭЙНЕР

Региональные новости

Тэл.: 67079, Velcom 3933728 nshtejner@mail.ru

Напярэдадні новага навучальнага года ў Валожынскай дзіцячай школе мастацтваў з’явіўся новы клавішны музычны інструмент.

Фартэпіяна “Беларусь” закуплена і дастаўлена за кошт абласнога бюджэту. Новы інструмент будзе адразу задзейнічаны ў вучэбным працэсе.

Напрыканцы жніўня Валожынскі краязнаўчы музей наведала група маладых афіцэраў Рэспублікі Беларусь.

Больш за 50 маладых лейтэнантаў праходзілі ў нашым горадзе ваенныя зборы, і камандаванне вырашыла пазнаёміць іх з месцам дыслакацыі. Для гасцей была арганізавана экскурсія па Валожыне, знаёмства з музейнай экспазіцыяй з відэапрэзентацыяй гісторыка-культурнай спадчыны Валожыншчыны. Наведвальнікі задавалі шмат пытанняў, бачна было, што наш край іх зацікавіў.

У Доме польскім у Івянцы адкрылася новае кафэ пад гучнай назвай “Hollywood”. Гэта трэцяе па ліку месца грамадскага харчавання ў пасёлку, плюс там ёсць яшчэ кафэ “У францішканаў”. А былі часы, калі ў Івянцы не было дзе пахарчавацца камандзіраваным і прыезджым людзям. Добра, што ўсё мяняецца ў лепшы бок.

Прыватны прадпрымальнік, новы гаспадар памяшкання, дзе да гэтага часу быў гульнявы клуб, зрабіў там рамонт. Кафэ аформлена адпаведна з назвай, у маладзёжным стылі. Аснашчана сістэмай відэаназірання. Наведвальнікам там прапануюць шаурму, піцу, нагетсы, сушы і іншыя стравы.

Лета стала надзвычай плённым для бібліятэкара ліцэя, члена народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” Людмілы Садоўскай.

Аўтар атрымала ў падарунак прыгожую кнігу – альманах, выдадзены па выніках міжнароднага фестывалю “Сімфонія паэзіі без межаў-2020”. З 380 чалавек, якія прынялі ўдзел у гэтым творчым спаборніцтве, названы толькі 83 паэты, чые вершы адабраны для альманаха. У тым ліку і наша зямлячка. Фестываль дае магчымасць усім пазнаёміцца з паэзіяй, а кампазітарам – стварэння новых песенных шэдэўраў. Ёсць свае песні і ў Людмілы. У жніўні Л. Садоўская стала лаўрэатам першай міжнароднай паэтычнай прэміі “Садружнасць”. Яе вершы будуць надрукаваны ў конкурсным нумары міжнароднага літаратурнага альманаха “Славянская ліра”. У апошні дзень жніўня прыйшоў Дыплом намінанта прэміі “Чалавек слова”, куды паэтка адпраўляла 5 вершаў пра каханне. Трапіць у лік намінантаў – ужо ўзнагарода, але будзем чакаць канчатковых вынікаў.

10 прадстаўніц клубаў “Лэдзі” і “Залатая восень” аддзялення дзённага знаходжання для людзей пажылога ўзросту тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ў канцы жніўня наведалі Мінск.

Першым прыпынкам стаў Лошыцкі парк, дзе іх сустрэў прадстаўнік Цэнтра экалагічнай адукацыі і шмат расказаў пра яго дзейнасць, экасістэму парка. Пабывалі ў “Горадзе птушак” з разнастайнымі насельнікамі, на экасцяжыне. Экскурсанты ўбачылі месца, некранутае цывілізацыяй, – балота, дзе можна здымаць стужкі пра дыназаўраў. Цяжка паверыць, што такое можа быць у наш час ды яшчэ і ў вялікім горадзе, у цэнтры Еўропы. Потым група паехала ў Планетарый, які знаходзіцца ў парку імя Горкага. Там паглядзелі паўнакупальнае сферычнае кіно, якое стварае эфект прысутнасці, – фільм “Каляровы сусвет”. Наогул, уражанні ў той дзень зашкальвалі.

Аддзяленне дзюдо – бадай што самае маладое ў ДЮСШ Валожынскага раёна. Аднак можа пахваліцца пэўнымі дасягненнямі.

Сёлета вучань 8 “Б” класа гімназіі № 1 г. Валожына, двухразовы чэмпіён Мінскай вобласці Антон Рудовіч залічаны на аддзяленне дзюдо ў Мінскую дзяржаўную абласную сярэднюю школу – вучылішча алімпійскага рэзерву. Гэта садзейнічае росту папулярнасці ў навучальнай установе і ў горадзе дадзенага віду спорту. У гэтыя дні як раз ідзе набор у секцыі, а таксама хлопчыкаў і дзяўчынак 5-6 і 7-8 гадоў у платныя групы.

З 26 па 28 жніўня ў Дзяржынску прайшло першынство Мінскай вобласці па настольным тэнісе сярод юнакоў і дзяўчат 2007 года нараджэння і маладзейшых і 2009 года нараджэння і маладзейшых.

Каманда нашага раёна выступіла вельмі ўдачна, юныя спартсмены заваявалі прызавыя месцы. Аляксей Самец заняў першае месца ў парным разрадзе. Мікалай Шчаголаў стаў двойчы бронзавым прызёрам – у камандным заліку, у асабістым і другім у парным разрадзе. Такі ж вынік паўтарыла і Надзея Гедроіць. Ніна Маліноўская паказала другі вынік у камандным і парным заліках. Яна Сівая была трэцяй у камандным і парным заліках, Анастасія Іванчык і Вераніка Скадорва паказалі адпаведна другі і трэці вынікі ў парным разрадзе. Цімафей Буйніцкі стаў трэцім у камандным заліку. Поспех падзялілі са сваімі выхаванцамі трэнеры Дзмітрый Ажарэльеў і Дзмітрый Пазнякоў. Няхай новы вучэбны год прынясе аматарам спорту новыя поспехі і перамогі!