Общество

Колькі гадоў чалавецтву, столькі ж гадоў і цаццы. Нечым жа першабытныя мамы займалі сваіх карапузаў? Незвычайнай формы дзеравякі, мудрагелістыя каменьчыкі – напэўна, гэта і былі першыя цацкі?

Лялька – самая старажытная цацка ў свеце. Вядома, што першыя егіпецкія лялькі мелі сапраўдныя валасы, рухомыя рукі і ногі, адзенне і галаўныя ўборы жрацоў. Любімай цацкай у грэчаскіх дзетак быў траянскі конь, у сярэдзіне якога знаходзіліся фігуркі салдатаў.

У сучасных магазінах можна знайсці ляльку на любы густ: фарфоравую, пластмасавую прыгажуню з пухлымі румянымі шчочкамі ў крэналінавай сукенцы альбо вытанчаную даўганогую модніцу ў міні. Сярод разнастайнасці дзіцячых забавак лёгка разгубіцца…

Аднак можна вярнуцца да сваіх каранёў і змайстраваць ляльку самому, як, напрыклад, гэта робяць у Цэнтры развіцця дзіцяці “Расінка” горада Валожына. У групе педагога Алены Эдвардаўны Грыбоўскай самаробных драўляных цацак не пералічыць. Муж выхавальніцы дапамагае выразаць драўляныя нарыхтоўкі, сама Алена Эдвардаўна шые для іх убранне. Некалькі штрышкоў пэндзалем – і беларуская маладзіца ў святочным адзенні весела пазірае на вас вялікімі блакітнымі вачыма. У гульнях з такімі цацкамі дашкольнікі спасцігаюць мастацтва рукадзелля і вывучаюць гісторыю нацыянальных строяў.

Тэкст і фота Алены ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий